кацёл

1. Упадзіна, паніжанае поле (Слаўг.).

2. Вір, яма ў рацэ, возеры (Зах. Палессе Талст.).

3. Паглыбленне на полі ці лузе, у якім доўга стаіць вада і расце трава (Стол.).

4. Маленькі глыбокі вадаём з крутымі абрывістымі берагамі (Стол.).

ур. Кацёл (поле) каля в. Рудня Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

я́ма, ‑ы, ж.

1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.

2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.

3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.

•••

Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.

Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.

Капаць яму гл. капаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кругло́віна

1. Залітая вадой упадзіна сярод поля, лугу (Слаўг.).

2. Невялікае круглай формы балотца (Слаўг.).

3. Поле або сенажаць блюдападобнай формы (Мсцісл., Слаўг.). Тое ж круглаві́на (Мсцісл., Слаўг.).

4. Невялікае месца, занятае адным відам расліннасці, ягадніку; чыстае месца; грыбное месца (Слаўг.).

ур. Кругловіна (балотца на полі) каля в. Папоўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Каза́н1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казан — запазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанокупадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха, па́хва, пахва́, драг. похва́, па́хвіна, пахві́на, паховіца, пахво́ ’унутраная частка плечавога выгібу, падпаха’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Дразд., Бум., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’сама рука’ (Нас.), петрык. ’частка рукава ў сарочцы пад пахай’ (Шатал.), ’падуздышная ўпадзіна ў жывёл’ (даўг., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’пасма валасоў, лёну’ (Касп.), пахві́ны ’частка цела ад ног да рэбраў’, па́хі ’крылцы або верхнія лапаткі ў чалавека’ (Нас.), пах ’падпаха’ (Мат. Гом.). Укр. паха́, пахва́ ’тс’, рус. пах, паха́упадзіна’, ’пазуха’, ст.-рус. пахъ ’падуздышная ўпадзіна’, польск. pacha, ’пазуха, падпаха’, pachwina, чэш. pach ’пахвіна’, в.-луж. podrach ’падпаха’, серб.-харв. паху̀љ, па̀хуља ’пучок’, ’пасма’, балг. пах ’тс’. Можна, відаць, дапусціць прасл. paxъ ці paxy (Р. скл. paxъve), якія будуць роднаснымі да ст.-інд. pakṣás ’плячо, бок, палавіна’, pákṣas ’бок’, pājasyám ’брушная поласць’. Аднак некаторыя зах.-слав. формы (чэш. paždí, славац. podpažie, н.-луж. podpaža ’падпаха’) сведчаць пра зыходнае pazь (гл. пазуха), якое з *paz‑duxa, параўн. славен. pázduha, лат. podusē ’падпаха’. Такім чынам, можна гаварыць пра прасл. дублет paxъ/pazъ. Першы з іх узводзіцца да і.-е. *pā̆kʼ‑ (ст.-інд. pāśaḥ ’пятля, сувязь, вяроўка’, pákṣás ’плячо, бок, палавіна’, ст.-англ. foēgan ’звязваць’, ст.-грэч. πέσσω ’умацоўваю’) (Педэрсэн, IF, 5, 49 і 60; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 11), другі да *pāgʼ‑ (лац. compāges ’сувязь, сутык’, pango ’ўмацоўваю’, ст.-грэч. πάγη ’пятля’) (Мартынаў, Слав. акком., 126). Менш імавернымі здаюцца меркаванні Брукнера (389) і (KZ, 43, 309), Мукі (2, 98) пра скарачэнне слова pazuxa ў paxъ. Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск. мовы (Кюнэ, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́гарка

1. Выгаралае месца на тарфяным балоце, якое напоўнена вадой (Віц. Нік. 1892, каля Дрысвяцкага возера Бел. дакастр. проза, 257, Сен. Касп., Слаўг.). Тое ж га́ры, вы́гаркі (Віц., Нік. 1892).

2. Выпаленае месца ў лесе (Слаўг., Смален. Дабр.).

3. Выкапаная сажалка недалёка ад хаты (Беш. Касп.).

4. Упадзіна, дзе вясной доўга стаіць вада (Лёзн.).

5. Выгаралае лугавіннае месца (Віц. Нік. 1892).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32%о. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

роў

1. Глыбокае канавападобнае паніжэнне, вымытае веснавымі ліўнямі; штучная глыбокая канава (БРС).

2. Крыніца (в. Шэкі Арш.).

3. Паглыбленне, упадзіна паміж затонамі (Стол.).

4. Круглай формы яма на высокім месцы для захавання бульбы зімой (Віл., Ст.-дар.).

ур. Та́нкавы Роў каля Слаўгарада, вул. Роў (1750) у г. Прапойску (ЦДГА БССР, ф. 694, воп. 4, інв. 1556, л. 219), ур. Байцоў Роў (луг каля р. Пацэя) недалёка ад в. Свенск Слаўг., ур. Роў (кусты) каля в. Улукі Слаўг., ур. Гру́таў Роў (крыніца) каля в. Шэкі Арш.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

са́жалка

1. Капаны вадаём, невялікае штучнае возера (БРС). Тое ж са́джалка (Азяр. Касп.), са́джаўка (Сядл. Бес., 146); пасля 1861 г. штучны вадаём для мачэння толькі льну (Віц. Нік. 1895).

2. Рыбны садок (БРС); глыбокае месца, дзе вядзецца рыба (Олтушскае возера Палессе Талст.). Тое ж са́джаўка (Зах. Палессе Талст.), са́жаўка (Бельск. ПНР, Гродз., Нас.).

3. Старык ці прыродная з вадой упадзіна (Паст.), круглая яма (Стол.).

4. Палонка ў лёдзе на рацэ (Нас.).

Е́дмусева са́жалка каля в. Драгунск Рагач., ур. Марозавы Сажалкі (востраў на балоце Чыстая Лужа) каля в. Кульшычы Слаўг., ур. Сажалкі каля в. Любаны Слаўг., ур. Дзедава Сажалка Мсцісл. (Юрч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

жарало́

1. Адкрытая, цёмная і вялікая адтуліна ў зямлі (БРС).

2. Яма на агародзе для бульбы, аплеценая ў сярэдзіне лазой (Ветк.).

3. Упадзіна з вадой карставага паходжання на высокім месцы, з якой б'е крыніца і выцякае рачулка (Слаўг.).

4. Крыніца, струмень; адтуліна ў зямлі, у ваданосным пласце, адкуль б'е струмень вады (Кап., Кобр., на поўдзень ад Нароўлі Палессе Талст.). Тое ж жэрло́ (Сал., Ст.-дар.).

5. Вокнішча ў балоце, у незарослым вадаёме; грузкае месца (Ветк., Слаўг.).

6. Яма, якую выбіў паток вады вясной (Ст.-дар.).

7. Вірыстае месца на рацэ, дзе не замярзае вада зімой (Рэч.).

8. Праход у прасле (Крыч.).

9. Паток, ручай (Нас. АУ). Параўн.: Зъ Довгушки (озера) жереломъ въ Сребрній колъ (Нас. АУ 1693, 102).

в. Жаролы, р. Жарало Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)