эксплазі́я
(фр. explosion = выбух, ад лац. explodere = выганяць з шумам)
1) выкід вулканічнага матэрыялу на паверхню Зямлі, які суправаджаецца выбухам, выдзяленнем газаў і інш.;
2) лінгв. фаза артыкуляцыі выбухнога зычнага.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
камуні́зм, ‑а, м.
1. Найвышэйшая грамадска-эканамічная фармацыя, якая гістарычна прыходзіць на змену капіталізму, грунтуецца на грамадскай уласнасці на сродкі і прадукты вытворчасці і мае дзве фазы развіцця: сацыялізм і камунізм. // Другая фаза гэтай фармацыі. Сацыялізм паступова пераходзіць у камунізм..
2. Вучэнне марксізма-ленінізма аб пралетарскай рэвалюцыі і пабудове камуністычнага грамадства.
•••
Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка Савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., выкліканая цяжкасцямі ваеннага часу.
Навуковы камунізм — тое, што і камунізм (у 2 знач.).
Першабытны камунізм — грамадскі дакласавы лад першабытнай родавай абшчыны з агульнай уласнасцю на сродкі і прадукты вытворчасці.
[Ад лац. communis — агульны, усеагульны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
т. 7, с. 583
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́НІЙ (лац. Plutonium),
Pu, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 94, адносіцца да актыноідаў. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 232—246; найб. устойлівы 244 Pu (перыяд паўраспаду T1/2 7,5∙107 гадоў). У прыродзе трапляецца ў мізэрнай колькасці ва уранавых рудах 239Pu (T1/2 2,41∙104 гадоў, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1940 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі; назва ад планеты Плутон.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 640 °C, tкіп 3352 °C. Існуе ў 6 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 112 °C стабільная манаклінная α-фаза, шчыльн. 19860 кг/м³. Хімічна найб. актыўны з актыноідаў. Кампактны П. у паветры павольна акісляецца. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў салянай, артафосфарнай і хлорнай к-тах. Узаемадзейнічае пры награванні з галагенамі, вадародам, азотам, серай і інш. неметаламі; з многімі металамі ўтварае інтэрметаліды. Выкарыстоўваюць 239Pu як паліва ў ядз. энергетыцы, пры вырабе ядз. зброі (крытычная маса метал. П. 5,6 кг), як сыравіну для вытв-сці трансплутоніевых элементаў; 238Pu — для вырабу малагабарытных ядз. крыніц эл. току з працяглым тэрмінам службы. Высокатаксічны. ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 239Pu 3,3∙10−5 Бк/л.
т. 12, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
П.Л.Новікаў.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тума́ннасць, ‑і, ж.
1. Густы туман 1 (у 1 знач.).
2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць. // Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці. Гамолка.
3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю. Колас. Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё. Мележ.
•••
Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ве́тах ’месяц апошняй квадры, на зыходзе’ (КТС, БРС, Касп.), ветых (Яўс.), веташок (Нас., Касп., Юрч., Бяльк.), мін. веташка (Крачк.), вётах, вётак ’тс’ (Касп., Нас., Маш. Atlas). Рус. ветох: смал. ’месяц’; ’месяц над гарызонтам’, паўн.-рус. ’апошняя фаза месяца ў зеніце’, ст.-рус. ветъхъ, ветохъ ’апошняя квадра месяца; апошні тыдзень месяца’, польск. wietek, wiotek ’першая або апошняя квадра месяца’, чэш. vetech měsíc, валаш. vetek, ст.-чэш. mešíc je na vetchu, славац. na votoch ’месяц на зыходзе’. Паўночнаславянская ізалекса, якая ўзнікла ў выніку кандэнсацыі прасл. větъxъ měsenьcь; параўн. чэш. větech měsíc, nov měsíc і інш. І.‑е. паралелі гл. ветхі. Гл. таксама Траўтман, 365; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ₂, 830; Буга, РФВ, 67, 246; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 52; Фасмер, 1, 307; Махэк₂, 687; БЕР, 1, 139; Шанскі, 1, В, 80. Гл. яшчэ вято́х.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).
У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл. Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.
Літ.:
Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;
Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.
У.С.Камароў.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́КАНСТРУ́КЦЫЯ ПО́ЎДНЯ 1865—77,
перыяд радыкальных сац.-эканам. пераўтварэнняў у амер. паўд. штатах пасля грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65; састаўная частка (2-я фаза) другой Амер. рэвалюцыі 1861—77. Праведзена ў час прэзідэнцтва Э.Джонсана (1865—68) і У.С.Гранта (1869—77) з мэтай аднаўлення дзярж. адзінства ЗША і перабудовы жыцця паўд. штатаў краіны. Вырашала пытанні індустрыялізацыі, памяншэння ўплыву плантатараў, надання грамадз. правоў негрыцянскаму насельніцтву ў паўд. (б. рабаўладальніцкіх) штатах ЗША. Гал. рухаючыя сілы — радыкальнае крыло Рэсп. партыі (на федэральным узроўні), узбр. атрады (на мясц. узроўні). Фактычна пачалася з закону аб Рэканструкцыі ад 2.3.1867. Паводле рашэння кангрэса федэральныя войскі былі ўведзены ў паўд. штаты, іх тэр. падзелена на 5 ваен. акруг на чале з генераламі. У 1867 упершыню ў кангрэс ЗША выбраны 16 неграў. Яны ўваходзілі і ў мясц. органы ўлады. У ходзе Р.П. ў рэгіёне актывізавалася развіццё прам-сці, транспарту (чыг. буд-ва), гандлю, добраўпарадкоўваліся населеныя пункты, пашырылася асвета сярод неграў. Але з-за супраціўлення плантатараў і інш. кансерватыўных сіл (гл. Ку-клукс-клан) не ўдалося радыкальна вырашыць агр. пытанне, у большасці паўд. штатаў узмацніліся расісцкія настроі (да 1877 рэспубліканцы кантралявалі ўладу толькі ў 3 з 11 мясц. штатаў). У крас. 1877 федэральныя войскі выведзены з паўд. штатаў. У выніку Р.П. замацавана дзярж. адзінства ЗША, устаноўленае ў ходзе грамадз. вайны, зроблены захады па інтэграванні негрыцянскага насельніцтва ў амер. грамадства.
Літ.:
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. №6.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
По́ўня, по́вня, по́ўна, по́ўнае, по́ўная ’поўная фаза Месяца’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Др.-Падб., Клім., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), по́ўняе ’поўня’ (Ян.; барыс., валож., рагач., бых., ЛА, 2), по́ўната ’поўня’ (Касп.; в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ; Шатал.), по́ўна ’поўня’ (ЛА, 2). Ад по́ўны (гл.), паколькі ў час гэтай фазы Месяц бачны поўнасцю. Лексема по́ўнік ’поўня’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом., пух., Сл. ПЗБ) утварылася паводле назвы іншай фазы Месяца — маладзі́к. Тое ж у іншых індаеўрапейскіх мовах, параўн. рус. полнолу́ние, літ. pìlnatis ’поўня’ (< pìlnas ’поўны’), англ. full moon ’поўня’ (< full ’поўны’, moon ’Месяц’), франц. pleine lune (< plein ’поўны’, lune ’Месяц’). Паводле Німчука (Давньорус., 29), укр. по́вня ’тс’ абстрагавана са спалучэння месꙗц въ пълнѣ (суч. місяць уповні), у якім выступае М. скл. нячленнага прыметніка м. р., што зусім не абавязкова на фоне прадуктыўных утварэнняў тыпу ро́ўня і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)