МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб), грыбніца,

вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.

В.​В.​Карпук.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе сілавое ўздзеянне поля на эл. зараджаныя часціцы і целы, што знаходзяцца ў ім. Вызначаецца адносінамі сілы F→, якая дзейнічае з боку поля на ўнесены ў яго дадатны пробны зарад q0, да абс. значэння гэтага зараду: E = F→0 / q0 . Зарад q0 павінен быць дастаткова малым, каб яго ўнясенне ў даследаванае поле не выклікала змен значэнняў і размеркавання ў прасторы зарадаў, якія стварылі дадзенае поле. Адзінка Н.э.п. ў СІ — вольт на метр.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РХАЎКА (Bovista),

род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).

Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.

Порхаўка чарнеючая.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.

Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.

У.​У.​Галубкоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАКА́ЎЛАН (Stereocaulon),

род лішайнікаў сям. стэрэакаўланавых. 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя С.: загушчаны (S. condensatum), інкруставаны (S. incrustatum) і лямцавы (S. tomentosum). Трапляюцца ў хвойных лясах, на пясчанай глебе, камянях.

Слаявіна псеўдакусцістая, першасная (гарыз.) — зярніста-бародаўчатая, лускаватая, другасная (верт.) — з цыліндрычных або акруглых галінак, на паверхні якой утвараюцца вырасты, што маюць водарасці з родаў насток і стыганема. Пладовыя целы (апатэцыі) канцавыя або бакавыя, карычневага адцення. Сумкі булавападобныя, 8-споравыя. Споры палачкападобныя. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае.

У.​У.​Галубкоў.

Стэрэакаўлан лямцавы.

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭФЕ́НЗІЯ (Stephensia),

род сумчатых грыбоў сям. труфелевых. 1 від — С. атласная (S. bombycina). Пашырана ў Еўропе. На Беларусі трапляецца летам, пераважна ў хваёвых лясах, занесена ў Чырв. кнігу.

Пладовыя целы падземныя, клубнепадобныя, дыяметрам 2—3 см. Перыдый (абалонка) амаль гладкі, звіліста складкаваты, бураваты, ад мякаці не аддзяляецца. Мякаць з пустымі каналамі (хадамі), белаватая, шчыльная, з моцным спецыфічным пахам і непрыемным смакам. Сумкі вузкія, 8-споравыя, слоем высцілаюць каналы. Сумкаспоры шарападобныя, гладкія, амаль бясколерныя. Умоўна ядомая.

С.​І.​Бельская.

Стэфензія атласная.

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНАТЭ́КА (Chaenotheca),

род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 23 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 9 відаў Х.: воласападобная (Ch. trichialis), золатагаловая (Ch. chrysocephala), картузіянская (Ch. carthusiae, занесеная ў Чырв. кнігу), парошыстая (Ch. stemonea), цёмнагаловая (Ch. phaecephala), іржавая (Ch. ferruginea) і інш. Трапляюцца на старых дрэвах, гнілой драўніне, расл. рэштках.

Слаявіна зярністая, парашкападобная. бародаўчатая, зрэдку сарэдыёзная, ад белавата-шэрай да жоўта-зялёнай. Пладовыя целы (апатэцыі) на ножках. часам сядзячыя. Сумкі цыліндрычныя, 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. шарападобныя. цёмныя.

Н.​М.​Кобзар.

Хенатэка картузіянская.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГЕ (Brahe) Ціха (14.12.1546, Кнудструп, Швецыя — 24.10.1601),

дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. Вучыўся ў Капенгагенскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1576 пабудаваў абсерваторыю Ураніборг, дзе больш за 20 гадоў сістэматычна з найвышэйшай дакладнасцю вызначаў месцазнаходжанне зорак на нябеснай сферы. Адкрыў дзве няроўнасці ў руху Месяца, даказаў, што каметы — нябесныя целы, больш далёкія за Месяц. Склаў каталог зорак, табліцы астр. рэфракцыі і інш. Яго назіранні Марса далі магчымасць І.​Кеплеру ўстанавіць законы руху планет.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 219.

Ц.Браге.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ХА, кароўка,

малачай (Lactarius rutus),

шапкавы базідыяльны грыб роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі, пераважна ў вільготных хваёвых лясах і на мохавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв.—кастрычніку.

Шапка дыям. 3—8 см, плоска-пукатая або шырокалейкападобная, у цэнтры з вострым бугарком, чырванавата-карычневая, гладкая, сухая. Пласцінкі прырослыя або слабасыходныя, рыжаватыя, з белым налётам спор. Мякаць палевая, шчыльная, з белым пякучавострым млечным сокам, непрыемна пахне. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым пустая. Ядомая (спажываецца соленая).

В.​С.​Гапіенка.

Гаркуха.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)