1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе.«Звязда».// Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры.Івашын.// Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.
2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.
3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.
•••
Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.
[Ад грэч. epochē — прыпынак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),
біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.
Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.Кетле, англ. вучоных Ф.Гальтана і К.Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.Н.Бернштэйна, А.Я.Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.
Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс.н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]+X−, другасныя [R2NH2]+X−, трацічныя [R3NH]+X− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]+X−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N+CH2COO−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз.прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,
адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. падзеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),
група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).
Тв.:
Калі далёка ты... Мн., 1979;
Я вас люблю... Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1988.
Літ.:
Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;
савецкі вучоны, мысліцель і грамадскі дзеяч; заснавальнік геахіміі, біягеахіміі, радыегеалогіі, цэласнага вучэння аб біясферы, жывой матэрыі (арганізуючай зямную абалонку) і эвалюцыі біясферы ў наасферу (сферу розуму). Сын І.В.Вярнадскага. Акад.АНСССР (Пецярбургскай АН, 1912). Замежны чл. Чэхаславацкай АН (1926), Сербскай АН (1926), Парыжскай АН (1928) і інш. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Навук. і пед. дзейнасць звязана пераважна з Расійскай АН (1906—45) і Маскоўскім ун-там (1890—1911). Адзін з арганізатараў камісіі па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Расіі (1915—30), АНУкр. ССР (першы прэзідэнт 1919—21), Дзярж. радыевага ін-та (дырэктар 1922—39), Біягеахім. лабараторыі АНСССР (дырэктар 1927—45; Ін-т геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вернадскага), міжнар. камісіі па вызначэнні абс. ўзросту горных парод (віцэ-прэзідэнт 1937—45), Камісіі па ізатопах (1938), Уранавай камісіі (1939). Працаваў у Радыевым ін-це ў Сарбоне (Парыж) разам з М.Кюры-Складоўскай, у Карлавым ун-це (Прага). Распрацаваў тэорыю будовы алюмасілікатаў. Ідэі Вернадскага сыгралі выдатную ролю ў станаўленні сучаснай карціны свету. Яго вучэнне аб узаемаадносінах прыроды і грамадства зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне сучаснага экалагічнага ўсведамлення. Стварыў навук. школу рус. мінералогаў і геахімікаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—5. М., 1954—60.
Літ.:
Мочалов И.И. В.И.Вернадский — человек и мыслитель. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,
залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.
Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.
Літ.:
Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ.М., 1977;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.