А́ЛЕШ ((Aleš) Мікалаш) (18.11.1852, с. Міраціцэ, Чэхія — 10.7.1913),

чэшскі жывапісец, графік. У 1875 скончыў АМ у Празе. Аўтар размалёўкі «Радзіма» (1880—81) у фае Нац. т-ра ў Празе, шматлікіх малюнкаў, у т. л. «Пяць пачуццяў» (1876), «Стыхія» (1881), цыкла «Жыццё старажытных славян» (1891); жывапісных работ: «Гусіцкі лагер», «На магіле ваяра-гусіта» (1877), «Сустрэча Іржы з Падэбрад з Мацвеем Корвіным», «Сутычка кавалерыстаў» (1878).

Я.​Ф.​Шумейка.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.​Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.​Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН (Віктар Іванавіч) (20.2.1918, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія — 16.7.1978),

бел. графік. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1937). Працаваў у карыкатуры, кніжнай графіцы, стварыў шэраг партрэтаў, серыі лістоў на спарт. тэму. Аўтар франтавых малюнкаў і плакатаў (1942—45), серый «Сябры-аднапалчане» (1944—45), «Беларусь спартыўная» (1960), графічных лістоў «Наступленне» (1947), «Малады токар» (1958), а таксама жывапісных работ «Кнігі і час» (1966), «Салдацкая сіла» (1968) і інш.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя выгляду y = kx + b , дзе k і b — сапраўдныя лікі. Асн. ўласцівасць: прырашчэнне функцый прапарцыянальнае прырашчэнню аргумента.

Графік Л.ф. на плоскасці xOy — прамая лінія, пры гэтым b — ардыната пункта перасячэння графіка Л.ф. з воссю Oy, k = tgα , дзе α — вугал паміж гэтай прамой і воссю Ox. Л.ф. выкарыстоўваецца ў фізіцы і тэхніцы, каб паказаць залежнасць паміж прама прапарцыянальнымі велічынямі.

Лінейная функцыя.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРДЗЕНІШВІ́ЛІ (Мераб Ісідаравіч) (н. 1929),

грузінскі скульптар, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1978). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1949—55). Аўтар манум., пластычна выразнага помніка ў гонар 30-годдзя перамогі ў Вял. Айч. вайне (1975, г. Марнеулі), дэкар. скульптуры «Муза» (1971) каля будынка Грузінскай філармоніі, помніка паэту Давіду Гурамішвілі ў Тбілісі (1959—65) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ.:

Воронина Н. Мераб Бердзенишвили: [Альбом] М., 1981.

М.Бердзенішвілі. Манумент Перамогі. 1975.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ (Мікалай Сяргеевіч) (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ЎСКІ (Павел Макаравіч) (25.1.1893, в. Забелы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.10.1962),

бел. графік. Вучыўся ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава ў Мінску, Варшаўскай маст. школе. Сярод твораў: партрэты У.​І.​Леніна (1924), Я.​Купалы (1925), А.​К.​Сержпутоўскага (1929); «Нацюрморт», «Беларускія сяляне» (абодва 1925), «Сыты галоднага не разумее» (1929), ілюстрацыі да кніг «Першыя крокі» Я.​Коласа (1925), «Працавітая дзяўчынка» А.​Якімовіча (1959) і інш.

Л.​Дз.​Налівайка.

П.Гуткоўскі. Беларускія сяляне. 1925.

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ ((Dahl) Юхан Крысціян Клаўсен) (24.2.1788, г. Берген, Нарвегія — 14.10.1857),

нарвежскі жывапісец і графік; заснавальнік нарв. нац. пейзажа. Вучыўся ў Бергене (каля 1808) і ў АМ у Капенгагене (з 1811). З 1818 жыў у Дрэздэне (з 1824 праф. АМ). Зазнаў уплыў ням. рамантызму. Пісаў пераважна суровыя горы, бурлівыя рэкі, ціхія даліны і азёры Нарвегіі: «Від на Фортундаль» (1836), «Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай» (1842) і інш.

Ю.К.К.Даль. Выбух Везувія. 1826.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІ́ (сапр. Дзянісаў) Віктар Мікалаевіч

(8.3.1893, Масква — 3.8.1946),

рускі графік, карыкатурыст. Засл. дз. маст. Расіі (1932). У 1910-я г. працаваў у гумарыстычных часопісах, з 1921 супрацоўнік газ. «Правда». Паліт. плакатам і карыкатурам Д. ўласціва сатыр.-жанравае вырашэнне тэмы, спалучэнне контурнага малюнка з заліўкай лакальнымі колеравымі плямамі (плакат «Антанта», 1919; малюнкі «На барацьбу з беспрытульнасцю», 1926, карыкатуры часоў Вял. Айч. вайны і інш.).

В.Дэні. Карыкатура часоў Вялікай Айчыннай вайны.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)