ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),
1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.
2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.
3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.
4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат.значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІТЫВІ́ЗМ,
філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
ступень напружанасці працы; колькасць працы, затрачанай работнікам у працэсе вытв-сці за адзінку часу. Эканам.значэнне І.п. выяўляецца ў яе ўплыве на аб’ём і кошт прадукцыі. У выніку росту І.п. павялічваецца колькасць вырабаў, а кошт кожнага з іх не мяняецца, што садзейнічае зніжэнню выдаткаў вытв-сці і росту прыбытку прадпрыемства. Адрозніваюць нармальна неабходную І.п., калі адпачынак пасля працы цалкам аднаўляе працаздольнасць чалавека, і празмерную, пры якой зніжаецца працаздольнасць. Нармальна неабходная І.п. ўлічваецца пры ўстанаўленні працоўных норм і з’яўляецца фактарам росту прадукцыйнасці працы. І.п. павялічваецца пры ажыццяўленні комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, камп’ютэрызацыі, арг-цыі канвеернай вытв-сці, павышэнні хуткасці работы машын і павелічэнні колькасці абсталявання. Навук.-тэхн. прагрэс вядзе да зніжэння затрат фіз. (мускульных) сіл чалавека і павелічэння затрат разумовай працы. Дасягненне нармальна неабходнай І.п. можа быць забяспечана тэхн. абгрунтаваным нарміраваннем працы, укараненнем навук. арг-цыі працы, умацаваннем прац. дысцыпліны і ўзмацненнем матывацыі працы. У галінах з павышанай І.п. ўводзіцца скарочаны рабочы дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭРЦЫТЫ́МЕТР (ад лац. coërcitio утрыманне + ...метр),
прылада для вымярэння каэрцытыўнай сілы ферамагн. матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры магнітаструктурным аналізе вырабаў з ферамагн. матэрыялаў, магн. кантролі электра- і радыёапаратуры і інш.
Найб. пашыраны К., у якіх каэрцытыўная сіла вызначаецца па намагнічанасці ўзору. Даследуемы ўзор намагнічваецца да насычэння, напр. у намагнічвальнай шпулі прылады, потым праз шпулю прапускаюць пастаянны ток, магн. поле якога размагнічвае ўзор. Момант змяншэння намагнічанасці да нуля вызначаецца з дапамогай індыкатара (нулявой прылады). Пры вымярэннях па магн. індукцыі даследаваны ўзор робяць часткай замкнёнага магн. ланцуга пермеаметра, электрамагніта ці інш.Значэнне каэрцытыўнай сілы адпавядае напружанасці размагнічвальнага поля, пры якой магн. індукцыя ва ўзоры роўная нулю.
Блок-схемы каэрцытыметраў: а — з вымяральным генератарам (1 — намагнічвальная шпуля; 2 — узор; 3 — шпуля вымяральнага генератара; 4 — гальванометр, далучаны да калектара 5; 6 — вал электрарухавіка 7; 8 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору); б — феразондавага (1, 2 — адчувальныя элементы; 9 — нулявая прылада; 4 — узор; 5 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору, 6 — намагнічвальная шпуля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНША́СА (Kinshasa),
горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім.вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац.ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.
Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХГОФА ПРА́ВІЛЫ,
суадносіны паміж токамі і напружаннямі ў разгалінаваных эл. ланцугах пастаяннага ці квазістацыянарнага току. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1847. Вынікаюць з зараду захавання закону і энергіі захавання закону для эл. ланцугоў. Дазваляюць разлічваць складаныя эл. ланцугі, напр., вызначыць сілу току і напружанне на любым участку ланцуга па зададзеных супраціўленнях участкаў і ўключаных у іх эрс.
1-е К.п.: алг. сума токаў, якія збягаюцца ў пункце разгалінавання праваднікоў (вузле), роўная нулю. Токі, якія ўваходзяць у вузел, лічацца дадатнымі, якія выходзяць — адмоўнымі.
2-е К.п.: у любым замкнутым контуры, вылучаным у складаным эл. ланцугу, алг. сума падзенняў напружанняў на асобных участках контуру роўная алг. суме эрс, уключаных у контур. Пры разліках напрамкі току 1 эрс лічацца дадатнымі, калі напрамак току супадае з напрамкам абходу контуру, а эрс павялічвае патэнцыял у напрамку абходу. Пры складанні ўраўненняў напрамкі току можна задаваць адвольна і, калі пры іх рашэнні для якога-н. току атрымана адмоўнае значэнне, гэта азначае, што яго напрамак процілеглы выбранаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА АДНО́СІН,
раздзел логікі, які вывучае ўласцівасці выказванняў пра адносіны паміж аб’ектамі рознай прыроды. Элементарныя выказванні пра адносіны — выказванні віду akb, што значыць «аб’ект a знаходзіцца ў адносінах k да аб’екта b» (напр., «a брат b», «a цяжэй, чым b»). Адпаведна колькасці аб’ектаў, звязаных пэўнымі адносінамі, адрозніваюць двухмесныя (бінарныя), трохмесныя (тэрнарныя) і ўвогуле n-месныя (n-арныя) адносіны. Асабліва важнае значэнне маюць бінарныя адносіны пры дапамозе якіх вызначаюць такія важныя паняцці логікі і матэматыкі, як «функцыя», «аперацыя». Уводзячы для бінарных адносін аперацыі аб’яднання (сумы), перасячэння (здабытку) і дапаўнення, атрымліваюць «алгебру адносін»; ролю адзінкі ў ёй выконваюць адносіны эквівалентнасці (роўнасці, тоеснасці). Уласцівасці адносін эквівалентнасці — рэфлексіўнасць (для ўсякага x правільна, што xkx, г. зн. кожны аб’ект заходзіцца ў дадзеных адносінах да самога сябе); сіметрычнасць (з xky вынікае ykx, транзітыўнасць (з xky і ykz вынікае xkz). У сучаснай матэм. логіцы адносіны выражаюцца праз мнагамесныя прэдыкаты [напр., «Брат (a, b)», «Больш (a, b)»], таму Л.а. распрацоўваецца як частка логікі прэдыкатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.
Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз.актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.
М.А.Караткевіч.
Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.