ссячы́ і ссе́кчы, ссяку, ссячэш, ссячэ; ссячом, ссечаце, ссякуць; пр. ссек, ‑ла; зак., каго-што.
1. Моцным ударам (якой‑н. вострай прылады) аддзяліць ад асновы. [Андрэй:] — Хочаш ссекчы дрэва, дык у камель тапаром, у камель. Пташнікаў. Тут, у вёсцы, елкі лапамі шыбы праціраюць! Якую хочаш, ссячы, спаві яе, бы дзіця, аборкай, ускінь на спадарожны грузавік. Лось. Дзічка аднабокая, абгарэлая — усе хаты перастаяла, да новай лепіцца. І карысці з яе нібы ніякай, а шкада ссекчы. Хадановіч. // Высечы поўнасцю (лес, дрэвы); знішчыць. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. [Ціток:] — Лесу на гэтыя акопы трэба — божа мой колькі. Ссякуць усю пушчу, ды і яшчэ мала будзе. Лобан.
2. Зрабіць дробным, пасячы якой‑н. прыладай. Ссячы бульбу.
3. Секучы (шабляй і пад.), б’ючы (палкай і пад.), знішчыць. Ссячы ўсю крапіву ля плота. // перан. Забіць чаргой з кулямёта і пад. Афіцэра Бондар скасіў аўтаматнай чаргой, ссек аднаго салдата, які кінуўся ўцякаць па агародзе. Навуменка.
4. Рассячы чым‑н. вострым у многіх месцах. // Збіць, пабіць, сцябаючы чым‑н. Ссячы пугай спіну. / Пра град, дождж і пад. Град ссек усе буракі. // перан. Спярэсціць (пра хваробу, маршчыны і пад.). Воспа ссекла твар.
5. Пакусаць у многіх месцах; скусаць. Маскіты ссеклі рукі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)