з. інжыне́ра на но́вую паса́ду — найти́ (подыска́ть) инжене́ра на но́вую до́лжность;
4. (увидеть, заметить) найти́, обнару́жить;
дзе́ці знайшлі́ ў ле́се птушы́нае гняздо́ — де́ти нашли́ (обнару́жили) в лесу́ пти́чье гнездо́;
5. (прийти к заключению) найти́, уви́деть; призна́ть;
камі́сія ~йшла́, што ён не вінава́ты — коми́ссия нашла́, что он не вино́вен;
6. (о чувстве удовлетворения) найти́;
з. ра́дасць — найти́ ра́дость;
◊ днём з агнём (са све́чкай) не знайсці́ — днём с огнём не найти́;
з. агу́льную мо́ву — найти́о́бщий язы́к;
з. даро́гу да сэ́рца — найти́до́ступ к се́рдцу;
з. кане́ц — найти́ коне́ц;
з. сябе́ — найти́ себя́;
знайшо́ў (знайшлі́) ду́рня! — нашёл (нашли́) дурака́!;
не з. даро́гі — не найти́ доро́ги (вы́хода);
з саба́кам не зно́йдзеш — с соба́ками не сы́щешь;
лепш з разу́мным згубі́ць, чым з ду́рнем з. — посл. лу́чше с у́мным потеря́ть, чем с глу́пым найти́;
і за шчэ́пку зно́йдзе прычэ́пку — посл. ни за что́ ни про что́
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
адкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.
1. Тое, што і адчыніць. Адкрыць акно. Адкрыць шафу. □ Міхась адкрыў сундук і хутка знайшоў там, на дне, хімічны карандаш.Якімовіч.// Распячатаць, разарваць. Хвіліну.. [Маша] паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо.Мележ.// Адаткнуць што‑н., адкаркаваць. Адкрыць бутэльку.// Пакруціўшы, павярнуўшы кран, клапан і пад. пусціць у дзеянне што‑н. Адкрыць ваду. Адкрыць газ.// Расплюшчыць (пра вочы). — Што такое? Якое данясенне? — раптоўна адкрыў вочы Перапечкін і паспрабаваў падняць галаву.М. Ткачоў.// Агаліць, зняўшы што‑н. зверху. Стала горача, і Іван адкрыў галаву.Чарнышэвіч.
2. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго‑н. Ты [партыя] у людзі нас вывела, родная, Нам адкрыла прасторы жыцця.Непачаловіч.
3. Арганізаваць, стварыць што‑н. і абвясціць пра пачатак дзейнасці яго. Адкрыць завод. Адкрыць яслі.
4. Паслужыць пачаткам чаго‑н.; пачаць што‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. Адкрыць тэатральны сезон.
5. Абвясціць пра пачатак пасяджэння, вечара і пад. Адкрыць сход. □ Усе з нецярплівасцю чакалі, калі дырэктар школы адкрые вечар і раскажа аб жыцці дзеда Ягора.Скрыпка.
6. Заўважыць, знайсці ў выніку экспедыцыі або навуковага даследавання нешта зусім новае або даўно забытае. Пры дапамозе мікраскопа былі адкрыты мікраарганізмы. □ Калі заўважыў Архімед Між з’яў цікавую прыкмету, Яе ён вывучыў як след — Адкрыў закон, вядомы свету.Непачаловіч.Калумб, караблі правёўшы Праз акіян свае, Адкрыў Амерыку, — Новым Назваўшы светам яе.Куляшоў.// Выявіць наяўнасць, існаванне чаго‑н. шляхам даследавання. Адкрыць радовішча алмазаў. □ [Дзянісаў:] — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Ён дапаможа нашай навуцы адкрыць многа новага, пашырыць яе гарызонты.Гамолка.
7. Зрабіць вядомым тое, што доўгі час скрывалася, утойвалася, было невядомым; раскрыць. Адкрыць сакрэт. □ Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька.Колас.Вялікія справы, роўныя чалавечаму лёсу, кранулі.. [Марыну] і адкрылі перад яе маладой душой свае таямніцы.Чорны.
8. Заўважыць у кім‑, чым‑н. невядомыя да гэтага здольнасці, якасці. [Аркадзь:] — А я, брат, пад старасць раптам «адкрыў» у сабе талент.Васілевіч.Г.А. Ціхаў адкрыў здольнасць папараці выпраменьваць інфрачырвоныя прамені.Матрунёнак.
•••
Адкрыць агонь — ваенная каманда пачаць страляць.
Адкрыць лік — а) у спорце — атрымаць першае ачко ў сваю карысць; б) дамагчыся першага баявога трафея.
Адкрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: зрабіць уклад у банк; б) пра банк: пачаць выдаваць грошы па рахунку.
Адкрыць Амерыку — сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома.
Адкрыць (раскрыць) душу (сэрца) — шчыра расказаць пра свае думкі, пачуцці каму‑н.
Адкрыць рот — пачаць гаварыць; выказвацца.
Адкрыць свет — зрабіць чыё‑н. жыццё радасным, шчаслівым.
Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
даро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.
1. Прыстасаваная для язды і хадзьбы паласа зямлі, якая злучае асобныя пункты мясцовасці. Прасёлачная дарога. □ Белая шырокая дарога віхлястаю стужкаю бегла далёка на ўсход, рэжучы зялёныя нівы.Гартны.Уся дарога была забіта аўтамашынамі, павозкамі, салдатамі.Мележ.Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць.Якімовіч.// Усякі камунікацыйны шлях, па якім адбываюцца зносіны; траса. Марская дарога. Паветраная дарога.
2. Працягласць шляху, адлегласць, якую патрэбна прайсці, праехаць і пад. Прайсці палавіну дарогі. □ Каб скараціць дарогу, .. [маці] звярнула з гасцінца і пайшла проста па полі, звонка шоргаючы пожняй.Ракітны.Дарогі было не больш, чым на паўгадзіны.Шахавец.
3. Месца для праходу, праезду. Стаць на дарозе. □ Гаспадыня нешта даставала з печы, перагарадзіўшы доўгім рагачом дарогу ў хату.Новікаў.Перад [Дамірам і Баранавым] адразу расступіліся, даючы дарогу.Асіпенка.//перан.Доступ куды‑н. Знайсці дарогу да сэрца. □ Нам дарогі ўсе адкрыты, Наш прастор бясконцы...Колас.
4. Падарожжа, паход, паездка. Сабрацца ў дарогу. Напісаць пісьмо з дарогі. Адпачыць з дарогі. □ Усю мінулую ноч і сённяшні дзень Новікаў прабыў у дарозе.М. Ткачоў.Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай.Брыль.
5. Напрамак руху. Збіцца з дарогі. □ [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць.Крапіва.//перан. Накіраванасць, род дзейнасці. — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Назбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць.Колас.[Маці] лічыла прыродазнаўчыя навукі вышэй усялякіх іншых і ўгаварыла сына ісці толькі па яе дарозе.Якімовіч.//перан. Сродак для дасягнення якой‑н. мэты. Вучэнне — гэта дарога да ведаў.Курто.
•••
Канатная дарога — збудаванне для перавозкі грузаў або пасажыраў у ваганетках, падвешаных да стальнога каната.
Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго‑н.
Бітая дарога — уезджаная дарога; дарога, па якой многа ездзяць, ходзяць.
Ведаць дарогугл. ведаць.
Вывесці на дарогугл. вывесці.
Выйсці (выбіцца) на дарогугл. выйсці.
Вялікая дарога — а) бойкі, важны шлях зносін, магістраль (у адрозненне ад прасёлачнай дарогі); б) перан. галоўны, правільны шлях развіцця чаго‑н.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогугл. пралажыць.
Дарогі разышлісячые — спыніліся зносіны, сувязь паміж кім‑н. з-за розніцы ў поглядах, інтарэсах і пад.
Даць (уступіць) дарогугл. даць.
Забыць дарогугл. забыць.
Загарадзіць дарогугл. загарадзіць.
Заступіць дарогугл. заступіць.
Збіцца з (правільнай) дарогігл. збіцца.
Збіць з дарогігл. збіць.
З дарогі — адразу пасля паездкі, падарожжа.
Знайсці дарогу кчыймусэрцугл. знайсці.
Ісці прамой дарогайгл. ісці.
Ісці сваёй дарогайгл. ісці.
Паставіць (навесці) на дарогугл. паставіць.
На дарогу — а) перад падарожжам, паездкай. Зноў вясна... А здаецца, нядаўна праводзілі выраі, Жураўлі на дарогу ваду з крыніцы пілі.Тармола; б) для выкарыстання, ужывання ў час падарожжа, паездкі. Маці панавала ў драўляны куфэрак бялізну і яду бацьку на дарогу.Якімовіч.
На дарозе не валяеццагл. валяцца.
Па дарозе — а) заездам, праездам, мімаходам. Па дарозе ў фатаграфію маці зайшла са мной на Нізкім рынку ў краму.А. Александровіч; б) камузкім у адным і тым жа напрамку. — Ну дык пойдзем, нам па дарозе, — сказала жанчына. — Я табе паднясу партфель.Юрэвіч; в) камузкім(задмоўем) пра адзінства поглядаў, імкненняў і пад. Нам з гультаямі не па дарозе.
Пайсці па дрэннай дарозегл. пайсці.
Перайсці (перабегчы) дарогукамугл. перайсці.
Прабіць сабе дарогугл. прабіць.
Пралажыць (пракласці) дарогугл. пралажыць.
Саступіць з дарогігл. саступіць.
Станавіцца папярок дарогікамугл. станавіцца.
Стаць на дарозечыёй, укаго; стаць папярок дарогі камугл. стаць.
Туды і дарогакаму-чаму — гэтага і заслужвае, нечага шкадаваць.
У адну дарогу — тое, што і па дарозе (б).
Шчаслівай дарогі! — добрае нежаданне ў дарогу.
Як гарох пры дарозегл. гарох.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.
1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар.Васілевіч.Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку.Бяганская.// Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.
2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата.Лынькоў.Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку.Карпаў.// Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі.Пальчэўскі.//перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.
3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам.Хомчанка.Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц.Грахоўскі.// Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы.Гарбук.// Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман.Шамякін.Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму.Чорны.
4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона.Гартны.Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце.Якімовіч.// Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся.Скрыган.//перан.Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці.Танк.
5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі.Кулакоўскі.Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку.Навуменка.// Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак.Бажко.//перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала.Колас.[Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата.Шамякін.
6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман.Колас.У стане ворагаў паднялася паніка.Гурскі.Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей.Шамякін.
7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак.Лужанін.Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы.Навуменка.// Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі.Ермаловіч.На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах.Арабей.// Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы.Карпюк.//перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала.Купала.//перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці.Калачынскі.[Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая.Ракітны.
8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася.//перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).
•••
Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала.М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.
Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуццагл. рука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
frei
1.a
1) свабо́дны, во́льны, незале́жны
2) во́льны, незаня́ты, вака́нтны;
die Strécke ist ~ шлях свабо́дны;
wir háben héute ~ у нас сёння няма́ заня́ткаў (у школе);
etw. ~ máchen вызваля́ць што-н.;
die Stráße ~! з даро́гі!
3) адкры́ты;
únter ~em Hímmel пад адкры́тым не́бам
4) свабо́дны, бесперашко́дны;
~er Zútritt свабо́дны до́ступ
5) бяспла́тны, дармавы́;
~e Fahrt бяспла́тны прае́зд
6) свабо́дны (von D – ад чаго-н.);
~ von Sórgen без кло́пату
7):
ein ~er Berúf свабо́дная прафе́сія;
ein ~es Wort шчы́рае сло́ва;
ich bin so ~ я дазваля́ю сабе́, я бяру́ на сябе́ сме́ласць;
◊
éiner Sáche ~en Lauf lássen* не ўме́швацца ў ход спра́вы [падзе́і];
aus ~en Stúdi¦en без прыму́су, па ўла́снай ініцыяты́ве;
j-m ~e Hand lássen* да́ць каму́-н. свабо́ду дзе́янняў;
auf ~en Fuß sétzen вы́зваліць (з-пад арышту);
aus ~em Ántrieb добраахво́тна, дабраво́льна
2.adv
1) свабо́дна;
~ spréchen* гавары́ць свабо́дна, імправізава́ць
2) во́льна;
sich zu ~ benéhmen* паво́дзіць сябе́ на́дта во́льна
3) шчы́ра, адкры́та, не то́ячыся;
réden Sie nur ganz ~ гавары́це, не саро́меючыся;
sprich ~! гавары́ сме́ла!;
~ und óffen ságen гавары́ць зусі́м адкры́та [не то́ячыся]
4) бяспла́тна, да́рма; камерц. фра́нка;
~ ins Hausкамерц. з (бяспла́тнай) даста́ўкай на дом
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
шлях, ‑у, м.
1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей.Чорны.— Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях.Скрыган.Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе.Кірэенка.// Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле.Навуменка.Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок.Мурашка.// Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях...Колас.Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу.В. Вольскі.// Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.
2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе.Шамякін.Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам.Даніленка.Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына.Брыль.//перан.Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы.«Маладосць».
3.перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі...Маўр.
4.толькімн. (шляхі́, ‑о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.
5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель.Самуйлёнак.
6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху.Бядуля.А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны.Куляшоў.//перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму.Каваленка.Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту.Гіст. бел. сав. літ.//перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам.Гіст. бел. літ. мовы.Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой.Шахавец.
7.перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай.Брыль.Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны.Хадкевіч.Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным.Шкраба.// Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім.Смагаровіч.Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках.Тармола.[Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху.Васілевіч.
8.перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі.Карпаў.Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны!Гілевіч.
•••
Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.
Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.
Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт.Лыч.
Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.
Жыццёвы шлях — жыццё.
Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).
На шляхудачаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.
Саступіць з (свайго) шляхугл. саступіць.
Стаць на шлях чаго, якігл. стаць.
Стаць (стаяць) на шляхучыім, укагогл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падня́ць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; пр. падняў, ‑няла, ‑няло; заг. паднімі і падымі; зак., каго-што.
1. Узяць, падабраць што‑н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад.Лынькоў.[Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу.Чорны.
2. Змагчы ўтрымаць каго‑, што‑н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. □ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі.Колас.//перан. Асіліць, справіцца з чым‑н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік.Васілёнак.
3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць.Чорны.Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік.Арабей.// Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Падняць заслону сцэны.// Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк.Чарнышэвіч.
4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Падняць капот аўтамашыны. □ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай.Кандрусевіч.// Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей.Якімовіч.// Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву.Паслядовіч.Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно.Арабей.
5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць.Гурскі.[Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат.Чорны.// Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце.Ракітны.// Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца.Ваданосаў.// Прымусіць узняцца. Падняць пыл.//перан. Натхняючы, схіліць да якога‑н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу...Шамякін.[Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі.Паўлаў.
6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. □ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца.Лынькоў.Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу.Новікаў.// Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы.Скрыган.
7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады.//перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю.Савіцкі.//перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца.Колас.— Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць.Брыль.
8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану.//перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю.Колас.
9. Наладзіць, палепшыць што‑н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. □ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце.Жычка.
10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць.Нікановіч.
11.перан.Разм. Перагледзець, шукаючы чаго‑н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць».Ермаловіч.
•••
Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго‑, што‑н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі.Адамчык.
Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву.Чорны.
Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.
Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго‑н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын...Кляшторны.
Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было.Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў.Вышынскі.
Падняць на смехкаго-што — высмеяць каго‑, што‑н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех.Асіпенка.
Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.
Падняць (узняць) рукунакаго-што — зрабіць замах на каго‑, што‑н.
Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што‑н., у імя чаго‑н.
Як падняць — пра што‑н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць.Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МЕ́КСІКА (México, Méjico),
Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.