РАМАЛІ́НА (Ramalina),

род кусцістых лішайнікаў сям. рамалінавых. Каля 175 відаў. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Р.: мучністая (R. farinacea), пылковая (P. pollinaria), ясянёвая (R. fraxinea). Растуць пераважна на галінах і ствалах дрэў, апрацаванай драўніне, радзей на камянях і інш. субстратах.

Слаявіна кусцістая, лопасцевая, шэра-зялёная, жаўтаватая або белая. абвіслая ці прамастойная, прымацаваная да субстрату асновай. Пладовыя целы (апатэцыі) бакавыя або канцавыя. Споры двухклетачныя. Некат. віды маюць араматычныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў парфумернай прам-сці.

У.​У.​Галубкоў.

Рамаліна: 1 — мучністая; 2 — пылковая; 3 — ясянёвая.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)