«НА́ША ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. штотыднёвая газета. Выдавалася з 24.12.1920 да 8.7.1921 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Асн. ўвагу аддавала паліт. і эканам. становішчу Зах. Беларусі, пашырала ідэі нац.вызв. руху. Выкрывала палітыку бурж.памешчыцкіх колаў, уздымала зямельнае пытанне, змагалася за бел. культуру і асвету. Згуртавала вакол сябе значныя літ. сілы. На яе старонках з апавяданнямі і публіцыст. артыкуламі выступалі Гарэцкі (пад псеўданімамі А.Мсціслаўскі, Дзед Кузьма і інш.), А.Луцкевіч, М.Краўцоў (Косцевіч), Л.Родзевіч, І.Канчэўскі, Ю.Лістапад, з вершамі І.Дварчанін, С.Шыманоўскі, К.Сваяк, П.Прадуха і інш. Друкаваліся творы К.Лейкі, П.Простага, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота, творы з фалькл. збораў А.Сержпутоўскага, нар. песні з Сакольшчыны. Змяшчала матэрыялы па пытаннях развіцця тэатра, выяўл. мастацтва, л-ры, гісторыі бел. культуры. Выйшла 27 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыцця бел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.Акінчыца, Казлоўскага і К.Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.
С.І.Ёрш.
т. 11, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СНАПО́К»,
заходнебеларускі ілюстраваны дзіцячы часопіс. Выдаваўся з мая 1937 да вер. 1939 у Варшаве на бел. мове. Рэдактар-выдавец С.К.Паўловіч. Меў на мэце пашыраць асвету на роднай мове, садзейнічаць фарміраванню дэмакр. поглядаў, абуджаць нац. свядомасць, далучаць да скарбніцы нац. і сусв. культуры. Змясціў артыкулы Паўловіча пра асветнікаў Кірылу і Мяфодзія, Ефрасінню Полацкую, арх. помнікі Беларусі; Р.Шырмы пра каляндарна-земляробчыя святы, звычаі, нар. песні; нарысы М.Караленкі пра прыроду, пазнавальныя матэрыялы пра бел. рэкі, паветраплаванне і інш. Друкаваў творы М.Танка, М.Васілька, М.Машары, Н.Тарас, А.Дубровіча, байкі Я.Быліны, казкі, песні, прыказкі, загадкі. Перадрукоўваў вершы і ўрыўкі з паэм Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, К.Буйло, Я.Журбы і інш. Змяшчаў у перакладзе творы М.Лермантава, Ф.Цютчава, І.Нікіціна, Г.Сянкевіча і інш.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЯЛЯ́НСКАЯ НІ́ВА»,
грамадска-палітычная, літ. і гасп. газета Беларускага сялянскага саюза. Выдавалася з 6.12.1925 да 7.7.1930 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Выдавец Ф.Ярэміч. Проціпастаўляла сац.-паліт. і нац. інтарэсы зах.-бел. сялянства «нацыянальна-чужому» гораду, культывавала бел. сял. традыцыі. Адстойвала сваю тактыку барацьбы за нац. незалежнасць. Друкавала вершы М.Васілька, М.Краўцова, Т.Леўчыка, Улад-Ініцкага (У.Паўлюкоўскага), Ф.Грышкевіча, Я.Башкіра (І.Пачопкі), П.Крэня, С.Пеюна (Новік-Пеюна), П.Сокала (Масальскага), Я.Нарцызава (Драздовіча), апавяданні А.Васілеўскага, С.Грынкевіча. Змясціла агляд творчасці Я.Купалы, зроблены Я.Светазарам (Краўцовым), рэцэнзію на зб. паэзіі У.Жылкі «На ростані», літ.-гіст. нататку пра Эмілію Плятар, фалькл.-этнагр. артыкулы М.Вяршыніна, М.Пецюкевіча, перадрук паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка», пераклады з Гі дэ Мапасана, А.Дадэ, Э.Заля. Выйшлі 199 нумароў, асобныя канфіскаваны цэнзурай.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (16.1 1837, с. Фядорцава Пскоўскай вобл., Расія — 21.3.1892),
расійскі гісторык, публіцыст. Брат В.І.Сямеўскага. Тайны саветнік (1882). Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1852) і Дваранскі полк (Пецярбург, 1854). У 1857—61 на ваен. службе. У 1863—82 на службе ў Дзярж. канцылярыі. У канцы 1850 — пач. 60-х г. супрацоўнічаў у выданнях Вольнай рус. друкарні (Лондан), сабраў вакол сябе гурток апазіцыйна настроеных асоб, быў пад наглядам «Трэцяга аддзялення». У 1870—92 рэд.-выдавец час. «Русская старина». З 1856 друкаваў свае артыкулы і нарысы па рас. гісторыі. Асн. твор — «Нарысы і апавяданні з рускай гісторыі XVIII ст.» (т. 1—3, 2-е выд., 1883—84). Выяўляў і друкаваў дакументы з правінцыяльных і сямейных архіваў, у т. л. мемуары А.Ц.Болатава, Я.П.Шахаўскога, дзекабрыстаў і інш.
Тв.:
Тайная служба Петра I. Мн., 1993.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫНЕ́Ц Антон Эдвард (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),
польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 стаў чл. т-ва філарэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).
Літ.:
Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э.Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ Аляксандр (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),
бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел. каап. банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час. «Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.
А.С.Ліс.
т. 8, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗІ́НСКІ Міхаіл Леанідавіч (20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт. зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.Кіплінга, Р.Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».
Тв.:
Багровое светило. М., 1974.
С.Ф.Кузьміна.
т. 9, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ Мікалай (18.12.1799, в. Міхнаўка Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1865),
гісторык, выдавец гіст. крыніц. З 1820 вучыўся ў Віленскім ун-це. У ліст. 1823 — крас. 1824 зняволены за ўдзел у т-ве філарэтаў. З 1826 вучыўся і працаваў у Пецярбургу. З 1829 у Вільні, да 1840 працаваў у Радзівілаўскай камісіі. Выдаў: польскі пераклад П.Каханоўскага паэмы Т.Таса «Вызвалены Іерусалім» (1826), «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 2, 1844, з А.Пшаздзецкім), «Хроніку» М.Стрыйкоўскага (т. 1—2, 1846), пераклаў і выдаў частку «Гісторыі Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» Б.Вапоўскага (т. 1—3, 1847—49), творы С.Ласкага (1864) і інш. Аўтар дзённіка (выд. ў 1914 і 1921), успамінаў (1907). Рэдагаваў «Записки Виленской археологической комиссии» (1858, № 1, з А.Г.Кіркорам). Друкаваўся ў час. «Дзённік Віленьскі», «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік»), «Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej» («Гісторыя айчыннай і замежнай дабрачыннасці»), газ. Виленский вестник».
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, апошняе афіц. перыяд. выданне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 30.9.1926 і з 1.12.1926 да 22.1.1927 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 2 разы на тыдзень замест газ. «Народная справа». Выдавец П.Мятла. Пісала пра паліт. і эканам. ўціск народа ў Зах. Беларусі, разгром пав. з’езда БСРГ, арышты дзеячаў БСРГ. Змяшчала лісты, заявы, пратэсты працоўных Зах. Беларусі супраць неправамерных дзеянняў польск. улад, заклікала працоўных быць гатовымі да рэпрэсій супраць дэмакр. грамадскіх арг-цый Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы аб праследаванні ўладамі бел. школ, у параўнальным плане пісала пра паланізацыю ў Зах. Беларусі і беларусізацыю ў БССР. Змясціла п’есу У.Галубка «Суд», каталогі кніг, выдадзеных у БССР і Зах. Беларусі, анатацыі на бел. пераклад паэмы А.Блока «Дванаццаць», час. «Новы прамень», газ. «Белорусская трибуна». Выйшла 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)