сне́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.
2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.
3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.
4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.
1. Хутка ўстаць. Гарбачоў усхапіўся з крэсла, захадзіў па кабінеце. Шашкоў. Хлапчукі паўзком па разоры, па разоры — назад да гумна. Усхапіліся, пабеглі. Паўлаў. // Хутка стаць на ногі. Усхапіўся [Назар] на ногі і хуценька пачаў абуваць чаравікі, быццам і яму трэ было спяшацца на работу. Сабаленка. // Разм. Прачнуўшыся, хутка падняцца з пасцелі; рана ўстаць. Будзіць не давялося: і Раечка і Сямён усхапіліся. Лобан. Назаўтра Міхась усхапіўся да сонца. Якімовіч.
2. перан. Хутка і нечакана пачацца. Пасля адлігі ўсхапіўся мароз. □ Хутка ўсхапілася полымя. Затрашчала, загуло. Гаўрылкін.
3. З’явіцца, ускочыць (пра мазалі, прышчы і пад.). На далонях у хлопцаў усхапіліся крывавыя мазалі. Карпаў. А з Адамам Капам здарылася бяда — ён заснуў на сонцы і назаўтра ў яго ажно пухіры на жываце ўсхапіліся. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́рху, прысл.
1. На паверхні чаго‑н., на чым‑н. Поўная ліпаўка баравікоў... Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык. Лынькоў.
2. У верхняй частцы чаго‑н., над чым‑н. Звычайна ў нарадзе пішацца рабочае заданне, а зверху ставіцца шыфр аддзела, цэха ці аб’екта, куды будзе аднесена гэта работа. Скрыган.
3. Па паверхні, з вонкавага боку. Хлеб зверху заплеснеў. □ Сцюжа прабірае «Салаўя». Але гэта толькі зверху — рукі, твар. Унутры цёпла, ажно горача... Бядуля.
4. У напрамку ўніз; з чаго‑н., размешчанага ўверсе. На дварэ было ціха: ні зверху нічога не падала, ні па нізе не мяло. Лобан. // перан. З боку вышэйстаячых, кіруючых органаў. — Пасля смерці братоў прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да [той] пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.
2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.
3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.
4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́раста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — адміністрацыйна-службовая асоба, якая прызначалася або выбіралася для вядзення спраў якой‑н. абшчыны, арцелі і пад. Царкоўны стараста. □ Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці. Колас. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі; і бацька яе не абы-хто, а сельскі стараста. Мурашка. // У час Вялікай Айчыннай вайны — службовая асоба, якая назначалася акупантамі ў сельскай мясцовасці. Гітлераўцы прапанавалі яму [Шаройку] стаць старастам. Шамякін. Потым паказаўся стараста з двума нямецкімі салдатамі. Пальчэўскі.
2. Асоба, якая выбіраецца або прызначаецца з асяроддзя вучняў, студэнтаў для нагляду за выкананнем дысцыпліны, правіл унутранага распарадку ў класе, гуртку і пад. Стараста гуртка. Стараста класа. □ Стараста прыродазнаўчага гуртка Яша ажно прысягаў перад сябрамі, што Чмыхун — не звычайны вожык. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.
2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.
3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адно пры перамешванні (пра што‑н. разнароднае); утварыць сумесь ці раствор. Гліна змяшалася з пяском. // Зліцца ў адно цэлае, перастаць адрознівацца. Галасы змяшаліся, загудзелі гудам. Якімовіч. Рогат і воплескі змяшаліся разам, Макар ажно ўтуліў галаву ў мяккі каўнер кажуха. Дуброўскі.
2. Размясціцца ў беспарадку, уперамешку адзін з адным; перамяшацца. [Адась:] У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі... Козел. // Схавацца, знікнуць (у натоўпе, сярод людзей). [Люба] выбілася на мост, прайшла яго і змяшалася з натоўпам людзей. Чорны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць звычайны парадак, стройнасць, яснасць; пераблытацца, зблытацца. Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык. І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Баранавых. // Страціць баявы парадак, строй (пра войска). Змяшаліся шэрагі чырвонаармейцаў і партызан. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.
2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.
3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.
4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылі́ў, ‑ліву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліваць — прыліць.
2. Перыядычны пад’ём узроўню акіяна, мора. [Дно] знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Маўр.
3. Паяўленне каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці; прыток. Прыліў рабочай сілы. Прыліў грашовых сродкаў. □ Сталінградская бітва выклікала новы прыліў байцоў у рады народных мсціўцаў. Залескі. У канцы 50‑х гадоў закончыўся прыліў у паэзію тых, хто памятаў вайну непасрэдна, на вачах у каго яна праходзіла. Лойка. // перан. Пра адчуванне паўнаты сіл, энергіі, пачуцця. [Лабановіч] адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей. Колас. Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Шамякін.
4. перан. Уздым у развіцці чаго‑н. Прыліў рэвалюцыйнага руху. □ Пачалі арганізоўвацца калгасы. Не адну ночку сядзелі напралёт. Былі прылівы і адлівы. Гурскі.
5. Спец. Патаўшчэнне на адлітай дэталі. Бакавы прыліў бэлькі. Абсячы прылівы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)