ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 мм за год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап.цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр.ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Channel Islands),
група астравоў у праліве Ла-Манш, каля ўзбярэжжа Нармандыі; у складзе Вялікабрытаніі. Нас. 133 тыс.ж. (1991). Пл. 196 км². Асн. а-вы: Гернсі і Джэрсі. Выш. да 148 м. Лугі. Агародніцтва, кветкаводства (пераважна ў цяпліцах). Рыбалоўства. На Н.а. выведзены гернзейская і джэрсейская пароды буйн. раг. жывёлы. Кліматычныя курорты. Порт Сент-Хеліер — буйны банкаўскі цэнтр (на в-ве Джэрсі). Падзяляюцца на 2 акругі, у якіх брыт. манархію прадстаўляе нам. губернатара. Пытанні міжнар. палітыкі і абароны ў кампетэнцыі брытанскіх, а адм., судовыя, гасп. і фін. — мясц. улад. Іх узначальваюць прызначаныя манархам чыноўнікі — байліфы. Н.а. маюць свой акр.парламент.
У старажытнасці населены галамі. У 1 ст.н.э. заваяваны рымлянамі. З канца 8 ст. на астравы пачаліся набегі нарманаў. У 933 іх правадыр Ралон далучыў Н.а. да герцагства Нармандыя, якое ў 1066 аб’яднана Вільгельмам 1 Заваёўнікам з Англіяй (гл.Нарманскае заваяванне Англіі 1066). Пасля адваявання Нармандыі Францыяй з 1204 астравы засталіся брыт. уладаннем. У 1336 іх беспаспяхова імкнуўся заваяваць шатл. кароль Роберт Брус. Рэфармацыя, якая прыйшла сюды з Францыі, перамагла ў форме кальвінізму (прэсвітэрыянства), з 17 ст. пашырылася англіканства. У 19 ст. гандаль і турызм садзейнічалі хуткаму развіццю Н.а. У 1852—70 тут жыў В.Гюго. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны (1940) ням. войскамі, якія стварылі тут ваен. ўмацаванні, т. зв. Заходні вал. Вызвалены брыт. войскамі 9.5.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,
антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш.Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл.Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.
Літ.:
Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ.парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2-і,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і рабочых партый у 1889—1914. Засн. ў Парыжы пры ўдзеле Ф.Энгельса, які да самай смерці (1895) з’яўляўся яго ідэйным кіраўніком. Пастаянны выканаўча-інфарм. орган (з 1900) — Міжнароднае сацыялістычнае бюро. Асн. пытанні міжнар. рабочага руху разглядаліся на кангрэсах: Парыжскім (1889), Брусельскім (1891), Цюрыхскім (1893), Лонданскім (1896), Парыжскім (1900), Амстэрдамскім (1904), Штутгарцкім (1907), Капенгагенскім (1910) і Базельскім (1912). У канцы 1912 І. 2-і аб’ядноўваў 27 сацыяліст і рабочых партый з 23 краін. На 1-м Парыжскім кангрэсе (1889) прыняты рашэнні аб штогадовым святкаванні дня міжнар. салідарнасці працоўных 1 мая, метадах і сродках барацьбы рабочага класа, неабходнасці выкарыстоўваць парламент у інтарэсах рабочых. Канечнай мэтай міжнар. рабочага руху быў абвешчаны сацыялізм, яго бліжэйшымі задачамі — увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, належнай аховы працы і ажыццяўленне інш.сац.-эканам. правоў рабочых. На Брусельскім, Цюрыхскім і Лонданскім кангрэсах прымаліся рашэнні аб негатыўным стаўленні рабочага класа да вайны і каланіялізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. кіраўніцтва буйнейшых сацыяліст. партый І. 2-га паступова адыходзіла ад рэв. ідэалогіі марксізму, лічачы неабходным для канкрэтных інтарэсаў працоўных ісці на супрацоўніцтва з буржуазіяй (гл.Апартунізм). Супраць гэтай тэндэнцыі вялі барацьбу рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным. У сувязі з нарастаннем пагрозы сусв. вайны Штутгарцкі, Капенгагенскі і Базельскі кангрэсы асудзілі імперыял. войны, выкрывалі мілітарызм, выступалі супраць ваен. пагрозы. Аднак у пач. 1-й сусв. вайны кіраўніцтва еўрап.сацыяліст. партый (у Германіі, Францыі і інш.) падтрымала свае ўрады — прагаласавала ў парламентах за выдзяленне ваен. крэдытаў. Гэта азначала адыход ад прынцыпу інтэрнацыяналізму на пазіцыі сацыял-патрыятызму («сацыял-шавінізм»), І. 2-і пацярпеў ідэйны крах і фактычна распаўся ў 1914. Спробай аднавіць І. 2-і была дзейнасць Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). Яго пераемнікам з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал, заснаваны ў 1951.
Літ.:
Кривогуз И.М. «Сознательный рабочий никогда не отречется»: (К истории Второго Интернационала 1889—1914 гг.). М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,
створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. Улют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр.СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.—жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл.Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.