БРАЗАВІ́ЛЬ
(Brazzaville),
горад, сталіца Конга. Размешчаны на правым беразе р. Конга, насупраць г. Кіншаса (Заір). Вылучаны ў асобную адм. акругу. 760,3 тыс. ж. (1990). Рачны порт. Чыгункай і шашой злучаны з марскім портам Пуэнт-Нуар. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Тэкст., швейная, запалкавая, тытунёвая, харчасмакавая (алейная, піваварная, рыбаперапр.), дрэваапр., папяровая, абутковая, металаапр., хім. прам-сць. Суднарамонт. Саматужныя разьбярства па дрэве, выраб маст. керамікі. Ун-т. Пастэраўскі ін-т. Нац. музей.
Засн. ў 1880 франц. даследчыкам і падарожнікам П.С. дэ Браза на месцы стараж. негрыцянскага паселішча. Паліт. і гандл. значэнне набыў на мяжы 19 і 20 ст. У 1905—10 адм. ц. Франц. Конга, у 1910—58 — Франц. Экватарыяльнай Афрыкі і Сярэдняга Конга. У 2-ю сусв. вайну адзін з асн. апорных пунктаў руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»), які ўзначальваў Ш. дэ Голь. З 1960 сталіца Конга.
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)