ву́зел¹, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго-н. або зацягнута пятля на чым-н.

Завязаць в. або вузлом.

В. на канаце.

Хусцінка на шыі завязана ў в.

Марскі в. (асобы спосаб завязвання тросаў у маракоў).

2. Месца перакрыжавання, стыку чаго-н. і пад. (ліній, магістралей, валокнаў і пад.).

Чыгуначны в.

В. дарог.

Тэлеграфны в.

Нервовы в.

В. супярэчнасцей (перан.).

3. Частка механізма або тэхнічнае ўстройства, якія ўяўляюць сабой складанае злучэнне дэталей, асобных частак (спец.).

Зборка вузлоў.

Санітарныя вузлы ў кватэрах (каналізацыя, водаправод і пад.).

4. Тое, што і клунак.

Звязаць рэчы ў в.

◊

Гордзіеў вузел (кніжн.) — пра заблытаныя абставіны, справы [па імені цара Гордзія, што завязаў вузел, які быў рассечаны Аляксандрам Македонскім].

Рассячы гордзіеў вузел (смела вырашыць цяжкае пытанне).

|| памянш. вузе́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 4 знач.).

|| прым. вузлавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сам, само́га, м. сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. са́мі, самі́х, займ. азнач.

1. Ужыв., каб падкрэсліць, што хто-н. асабіста выконвае дзеянне або адчувае на сабе яго.

С. тата гнаў каня.

Такую навіну трэба паведаміць ёй самой.

2. Ужыв., каб падкрэсліць, што дзеянне выконваецца асобай або прадметам самастойна, без чыёй-н. дапамогі.

Сяляне самі ўправіліся са жнівом.

С. (сама, само, самі) па сабе (адвольна, незалежна ні ад кога). С. (сама, само, самі) сабе (адзін, адна, адно, без нікога).

3. Ужыв. для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета.

С. аграном прыехаў на поле.

4. У спалучэнні з назоўнікамі з якасным знач. падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце.

Прагулкі на лыжах — гэта само здароўе.

◊

Сам не свой — аб стане разгубленасці, роспачы, адчаю, непакою.

Само сабой зразумела — не выклікае ніякага сумнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чэк

(англ. check)

1) дакумент, у якім даецца распараджэнне банку выдаць ці пералічыць прад’яўніку пэўную суму грошай з бягучага рахунку асобы, што падпісала гэты дакумент;

2) квітанцыя касы аб прыёме грошай ад пакупніка за тавар.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),

рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус. дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;

Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;

Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.​Н.​Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;

Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.

К.М.Бацюшкаў.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,

рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.​Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж. бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. (у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».

В.​І.​Бягун.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗГУ́Р (Заір Ісакавіч) (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.​Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.​І.​Грыцаўцу, Я.​Купалу і Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Мінску, В.​І.​Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.​М.​Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.​Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.​Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Э.​А.​Петэрсон.

З.І.Азгур.
З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,

жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.​Шпілеўскі, М.​Федароўскі, А.​Сержпутоўскі, У.​Дабравольскі, Л.​Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.​Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.​Колас і інш. пісьменнікі.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЫ́ ((Vigny) Альфрэд Віктор дэ) (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),

французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).

Тв.:

Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;

Избранное. М., 1987;

Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;

Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.

Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл. Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл. Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.

А.​П.​Сманцар, С.​В.​Снапкоўская.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)