ФРА́НКЛІН (Franklin) Джон (16.4.1786, Спілсбі, Вялікабрытанія — 11.6.1847),
англійскі палярны даследчык, марскі афіцэр. У 1818 удзельнічаў у экспедыцыі Д.Б’юкена, мэтай якой было прайсці з Атлантычнага ак. праз Паўн. полюс у Ціхі акіян. У 1819—22 і 1825—27 кіраваў экспедыцыямі, якія даследавалі паўн. ўзбярэжжа і ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі. У 1845 узначаліў палярную экспедыцыю на суднах «Тэрор» і «Эрэбус» для пошуку Паўночна-Заходняга праходу. Удзельнікі экспедыцыі загінулі. На іх пошукі арганізавана каля 50 экспедыцый, якія зрабілі вял. ўклад у даследаванні Канадскага Арктычнага архіпелага. Імем Ф. названы мыс, горы, заліў і праліў у Паўн. Амерыцы.
т. 16, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)