размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.

2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.

3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.

5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссячы́ і ссе́кчы, ссяку, ссячэш, ссячэ; ссячом, ссечаце, ссякуць; пр. ссек, ‑ла; зак., каго-што.

1. Моцным ударам (якой‑н. вострай прылады) аддзяліць ад асновы. [Андрэй:] — Хочаш ссекчы дрэва, дык у камель тапаром, у камель. Пташнікаў. Тут, у вёсцы, елкі лапамі шыбы праціраюць! Якую хочаш, ссячы, спаві яе, бы дзіця, аборкай, ускінь на спадарожны грузавік. Лось. Дзічка аднабокая, абгарэлая — усе хаты перастаяла, да новай лепіцца. І карысці з яе нібы ніякай, а шкада ссекчы. Хадановіч. // Высечы поўнасцю (лес, дрэвы); знішчыць. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. [Ціток:] — Лесу на гэтыя акопы трэба — божа мой колькі. Ссякуць усю пушчу, ды і яшчэ мала будзе. Лобан.

2. Зрабіць дробным, пасячы якой‑н. прыладай. Ссячы бульбу.

3. Секучы (шабляй і пад.), б’ючы (палкай і пад.), знішчыць. Ссячы ўсю крапіву ля плота. // перан. Забіць чаргой з кулямёта і пад. Афіцэра Бондар скасіў аўтаматнай чаргой, ссек аднаго салдата, які кінуўся ўцякаць па агародзе. Навуменка.

4. Рассячы чым‑н. вострым у многіх месцах. // Збіць, пабіць, сцябаючы чым‑н. Ссячы пугай спіну. / Пра град, дождж і пад. Град ссек усе буракі. // перан. Спярэсціць (пра хваробу, маршчыны і пад.). Воспа ссекла твар.

5. Пакусаць у многіх месцах; скусаць. Маскіты ссеклі рукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхо́цце, ‑я, н.

Разм.

1. Той, хто (або тое, што) наганяе страх, палохае. Ды і такі добрага страхоцця нагнаў на Віцю той дзядзька, што ехаў у канцы цягніка, — старшы з аховы. Нядзведскі. [Луцэвіч:] О, вы яшчэ, дзеткі, не знаеце пушчы. Яна пагоніць на чалавека такія страхоцці, што калі хто і знойдзе [кветку шчасця], дык пакіне і ўцячэ. Вітка. // Страшная, трагічная з’ява, падзея. Пра тое, што немцы спалілі наш Вялікі Лес, а людзей, насельнікаў вёскі, пагналі ў Нямеччыну — Вяргейчык, па ўсім відаць, яшчэ не ведаў, бо і на чужыну ён паехаў намнога раней, да таго страхоцця, што мы перажылі. Сачанка. // толькі мн. (страхо́цці, ‑яў). Страхі. Пра пана Прусака ў нас расказваюць цэлыя страхоцці. Якімовіч.

2. Пра каго‑, што‑н. пачварнае, брыдкае, што палохае сваім выглядам. — Ну і страшыдла! — заўважыў .. [Сяргей]. — Спаткаешся з такім ноччу дзе ў глухім месцы — падумаеш: здань. І як .. трымаюць такое страхоцце. Машара.

3. у знач. вык. Тое, што і страх (у 2 знач.). Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. Колас. // Вельмі многа. Хораша зімою ў бары. Толькі адно блага: снег глыбокі. Намяло сёлета — страхоцце адно. Савіцкі. — Палічы, колькі часу трэба чакаць, пакуль ты скончыш вучылішча, — страхоцце! Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.

2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.

3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рціся, сатрэцца; пр. сцёрся, сцерлася; зак.

1. Знікнуць ад выцірання, трэння або ад уздзеяння якіх‑н. іншых знешніх прычын. Надпісу на плітах не разабраць: і не цяперашнімі літарамі ён напісаны і ад часу сцёрся. Васілевіч. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. Лынькоў. // перан. Прапасці, знікнуць. Беларусь — я ў гэта веру разам са сваімі героямі — стане горадам-садам, дзе сатруцца, знікнуць усе межы, якія ёсць між горадам і вёскаю: бытавыя, культурныя, матэрыяльныя. Дубоўка. З памяці не маглі сцерціся ні высокія дняпроўскія кручы, ні звонкі бор над ракой. Шахавец.

2. Атрымаць пашкоджанні або стаць тонкім ад трэння, доўгага ўжывання. Прыступкі сцерліся. □ Пакуль адатрэш гразь, дык скарэй сатрэцца скура на далонях. Чарнышэвіч. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Колас. // перан. Пазбавіцца арыгінальнасці (пра словы, думкі і пад.). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя. .. Вы — сцерліся, Да вас прывыклі, Вас не прыкмячаюць. Дзяргай.

3. перан. Змарнавацца, дарэмна страціцца (пра час і пад.). Марыля заплакала. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка. Брыль. Так у Грыпіны і сцерлася жыццё. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каб 1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб 2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)