ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.​Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.​Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,

шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял. кн. ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:

Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),

князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн. Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.

М.​І.​Ермаловіч.

Войшалк. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),

філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.​Гасендзі, Р.​Дэкарта, І.​Кеплера, І.​Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.​Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ, міжрайкомы ЛКСМБ,

кіруючыя камсам. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і дзейнічалі пад кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ, падп. парт. органаў і абкомаў ЛКСМБ. У сувязі з недахопам кіруючых камсам. кадраў у тыле ворага ў пач. сваёй дзейнасці міжрайкомы адначасова ўзначальвалі камсам. работу ў некалькіх раёнах. Яны кіравалі дзейнасцю гарадскіх падп. к-таў ЛКСМБ, тэрытарыяльнага камсам.-маладзёжнага падполля, пярвічных камсам. арг-цый у партыз. фарміраваннях, праводзілі паліт. і арганізатарскую работу сярод моладзі, падымалі яе на барацьбу з акупантамі, дапамагалі абкомам ЛКСМБ падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў камсамола ў зонах сваёй дзейнасці. Працавала 6 міжрайкомаў ЛКСМБ: Бабруйскі -(24.8.1942—1.6.1943), Барысаўскі (18.7.1942—30.7.1943), Жлобінскі (кастр. 1942 — май 1943), Мінскі (18.7.1942—22.11.1943), Навагрудскі (сак. 1943—28.2.1944) і Слуцкі (18.7.1942—22.11.1943). Пасля завяршэння камплектавання сеткі падп. гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ, іх арганізацыйнага ўмацавання М.п.к. ЛКСМБ скасаваны.

Р.​М.​Шавяла.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нягневічы (в., Навагрудскі р-н) 1/532; 7/352 (к.), 550; 10/333; 11/167

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

раён

(фр. rayon, ад лац. radius = прамень)

1) частка тэрыторыі, цэласная ў якіх-н. адносінах (напр. прамысловы р., жылы р.);

2) месца, прастора, у межах якой адбываецца або на якую распаўсюджваецца пэўнае дзеянне (напр. р. затаплення, р. ваенных дзеянняў);

3) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Беларусі і ў некаторых іншых краінах (напр. Мінскі р., Навагрудскі р.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

раён

(фр. rayon, ад лац. radius = прамень)

1) частка тэрыторыі, цэласная ў якіх-н. адносінах (напр. жылы р., прамысловы р.);

2) месца, прастора, на якую распаўсюджваецца пэўнае дзеянне (напр. р. затаплення, р. баявых дзеянняў);

3) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі, Расіі і некаторых іншых краінах (напр. Мінскі р., Навагрудскі р.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КО́ПЦІ,

службовыя асобы роду герба «Роля» («Крое») змененая ў ВКЛ. Родапачынальнік Копаць у 1447—53 служыў «рускім» пісарам у вял. кн. Казіміра IV. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Сідар Васілевіч (Копаць Васілевіч; ? — 1531), з 1506 служыў у велікакняжацкай канцылярыі Аляксандра і Жыгімонта I як «рускі» пісар, у 1524 — у канцылярыі вял. княгіні Боны, у 1520 адначасова маршалак гаспадарскі. Атрымаў ад Аляксандра шматлікія зямельныя падараванні. У 1510 намеснік жыжмарскі, у 1516 перавальскі, у 1527 дзяржаўца медніцкі, потым дарсунішскі. Лукаш Васілевіч (?—1621), брэсцкі падкаморы ў 1612, кашталян з 1615. Васіль Васілевіч (? — лют. 1636), падкаморы брэсцкі, кашталян навагрудскі з 1626. Ян Кароль (?—1.5.1681), староста брэсцкі ў 1652—65 і 1670—80, чашнік ВКЛ з 1656, падстолі ВКЛ у 1658, ваявода полацкі з 1658, кашталян трокскі з 1670. У 1660-я г. стаў дзяржаўцам дрыскім, бельскім, ковенскім, трымаў Гродзенскую эканомію. У паліт. дзейнасці цесна звязаны с П.​Сапегам, М.​К.​Радзівілам, у 1664—65 падтрымліваў групоўку Пацаў. Францішак Аляксандр (? — пасля 1709), кашталян брэсцкі ў 1643—51. Юзаф (16.5.1762—1827), гл. Копаць Ю.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял. кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:

Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш. Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікі ВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.

В.​Л.​Насевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)