се́кцыя 1, ‑і, ж.
1. Аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Секцыя крытыкі. Шахматная секцыя. □ Увесь атрад разбіўся на навуковыя секцыі: гістарычную, геаграфічную, прыродазнаўчую, літаратурную і мастацкую. Шыловіч. // Частка гандлёвага памяшкання, дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Секцыя абутку. // Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады і пад., занятых абмеркаваннем адных і тых жа пытанняў. Работа канферэнцыі па секцыях.
2. Частка збудавання, канструкцыі, якая складаецца з некалькіх дэталей. Секцыя трубаправода. □ Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Мележ.
[Ад лац. sectio — разразанне, раздзяленне.]
се́кцыя 2, ‑і, ж.
Спец. Анатаміраванне, рассячэнне. Секцыя вены.
[Лац. sectio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакрыва́ла, ‑а, н.
1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.
2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніхто́, ніко́га, ніко́му, ніко́га, нікі́м, ні аб кім, займ. адмоўны.
1. Ні адзін чалавек. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Якімовіч. [Пятрусь] нікому не скардзіўся, ні на кога не наракаў і ні з кім не хацелася яму гаварыць. Крапіва. // у знач. вык. Ні адной душы. Радзівон Ксенафонтавіч застаецца адзін. Нікога побач. Шыловіч. [Мікуць:] — Дождж сабе ідзе, а я склею адзін... Нікога нідзе. Чорны.
2. у знач. наз. ніхто́, толькі ў Н і Т, м. і ж. Пра чалавека, які не мае ніякага дачынення да каго‑н. Хто ён табе? — Ніхто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць светлым, святлейшым. Пад раніцу дождж перасціх. Край неба над вёскай Камчаны прасвятлеў. Шыловіч / у безас. ужыв. За акном сціх дождж, прасвятлела. М. Ткачоў.
2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. Твар чалавека раптам прасвятлеў, зрабіўся нават прыемны, і я заўважыў, як з нейкай асаблівай удзячнасцю паглядзеў чалавек на жанчыну. Чыгрынаў. Усцін Тарасавіч прасвятлеў з твару, нейкае незвычайнае пачуццё нібы будзіла, нібы падымала яго. Марціновіч. Ледзь кранула. Пагукала... Не адказвае, маўчыць... Да самой яе прыпала, Прасвятлела: будзе жыць! Броўка. / у безас. ужыв. На душы прасвятлела.
3. перан. Стаць ясным, лагічным, нармальным (пра думкі, усведамленне і пад.). Думкі прасвятлелі. / у безас. ужыв. У галаве адразу прасвятлела. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плынь, ‑і, ж.
1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.
2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.
3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.
•••
Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.
1. Парушаць чый‑н. спакой, непакоіць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. — Дзень добры, — павіталася Зоя Уладзіміраўна. — З бібліятэкі вас турбуюць. Шыловіч. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ў ночы, і ў дзень. Гілевіч. [Раіса:] — Мне думалася, што на гэтай рабоце мяне ніхто не будзе турбаваць, нікому я не патрэбна буду. Ды і ні на што я больш не здатна. Лобан.
2. Пастаянна хваляваць, трывожыць, не даваць спакою. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.
2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́віла, ‑а, н.
1. Палажэнне, якое вырашае тую або іншую заканамернасць. Разам [піянеры] рашалі задачы, пісалі дыктоўкі, вучылі правілы. Шыловіч.
2. звычайна мн. (пра́вілы, правіл). Пастанова, палажэнне, якія абавязваюць захоўваць пэўны парадак пры выкананні чаго‑н. Правілы вулічнага руху. Захоўваць правілы канспірацыі.
3. Норма паводзін, прывычка. [Камісар] выйшаў з палаткі, каб праверыць перад сваім адпачынкам вартавых, што было ў яго непарушным правілам. Шамякін. У бацькі было правіла: дасягнуў паўналецця — жыві сваім одумам. Навуменка.
•••
Складанае трайное правіла — правіла для рашэння задач, у якіх велічыні звязаны прамой і адваротнай прапарцыянальнай залежнасцю.
Па ўсіх правілах — так, як трэба.
Па ўсіх правілах мастацтва (часцей іран.) — грунтоўна, акуратна, улічваючы ўсе дэталі пры выкананні чаго‑н.
Узяць за правіла гл. узяць.
Як правіла — звычайна, пераважна, найчасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераадо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Дабіцца перамогі ў барацьбе. Пераадолець ворага.
2. Справіцца з якімі‑н. цяжкасцямі, перашкодамі. Пераадолець адставанне. Пераадолець перавал. □ — Цяжкавата Міхасю даецца тэхніка, але ж .. ён усё пераадолее і свайго даб’ецца. Кулакоўскі. Магутная машына звярнула з дарогі, упэўнена пераадолела канаву і рушыла проста на нас. Шыловіч. // Асіліць (дыстанцыю, адлегласць і пад.). І Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тых дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць яго ад калгаса. Лупсякоў.
3. перан. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. пачуцці, жаданні і пад. Пераадолець страх. Пераадолець знямогу. □ [Мацвей:] — Я і сам гэта, Андрэй, ведаю, а вот пераадолець сябе — не магу. Лобан.
4. Атрымаць перавагу, узяць верх. Пачуццё абавязку пераадолела страх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́ташні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.
•••
Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)