КАРЫ́БСКІЯ А́НДЫ (Cordillera de los Andes Caribes),
горы на Пн Венесуэлы ў Паўд. Амерыцы. Даўж. каля 800 км. Складаюцца з Берагавой Кардыльеры (выш. да 2765 м) і ўнутранага хр. Серанія-дэль-Інтэр’ёр (выш. да 2600 м). Утвораны з метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі ў восевай зоне. паўд.ч. — з эфузіўных і асадачных парод, у мезакайназоі. Каля паўд. падножжа радовішчы нафты і газу. Хрыбты раздзелены падоўжнай тэктанічнай катлавінай, у межах якой знаходзіцца воз. Валенсія і даліна р. Туй. Землетрасенні. На схілах ксерафітныя лясы і хмызнякі, вышэй за 900—1000 м горныя лістападныя і вечназялёныя лясы. Некалькінац. паркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДЫ́ШКА (Мікалай Аляксандравіч) (13.8.1923, Мінск — 7.11.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Быў рабочым Мінскага будтрэста. Восенню 1941 з групай моладзі стварыў і ўзначаліў падп. групу, якая да крас. 1943 ператварылася ў буйную арг-цыю («Андруша»). З лют. 1943 у складзе групы Мінскага падп. гаркома ЛКСМБ, члены якой падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадай «Штурмавая», падп. арг-цыямі горада. Кіраваў дыверсіямі на гарадской эл. станцыі, чыг. вузле, хлебазаводзе і інш. Арганізацыя перадала партызанам некалькі аўтамашын зброі. Загінуў у баі з гітлераўцамі, якія акружылі явачную кватэру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЖАВА́ТАЎ (Андрэй Мітрафанавіч) (22.8.1907, с. Кіжаватава Бяссонаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 29.6.1941),
удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). У Чырв. Арміі з 1929. Быў нач. 9-й пагранзаставы 17-га Брэсцкага пагранатрада, які размяшчаўся ў цытадэлі Брэсцкай крэпасці. Воіны заставы пад камандаваннем лейтэнанта К. раніцай 22.6.1941 прынялі першы бой з ням.-фаш. захопнікамі, адбілі 6 атак, двойчы контратакавалі. Кіраваў участкам абароны каля Цярэспальскіх варот, быў некалькі разоў паранены. Загінуў у баі, прыкрываючы групу прарыву. Імя К. прысвоена пагранічнай заставе, дзе ўстаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКАЗО́Н (Aristolochia),
род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 350 (паводле інш. даных да 500) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, некалькі відаў ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 дзікарослы К. павойнікавы, або какорнік (A. clematitis) і інтрадукаваныя. Найб. вядомыя К. буйналісты (A. macrophylla) і маньчжурскі (A. manshuriensis).
Шматгадовыя травы і дравяністыя ліяны. Лісце чаргаванае, сэрцападобнае (да 30 см у дыяметры). Кветкі ў пазухах лісця, няправільныя (да 27 см у дыяметры), са складаным прыстасаваннем да перакрыжаванага апылення насякомымі. Плод — каробачка. У лісці і насенні ёсць ядавіты алкалоід арысталахін. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ СЕЗО́НЫ,
часткі года працягласцю ў некалькі месяцаў, якія вызначаюцца кліматычнымі асаблівасцямі. У экватарыяльным поясе з раўнамерным увільгатненнем і малой амплітудай змены т-ры на працягу года К.с. амаль не выяўляюцца. У субэкватарыяльным, трапічным і часткова субтрапічным паясах К.с. вылучаюць у асноўным па рэжыме ўвільгатнення, адрозніваюць сухі сезон (з малой колькасцю ападкаў) і вільготны сезон (са значнай колькасцю ападкаў). Ва ўмераным поясе добра выражаны 4 самаст. сезоны — вясна, лета, восень і зіма, якія вылучаюць пераважна па тэрмічных умовах. Для палярных раёнаў характэрны працяглая зіма і кароткае лета, а пераходныя К.с. выражаны слаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),
англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́ВІЧ (Фёдар Андрэевіч) (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),
адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз. Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькіпадп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),
1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.
2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.
3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,
бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял.Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБАСКРО́Б,
вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.