штомесячны навук.-пед. часопіс. Выдаецца з чэрв. 1924 у Мінску на бел. мове. У 1924—29 наз. «Асьвета», 1930—36 «Камуністычнае выхаванне», 1937—39 «Кансультацыя настаўніку», 1940—41 і 1948—59 «Савецкая школа». У студз. 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» (выд. з 1945), выходзіць пад сучаснай назвай. Асвятляе пытанні пед. тэорыі і практыкі, дзейнасць устаноў і органаў адукацыі, арганізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў агульнаадук., сярэдняй спец. і вышэйшай школах, дзіцячых пазашкольных выхаваўчых установах, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пед. работнікаў і інш. Аказвае навук. і метадычную дапамогу пед. грамадскасці Беларусі па адраджэнні нац. сістэмы адукацыі на аснове нар. педагогік і лепшых дасягненняў сав. школы. Асн.рубрыкі: «Арганізацыя народнай адукацыі», «Пытанні педагогікі і псіхалогіі», «Педагагічная навука — школе», «Школа вачамі сацыёлага», «Праблемы сучаснага выхавання», «Псіхалогія навучання і выхавання», «Выхаваўчы працэс: тэорыя і практыка», «Маральнае выхаванне», «Эстэтычнае выхаванне», «Пазакласная работа», «У пазашкольных установах», «Тэма. са школьнай праграмы», «На вашу кніжную паліцу» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл.Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл.печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),
працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.
Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэснерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш.хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд.ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
размеркаванне імавернасці выпадковай велічыні з цэлалікавымі неадмоўнымі значэннямі. Функцыя П.р. такіх велічынь задаецца формулай
, дзе λ > 0 — параметр, які супадае з матэматычным чаканнем і дысперсіяй выпадковай велічыні, k = 0, 1, 2, ... — нумар выпрабавання. Атрымана С.Д.Пуасонам (1837) пры вывядзенні набліжанай формулы бінаміяльнага размеркавання пры вялікім ліку выпрабаванняў.
У тэарэтыка-імавернасных мадэлях П.р. выкарыстоўваецца як набліжанае і як дакладнае размеркаванне. Напр., калі пры n незалежных выпрабаваннях падзеі A1, ..., An назіраюцца з аднолькавай малой імавернасцю p, то імавернасць адначасовага ажыццяўлення якіх-н. k падзей набліжана выражаецца функцыяй pk(np) (гл.Пуасона тэарэма). У прыватнасці, такая мадэль добра апісвае працэс радыеактыўнага распаду і інш.фіз. з’явы. Як дакладнае П.р. выкарыстоўваецца ў тэорыі выпадковых працэсаў, напр., пры разліку нагрузкі ліній сувязі, дзе мяркуюць, што колькасці выклікаў на працягу неперасякальных інтэрвалаў часу ёсць незалежныя выпадковыя велічыні, якія падпарадкоўваюцца П.р.
А.А.Гусак.
Пуасона размеркаванне. Pk(λ) з рознымі значэннямі параметра λ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,
штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм.Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэспрамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш.Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш.Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,
узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).
Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.Гобса, Ж.Б Ламарка, І.Канта, Г.Гегеля, К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, Б.Расела, С.А.Крыпке, Я.Хінцікі.
Літ.:
Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.