КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),

духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.

Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел. нац. К. ў працэсе дээтнізацыі сац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв. культ. творчасці (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.​Гольбейн, А.​Дзюрэр, Ф.​Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.​Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.​Вато, Ф.​Гвардзі, К.​Ларэн, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант, У.​Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.​Гоя, Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, А.​Матыс, А.​Менцэль, П.​Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.​А.​Энгр і інш.; у Расіі — К.​Брулоў, А.​Венецыянаў, А.​Кіпрэнскі, В.​Сяроў, М.​Урубель, У.​Фаворскі, А.​Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.​Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.​Аляшкевіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, Я.​Дамель, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.​Аксельрод, А.​Астаповіч, В.​Букаты, С.​Герус, П.​Гуткоўскі, М.​Гуціеў, В.​Дваракоўскі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, Г.​Змудзінскі, С.​Раманаў, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, М.​Тарасікаў, А.​Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.​Александровіч, Л.​Асецкі, В.​Баранаў, М. і У.​Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, Я.​Жылін, М.​Карпук, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Г.​Лось, Л.​Марчанка, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Савіч, М Селяшчук, Р.​Сітніца, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Славук, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.​Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.​Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.​Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.​Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус. жу́желица, укр. жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш. žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб. zauzălaića ’чарвяк’, славен. žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг. жу̀жел, макед. жужел ’тс’. Ц.-слав. жоужєль ’тс’, ст.-рус. жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).

Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус. арл. жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр. жу́жіль ’шлак’, польск. żużel ’тс’, чэш., славац. žúžol ’вугаль’, славен. žužel ’сасновая сажа’, балг. дыял. жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.

Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь*geugelь > žuželь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęcza ‘вясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tyca ‘вясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,

недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.

У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел. к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел. патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),

электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.

Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл. ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн. кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).

На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл. Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс. кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.

Літ.:

Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;

Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.

Я.​П.​Забела.

Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.
Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.
Да арт. Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).

т. 5, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),

нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл. Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).

У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.​Рукевіч, Ф.​Савіч, М.​Валовіч, М.​Лавіцкі, Ш.​Канарскі, М.​Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш. навук. Г.​Жавускі, М.​Грабоўскі, І.​Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.​Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.​Давід і А.​Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;

Философия права. М., 1990.

Літ.:

Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Г.Гегель.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,

матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).

Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.

Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш. гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),

буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс. км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс. км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн. ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс. км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял. трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.

Літ.:

Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;

Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.

А.​М.​Матузка.

Усходні бераг Каспійскага мора.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)