ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар.Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦККПБ, з 1991 нам.гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;
Журавінавы востраў. Мн., 1998.
Літ.:
Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 4;
Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;
Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.
Літ.:
Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎімя А.С.Пушкіна ў Маскве,
збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.Бракара, В.Мандла, Дз.Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс, П.П.Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.Пусэн, К.Ларэн, А.Вато, Ф.Бушэ, Ж.Л.Давід, К.Каро, Г.Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.Манэ, К.Пісаро, А.Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.Гаген, П.Сезан), а таксама творы А.Матыса і П.Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).
Літ.:
Государственный музей изобразительных искусств им. АС.Пушкина: [Альбом]. М., 1989;
Государственный музей изобразительных искусств им. А.С.Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.
Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна.Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).
2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл.Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш.дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.
На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.Маранобу, К.Утамара, К.Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.Дзюрэр, Г.Гольбейн Малодшы, Л.Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.А.Фраганар, У.Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.Дам’е, У.Блейк, Э.Дэлакруа, В.Васняцоў, І.Білібін і інш.). У І. 20 ст.вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.Пікасо, Р.Гутуза, Р.Кент, У.Фаворскі, А.Канеўскі і інш.).
На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл.сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.Вашчанкаў, Ф.Ангілейкі, А. і Л.Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.Аляшкевіч, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, К.Кастравіцкі, К.Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.Філіповіч, П.Гуткоўскі, А.Тычына, Г.Змудзінскі, В.Дваракоўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.Літко, М.Малевіч, Б.Басаў, А. і В.Волкавы, Я.Мінін і інш. У Вял.Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.Букаты, Дз.Красільнікаў, В.Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.Басалыгі, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г. і Н.Паплаўскія, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, В.Шаранговіч, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
У.Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.Да арт.Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.А.Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.Мсціслаўца. 1575.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНІ́ЦА,
збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.
А.І.Лакотка.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,
раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн.ч.мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).
Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст.англ. мастак У.Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.Матыса, Г.Апалінэра, П.Пікасо, У.Фаворскага, Н.Ганчаровай, І.Білібіна, Ю.Аненкава і інш.).
На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.Макоўскага, Л.Тарасевіча, М. і В.Вашчанкаў і інш.), у 19 ст. — літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.Э.Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.Філіповіч, Ф.Рушчыц. Я.Драздовіч, Л.Лісіцкі, А.Ахола-Вало, В.Дваракоўскі, П.Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.Кашкурэвіча, А.Лось, Б.Заборава, Г. і Н.Паплаўскіх, В.Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г.бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.Селешчука, В.Славука, У.Савіча, М.Казлова, А. і В.Александровічаў, В.Кліменкі, Т.Беразенскай і інш.Іл.гл. таксама да арт.Графіка, Ілюстрацыя.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;
Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.
М.Р.Баразна.
Да арт.Кніжная графіка. М.Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.Да арт.Кніжная графіка. У.Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.Да арт.Кніжная графіка. А.Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.Да арт.Кніжная графіка. П.Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.Да арт.Кніжная графіка. Ю.Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.Блока «Дванаццаць». 1918.
універсальная, агульнадаступная навук.б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.В.Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л.Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял.франц. хронікі з мініяцюрамі С.Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.М.Гарчакова, І.І.Талстога, А.В.Суворава, М.І.Кутузава), вучоных (П.П.Пякарскага, Р.П.Кавалеўскага, А.А.Шахматава), літаратараў (Г.Р.Дзяржавіна, М.Ю.Лермантава, І.А.Крылова, М.В.Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.П.Мусаргскага, М.І.Глінкі, М.А.Балакірава, Дз.С.Бартнянскага, М.А.Рымскага-Корсакава, І.Я.Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.Фірковіча, лісты і творы Дж.Байрана, А.Бальзака, І.Гётэ, В.Гюго, Л.Бетховена, Ж.Бізэ, Ф.Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.В.Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кінавук.прац.Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел.літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.І.Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.Ф.Ратча, І.П.Карнілава, П.М.Бацюшкава, П.А.Гільтэбранта, З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баяровіча, М.С.Куторгі, Л.І.Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.А.Касовіч, бібліятэказнаўцы І.Д.Іваноўскі, В.І.Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.Я.Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.