О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,

цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.​Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б. Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр. камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.

У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.

Літ.:

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

М.​А.​Дабрынін, А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.

У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.

Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.​Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).

Літ.:

Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;

Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;

Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;

Српски језик на Крају века. Београд, 1996;

Булахов М.Г. Сербский язык // Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современ. состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,

каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн. фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.

Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.

Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за ​1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл. табл. 1).

У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл. табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.

Літ.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;

Государственный бюджет. Мн., 1995.

М.​І.​Ткачук.

Табліца 1
Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення Гады
1993 1994 1995
Акцызы 16,8 11,0 9,1
Падатак на дабаўленую вартасць 29,6 27,2 23,0
Падатак на прыбытак і даходы 22,9 34,2 32,3
Падаткі з насельніцтва 8,2 10,9 10,5
Падатак на паліва 4,5 4,2 3,0
Падатак на нерухомасць 2,9 0,7 0,3
Плата за зямлю 1,6 2,1 0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый 0,2 0,3 0,6
Зборы і непадатковыя даходы 1,4 3,8 9,1
Адлічэнні на ахову здароўя — 28,0 —
Іншыя даходы 11,8 2,8 14,9
Табліца 2
Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Накіраванне сродкаў Гады
1993 1994 1995
Народная гаспадарка 40,8 27,6 24,3
Сацыяльна-культурныя мерапрыемствы 35,0 35,4 43,5
Навука 1,4 1,1 2,0
Абарона 4,5 5,4 4,9
Праваахоўныя органы 3,9 4,2 7,5
Абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 5,6 4,0
Органы ўлады 1,6 1,4 3,5
Рэзервовы фонд мясцовых органаў 0,9 0,8 0,3
Рэзервовы фонд прэзідэнта — — 0,3
Фонд стабілізацыі эканомікі 0,5 1,2 —
Іншыя расходы 3,8 17,3 9,7

т. 3, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адна́к, (зрэдку ў спалучэнні з часціцай «жа»).

1. злучнік супраціўны. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа. Па сваім значэнні адпавядае злучніку «але» з абмежавальным адценнем. Качак пакуль што няма, аднак яны могуць быць. Брыль. Каб адагнаць сон, [Марылька] устала, прабегла па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі. // У гэтым жа значэнні злучае сказы і члены сказа са значэннем неадпаведнасці. Сашы было не да гэтага хараства, аднак і яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды. Шамякін. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Аднак жа вецер густа халадзіў цела. Чорны. — Што толькі тут можна насіць? — прабурчаў Алесь, узважыўшы сумку на руцэ, аднак закінуў сабе за спіну. Шыцік. // Ужываецца ў складаназалежных уступальных сказах для проціпастаўлення галоўнай часткі даданай. У кватэры хоць і ўсё, здаецца, было па-ранейшаму, аднак адчувалася раптоўная, рэзка падкрэсленая пустата. Зарэцкі. Хаця Уолтэр меў пад шэсцьдзесят, аднак быў бадзёры, рухавы. Гамолка.

2. пабочн. Тым не менш, усё ж, усё-такі. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Капітан, аднак, не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ. [Рыгор:] «Што яна [Ганна] робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба ж было мне з ёю спаткацца». Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ат, выкл.

1. Пры перадачы абвяржэння, рашучага адмаўлення. — Ат, не крывіце душою, дзядзька Цымбал, — высокім нецярплівым голасам умешваецца Ульяна. Скрыган. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў [жонку] Лявон. Дамашэвіч. Сідар кіне недакурак на зямлю, растопча яго і скажа, зневажальна зірнуўшы на Кручка: — Ат, глупства. Чарнышэвіч.

2. Пры перадачы непрыемнасці, адчаю; эх. — Ат! — махнуў рукой стары. — Быў дуб, ды сваё адшумеў. Хадзем вось лепш у хату. Брыль. [Бацька:] — Ат, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю [Гэлькай] няма. Грахоўскі. — Ат, што было, то было, — не залюбіў Сцяпан і, каб перавесці гаворку, зноў пачаў пра сала. Гроднеў.

3. Пры перадачы бесклапотнасці, нядбайнасці: няхай, так. Навіну радасную гэту [прылёг жаваранка] Паслаў адразу ў газету. А што, калі не надрукуюць? Ат, жаваранка й так пачуюць! Вітка. [Цёця Сіма:] — Ат! Зробім усё і без тае цёткі, менш мітусні ў кватэры будзе. Дубоўка. [Васіль Сямёнавіч:] — Ат, што там доўга гаварыць альбо вельмі браць да галавы, калі ўсё ідзе на лад... Паслядовіч.

4. Пры выказванні незадаволенасні, прыкрасці. [Тарэнта:] — Ат, каб не казаць дрэннага слова, не чалавек ты, Мікіта, душы не маеш чалавечай, братавай. Галавач. [Маці:] — Ат, знайшоў каго слухаць — Данілу. Той спіць і ў сне партфель бачыць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палаві́на, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.

3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.

4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.

5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і разглядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Уважліва, пільна агледзець каго‑, што‑н. Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. Колас. Добра разгледзеў Толя ўсю красу раніцы позняй восені толькі за горадам. Якімовіч. Вечарам Шура з Сяргеем вылезлі на бераг, разглядзелі мішэнь. Навуменка. // Пільна ўглядаючыся, заўважыць, убачыць, распазнаць каго‑, што‑н. Асенняя ноч была такая цёмная і над ракой павіс такі густы туман, што твары людзей ніяк нельга было разглядзець. Кулакоўскі. Спыніліся [мужчыны] і ў тумане разгледзелі хату. Пальчэўскі. // перан. Прыгледзеўшыся, заўважыць, разабрацца ў кім‑, чым‑н. [Якаў:] — Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Чарнышэвіч. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Шыцік.

2. Разабраць, абмеркаваць (звычайна з мэтай ацэнкі або прыняцця рашэння). Разгледзець справу ў судзе. □ З надыходам заакіянскай восені на парадку дня Генеральнай Асамблеі ўсё менш застаецца пытанняў, якія трэба разгледзець. Філімонаў. Вярнулася .. [Кавалёва] пад вечар, пакуль разгледзела пошту дома, то ўжо сонца паспела апусціцца за лес. Дуброўскі. [Малюга:] — У мяне тут яшчэ многа заяў, і мы павінны іх разглядзець. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.

2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.

3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.

4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)