Стадо́ла ‘канюшня на заезным двары’, ‘вялікі хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘адрына’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ‘адрына; пуня’ (Скарбы), ‘вялікая пабудова’ (ТС, Ян.), стадо́ля ‘вялікае заезнае памяшканне’ (Шат.), стодо́л ‘адрына для малацьбы’, ‘частка адрыны, дзе малоцяць’ (Шушк.). Укр. стодо́ла, стодо́ля ‘клуня’, рус. стодо́ла ‘навес, хлеў, адрына’, польск. stodoła ‘гаспадарчы будынак для захоўвання сена, збожжа і пад.’, чэш. stodola ‘тс’. Запазычанне праз польскае і чэшскае пасрэдніцтва з ст.-в.-ням. stadal ‘хлеў, стойла’; гл. Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764; Брукнер, 516; Махэк₂, 578; Борысь, 578; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 339–340. У беларускай праз польск. stodoła (Карскі, Белорусы, 135; Кюнэ, Poln. 99); ст.-бел. стодола (стадола) ‘гасцініца, карчма, гумно’ (XVI ст.) з ст.-польск. stodoła.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 97.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стату́й зневаж, пра тупога, бесталковага чалавека (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), ‘нязграбны чалавек’ (Мат. Гом.): стату́й ты карэтны! — лаянка (маг., Ліцв.), стату́й ‘фігура, вылепленая з чаго-небудзь або зробленая з пяску’ (Жд. 2), ста́туй, ста́туя ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Касп.), ста́туй ‘чалавек высокага росту’ (Бяльк.), стату́я ‘вылепленая фігура; боўдзіла’ (Нас.), стату́й, стату́я ‘фігура з металу ці каменя; манекен’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, магчыма, і статэ́ва ‘высокая жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Statue ‘скульптура, фігура’, франц., англ. statue ‘тс’ з лац. statua ‘статуя, калона’ ад statuo ‘стаўлю, засноўваю’, праз рускае або польскае пасрэдніцтва. Адаптацыя па роду па аналогіі з балван, ёлуп і пад. Гл. Фасмер, 3, 748; ЕСУМ, 5, 402. Значэнне ‘чалавек высокага росту’, магчыма, пад уплывам статны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень 3.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́дарга ’сутарга’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Станк.), су́дорга ’тс’ (ТС), су́дырга ’тс’ (Бяльк.); з адсячэннем ‑га су́дар ’сутарга’ (Шат., Бір. Дзярж.; віл., Сл. ПЗБ; дзярж., З нар. сл.), су́т(а)ргі ’корчы, кіданне’ (Некр. і Байк.). Укр. су́дорга ’сутарга’, дыял. су́дорога ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (Чарапанава, Геогр.), рус. су́дорога ’сутарга’, дыял. су́дорга ’тс’. Рус. і ўкр. словы ўзводзяцца да су- і *drъgati ’торгаць’, параўн. дзёргаць (Нас.), укр. дергати, рус. дёргать, параўн. літ. sudìrgti ’раззлавацца’; Міклашыч, 42; Брукнер, KZ, 48, 216; Фасмер, 3, 796. Гл. сутарга. Меркаванне пра запазычанне з рускай або ўкраінскай моў у кантактных зонах мае неабавязковы характар, паколькі магчыма азванчэнне ‑т‑ у сутарга ў інтэрвакальным становішчы. Варбат (Слав. языкозн., VII, 105) для беларускіх і ўкраінскіх слоў узнаўляе прасл. *sǫdьrga, для рус. — *sǫdorga.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус. смал. суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпу сухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2-3, 136, 331.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti (sę) ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.). Калька са ст.-польск. tamten, дзе tam ’там’ і ten ’той’, гл. там і той. Карскі (2–3, 91) адносіць сюды і іншыя ўтварэнні з пачатковым элементам там: ст.-бел. тамтотъ, тамтого, складанае прыслоўе тамто і інш., што ўзніклі пад польскім уплывам (гл. то). Параўн. ЕСУМ, 5, 513.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Танк ’баявая бронемашына’, ’цыстэрна для транспарціроўкі і захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’баявая бронемашына’ (Некр. і Байк., Вруб.), та́нка ’тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл., Мат. Маг.). У славянскія мовы (як і ў заходнееўрапейскія: франц. tank, ням. Tank паралельна з Panzer і інш.) — з англ. tank ’вадаём; цыстэрна, бак, чан’, а ў канцы 1916 г. — ’танк’; спецыялізацыя значэння звязана са знешнім падабенствам. Англ. tank у першасным значэнні звязваюць з с.-англ. stanc ’басейн, сажалка’ (Фасмер, 4, 19) або парт. tanque ’рэзервуар; вадаём; затока’, якое этымалагічна звязана са ст.-франц. estanc, франц. étang ’затока’, лац. stagnum ’балота; затока; вада, што выйшла з берагоў; лужына; штучная затока; басейн’ (Чарных, 2, 228). Менш пераконваюць меркаванні, што англ. tank ’баявая машына’ паходзіць ад прозвішча вынаходніка Танка (Фасмер, 4, 19).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)