СА́ННІКАЎ Алег Канстанцінавіч (14.9.1928, г. Гомель — 27.8.1983),

бел. літаратуразнавец і тэатразнавец. Сын К.​М.​Саннікава. Канд. філал. н. (1961). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 гал. рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1975 заг. кафедры тэорыі і гісторыі культуры Мінскага ін-та культуры. Даследчык бел. драматургіі і тэатра.

Тв.:

Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962 (разам з Г.​І.​Барышавым);

Беларускі народны тэатр «батлейка» і яго ўзаемасувязі з рускім «вяртэпам» і польскай «шопкай». Мн., 1963 (з ім жа).

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІБІРАКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч (8.10.1849, г. Іркуцк, Расія — 1893),

расійскі золатапрамысловец, даследчык Сібіры. Скончыў палітэхнікум у г. Цюрых. Фінансаваў палярныя экспедыцыі Н.А.Э.Нордэншэльда (1878—79), А.​В.​Грыгор’ева (1879—80), а таксама выданне прац па гісторыі Сібіры. У 1880 спрабаваў прайсці на шхуне праз Карскае м. ў вусце р. Енісей. У 1884 на параходзе прайшоў ад вусця па р. Пячора, на аленях цераз Урал, далей на параходзе па р. Табол да г. Табольск («Сібіракоўскі тракт на поўнач»). Зрабіў значны ўклад у справу эканам. асваення Сібіры. Яго імем названы востраў у Карскім м. і ледакол.

т. 14, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЙЛАР, Тэйлар (Tylor) Эдуард Бернет (2.10.1832, Лондан — 2.1.1917), англійскі этнограф, даследчык першабытнай культуры. З 1833 хавальнік этнагр. музея Оксфардскага ун-та, з 1896 праф. у ім. Даследаваў гісторыю культуры, найб. ўвагу аддаваў гісторыі духоўнай культуры, асабліва рэлігіі. Асн. працы — «Першабытная культура» (т. 1—2, 1871) і «Антрапалогія» (1881). Стварыў анімістычную тэорыю паходжання рэлігіі, якая доўгі час была пануючай у навуцы; рэлігію разумеў як з’яву індывід. псіхалогіі, а не як факт грамадскай свядомасці (гл. Анімізм). У даследаваннях т. зв. перажыткаў выявіў гіст. карані шматлікіх звычаяў і абрадаў. Разам з Г.Спенсерам заснаваў эвалюц. школу ў гісторыі культуры і этнаграфіі.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМА́Ё МЕ́НДЭС (Tamayo Méndez) Арнальда (н. 29.1.1942, г. Гуантанама, Куба),

першы касманаўт Кубы. Герой Сав. Саюза (1980), Герой Рэспублікі Куба (1980). Касманаўт Рэспублікі Куба (1980). Палкоўнік. Скончыў Тэхнал. ін-т (1961, г. Гавана), Ейскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1962, СССР), Вышэйшую школу Рэв. Узбр. сіл імя М.​Гомеса. З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 18—26.9.1980 з Ю.В.Раманенкам здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-38» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.А.Папоў, В.В.Румін).

Правёў у космасе 7,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Тамаё Мендэс.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКЛІН (Franklin) Джон (16.4.1786, Спілсбі, Вялікабрытанія — 11.6.1847),

англійскі палярны даследчык, марскі афіцэр. У 1818 удзельнічаў у экспедыцыі Д.​Б’юкена, мэтай якой было прайсці з Атлантычнага ак. праз Паўн. полюс у Ціхі акіян. У 1819—22 і 1825—27 кіраваў экспедыцыямі, якія даследавалі паўн. ўзбярэжжа і ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі. У 1845 узначаліў палярную экспедыцыю на суднах «Тэрор» і «Эрэбус» для пошуку Паўночна-Заходняга праходу. Удзельнікі экспедыцыі загінулі. На іх пошукі арганізавана каля 50 экспедыцый, якія зрабілі вял. ўклад у даследаванні Канадскага Арктычнага архіпелага. Імем Ф. названы мыс, горы, заліў і праліў у Паўн. Амерыцы.

т. 16, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НКЕР Васіль Васілевіч (6.4.1840, Масква — 13.2.1892),

расійскі даследчык Афрыкі. Атрымаў мед. адукацыю ў Дэрпце і Гётынгене. У 1873—75 падарожнічаў па Тунісе, Алжыры, Лівіі, Егіпце. Найб. значэнне набылі падарожжы ў Цэнтр. Афрыку ў 1876—78 і ў 1879—86, калі былі дэталёва даследаваны бас. р. Бахр-эль-Газаль, водападзел Ніл—Конга і бас. р. Уэле, былі складзены дакладныя карты гэтых тэрыторый, сабраны вял. геагр. і этнаграфічны матэрыял.

Тв.:

Рус. пер. — Путешествия по Африке (1877—1878 и 1879—1886). М., 1949.

Літ.:

Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛА (Bella) Іван (н. 21.5.1964, г. Брэзна, Славакія),

першы касманаўт Славакіі. Лётчык-касманаўт Славацкай Рэспублікі (1999). Палк.-інжынер ВПС. Скончыў Вышэйшую ваен. авіяц. школу (г. Кошыцы, 1987). З 1983 ваен. лётчык, з 1999 у Славацкім цэнтры верыфікацыі Мін-ва абароны. У 1998 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 20—28.2.1999 з В.М.Афанасьевым (гл. Дадатак) і Ж.​П.​Эньерэ (Францыя) здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз ТМ-29» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 7,9 сут. Сярэбраны медаль Славацкай АН (1999). Яго імем названа малая планета.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Бела.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙПРЭХТ (Weyprecht) Карл (8.9.1838, Кёніг, зямля Гесен, Германія — 28.3.1881),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з Ю.Паерам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», якая павінна была прайсці Паўн.-ўсх. праходам з Баранцава м. Ў Берынгаў праліў. Каля Новай Зямлі карабель быў зацёрты льдамі і 371 сут дрэйфаваў на Пн і ПнУ. У гэты час быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа. Падарожнікі прайшлі па архіпелагу да 83° паўн. ш. У час зімоўкі Вайпрэхт правёў геафіз. даследаванні і вывучыў прыроду палярных ільдоў. На Новай Зямлі экспедыцыю падабраў рус. карабель.

Літ.:

Пайер Ю. 725 дней во льдах Арктики: Пер. с нем. Л., 1935.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖРБАША́Н Эдуард Мкртычавіч (н. 24.9.1923, Ерэван),

армянскі літаратуразнавец. Акад. АН Арменіі (1982). Д-р філал. н., праф. (1967). Засл. дз. нав. Арменіі (1970). Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1950). З 1977 дырэктар Ін-та л-ры АН Арменіі. Даследуе тэорыю і гісторыю арм. л-ры, пытанні эстэтыкі, літ. жанраў і інш. Аўтар манаграфій «Светапогляд і майстэрства» (1967), «Пытанні паэтыкі» (1976), «Эстэтыка і літаратура» (1983), падручнікаў для школ і ВНУ, адзін з аўтараў «Гісторыі новай армянскай літаратуры» (1979), «Літаратуразнаўчага слоўніка» (2-е выд., 1980) і інш. Даследчык творчасці А.​Туманяна, М.​Налбандзяна і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1974 і 1980.

Д.​Гаспаран.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ-ЛОНГ (De Long) Джордж Вашынгтон (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),

амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.​А.​Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)