ФІ́ЛБІ (Philby) Кім (сапр. Гаральд Адрыян Расел; 1.1.1912, г. Амбала, Індыя — 11.5.1988),

адзін з найб. выдатных агентаў сав. знешняй разведкі, журналіст. З сям’і брыт. арыстакратаў. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1933), дзе стаў прыхільнікам сацыяліст. і камуніст. ідэй. Прадстаўнік лонданскай газ. «The Times («Часы») у Іспаніі ў час грамадз. вайны 1936—39. З сярэдзіны 1930-х г. да 1963 супрацоўнічаў з сав. разведкай (чл. «Кембрыджскай пяцёркі»). З 1940 адначасова супрацоўнік брыт. разведкі (МІ 6), дзе спачатку працаваў у контрразведвальным падраздзяленні; з кастр. 1944 кіраўнік 9-га аддзела, з канца 1946 — бюро МІ 6 у Турцыі, з 1949 прадстаўнік МІ 6 пры Цэнтр. развед. упраўленні і Федэральным бюро расследаванняў ЗША (адна з найб. важных І адказных пасад у брыт. разведцы). У 1951 западозраны ў здрадзе і звольнены, але МІ 6, не маючы доказаў, і далей супрацоўнічала з ім як са сваім агентам. Да 1963 карэспандэнт вядучых брыт. выданняў у Бейруце (Ліван). Пад пагрозай выкрыцця і суда выехаў у СССР (1963), дзе і памёр. За гады дзейнасці Ф. сав. разведка атрымала ад яго каштоўныя звесткі аб планах Вялікабрытаніі адносна гітлераўскай Германіі, тайных аперацыях зах. спецслужб супраць сацыяліст. краін, сітуацыі на Б. Усходзе. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — Моя тайная война. М., 1989.

Літ.:

Найтли Ф. Ким Филби — супершпион КГБ: Пер. с англ. М., 1992.

А.​А.​Тозік.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)