ко́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.

2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.

3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.

4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.

5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назе́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размешчаны на паверхні зямлі. Наземны вестыбюль метро. Наземны аб’ект. □ Узвесці наземныя збудаванні сучаснай магутнай цеплавой станцыі не так проста. Шыцік. Чутны былі гудкі, снавалі ў цемені аганькі. У вялікіх наземных будынках грукаталі і сіпелі машыны. Лупсякоў.

2. Які дзейнічае на зямной паверхні. Наземныя машыны. □ Тым часам партызаны.. быццам расталі дзе, [іх].. не магла знайсці ў зімовых лясах ні наземная разведка, ні нават паветраная. Чыгрынаў. // Які праводзіцца, робіцца на зямной паверхні. Наземныя вымярэнні. □ З белых пустэльняў поўначы, дзе разгараліся жорсткія паветраныя сутычкі, лепш былі відаць жорсткія наземныя баі на другіх франтах. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́тыка, ‑і, ДМ этыцы, ж.

1. Вучэнне аб маралі, як адной з форм грамадскай свядомасці, аб яе сутнасці, законах яе развіцця і ролі ў грамадскім жыцці. Марксісцкая этыка. □ А. К. Ільінскі ў пытаннях мастацтва, этыкі, маралі заўсёды стаіць на прынцыповай вышыні. «Полымя».

2. Сукупнасць норм паводзін, мараль якога‑н. класа, арганізацыі, прафесіі і пад. Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе.. «усемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчына, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне ўрачэбнай этыкі. Шамякін.

[Грэч. ēthika ад ēthos — звычай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дня (у 1 знач.). Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны. Ледзь-ледзь варушыцца лісце, спачываючы ад дзённай спёкі. Брыль. // Які адбываецца, праводзіцца днём, удзень. Дзённы спектакль. Дзённая разведка. □ Восеньскі дзень схіляўся пад вечар, дзённая змена ішла дамоў. Гурскі. // Прызначаны для дзейнасці або адпачынку ўдзень. Ноччу над лётным полем стаяла цішыня, тут была дзённая авіяцыя. Лынькоў. Змрокам з дзённай схованкі выходзіў Віктар. Лобан.

2. Які адбываецца, праводзіцца на працягу аднаго дня (у 1, 2 знач.), разлічаны на адзін дзень. Дзённы заработак. Дзённая выпрацоўка. Дзённае заданне. Дзённы пераход. Дзённы рацыён.

•••

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.​Гутэнберг (ЗША), Х.​Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.​Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.​С.​Маладзенскі, А.​М.​Ціханаў, П.​П.​Лазараў, А.​І.​Забароўскі, У.​У.​Фядынскі, Э.​Э.​Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эшало́н, ‑а, м.

1. Спец. Частка баявога парадку войск, калі размяшчэнне падраздзяленняў зроблена ў глыбіню ці ўступамі, а не па фронту. На світанні наша разведка данесла, што старыя нямецкія франтавыя ўмацаванні, першага і другога эшалона, пустыя. Машара.

2. Пры паходным перамяшчэнні войска — асобная частка агульнай калоны, якая рухаецца на пэўнай адлегласці ад другой. Калі ў 6 гадзін 30 мінут пачаць адвал ад левага берага першай хвалі дэсанта, то штурмавыя батальёны дывізій першага эшалона прычаляць да таго берага ў 7 гадзін 30 мінут. «Звязда».

3. Чыгуначны састаў, аўтакалона, група самалётаў для масавых перавозак спецыяльнага прызначэння. Эшалон з вугалем. □ Цяпер усе станцыі і пуці забіты ваеннымі эшалонамі, што так паспешліва гналіся на ўсход. Няхай. [Страмілін:] Мы адпраўляем першы эшалон нашых самазвалаў на Волга-Дон. Крапіва.

[Фр. échelon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́слух 1 ’сведка на судзе ў старажытнасці’ (ТСБМ), ст.-бел. послухъ ’тс’, сюды ж варыянты з нарашчэннем суфікса послух‑ачъ, послух‑а‑тель (Сл. Скар.), рус. по́слух ’тс’, ст.-рус. послухъ ’тс’, польск. posłuch ’праслухоўванне’, чэш. posluchy ’выведванне, разведка’, славац. posluch ’тс’, ст.-слав. послоухъ ’сведка’. Да слухаць (гл.) (Фасмер, 3, 340); прыстаўка по- нясе семантыку выніковасці дзеяння, даслоўна — по́слух ’тое, што пачута’ ці ’той, хто пачуў’.

По́слух 2 рэліг. ’паслушэнства’, ’абавязак манаха ці паслужніка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. послушание, послушенство ’тс’ (Сл. Скар.), укр. по́слух ’паслушэнства’, польск. posłuch ’тс’, ’паслухмянасць’, ’абавязак’, серб. по̀слух ’тс’. Магчыма, калька з грэч. ὑπ‑ήκοος ’паслухмяны, падданы, падначалены’. Да слухаць (гл.).

По́слух 3 ’чутка, пагалоска’ (ТСБМ), рус. послух ’недакладныя звесткі, цёмныя, хлуслівыя чуткі’ (Сл. Салж.), ст.-рус. послухъ ’тс’, польск. posłuch ’чутка’, у іншых славянскіх мовах семантыка ’слых, магчымасць чуць’: чэш. posluch ’тс’, славен. posluh ’тс’. Параўн. по́слух 1 (гл.). Да слухаць (гл.).

По́слух 4 ’дапамога, палёгка’ (Сцяшк. Сл.). Відавочна, фанетычны запіс бел. послуг з фрыкатыўным [ɣ]. Да паслуга, служыць (гл.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; пр. прабраўся, ‑бралася; заг. прабярыся; зак.

1. З цяжкасцю прайсці куды‑н., да чаго‑н. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Лынькоў. Паходня, асцярожна ступаючы між клункамі, прабраўся ў глыб вагона да незанятага акна. Хадкевіч. / у перан. ужыв. У цэнтры Еўропы да ўлады прабралася самая шалёная рэакцыя — нямецкія фашысты на чале з Гітлерам. Ліс.

2. Прайсці тайком, пракрасціся. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. [Сяміздраў] узяў дубальтоўку і, крадучыся загуменнем, прабраўся да хаты, дзе праходзіў сход. Шчарбатаў. // перан. Падманам пранікнуць у якую‑н. арганізацыю. [Палкоўнік:] — Скажу адно. Вось чалавек прадаў сваю радзіму і народ. Мы ведаем, што ў маладосці ён гуляў у бандах Зялёнага. Потым нават у партыю прабраўся, каб схаваць сваё чорнае нутро. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.

2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.

3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.

4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.

•••

Бой-баба гл. баба.

Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.

Даць (даваць) бой гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)