бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.
2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.
3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.
4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.
2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.
3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.
4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.
Разм.
1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.
2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.
засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.
1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.
2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.
кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.
2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́злы, ‑аў; адз. няма.
1. Сядзенне для фурмана ў перадку экіпажа. — У горад, бацька — сказала.. [Алаіза Пашкевіч] старому, што кляваў носам, седзячы на козлах. С. Александровіч.
2. Прыстасаванне для пілавання дроў у выглядзе бруса на чатырох ножках, збітых крыж-накрыж. Яшчэ з раніцы Еўдакім паклікаў Юрку на дрывотнік. Тут стаялі козлы, на іх ляжала навостраная піла. Курто. // Падстаўка такой формы для ўсякіх іншых мэт. Пад адным з .. [дубкоў] стаяў збіты наспех стол на козлах. Мележ. Большасць трактароў, уведзеных у майстэрню, ужо была разабрана: адзін стаяў на козлах, без матора і кабіны, побач ляжалі на падлозе гусеніцы. Хадкевіч.
3. Спосаб расстаноўкі вінтовак у адным месцы па 3–6 штук крыж-накрыж з апорай на прыклад, штыкамі ўверх. Саставіць вінтоўкі ў козлы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́жні, ‑яя, ‑яе.
Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.
•••
Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спатыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зачапіўшыся за што‑н. пры хадзе, бегу, страціць раўнавагу. На прыступцы лесвіцы .. [Наташа] спатыкнулася і ледзь не ўпала. Гарбук. Нялоўка пераступіўшы парог, .. [Даніла] спатыкнуўся на ручку плуга і ледзь не ўпаў. Краўчанка.
2. перан. Разм. Сустрэць перашкоду ў чым‑н.; патрапіўшы на цяжкасці, спыніць якое‑н. дзеянне, перастаць рабіць што‑н. А як сеў [Валодзька] за стол, спатыкнуўся на першым жа слове. І заела: ні туды, ні сюды. Гамолка. Абмеркаванне ішло гладка. Толькі на Вараціле сход спатыкнуўся. Карпюк.
3. перан. Разм. Зрабіць якую‑н. памылку ў жыцці, дзейнасці. Каб суд яму [кладаўшчыку] ласкава дараваў, То болей ён ужо не спатыкнецца. Корбан. [Бацька:] — Адзін ты мая надзея. Глядзі, сынку, не спатыкніся. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.
1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.
2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.
3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.
•••
Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́мба, ‑ы, ж.
1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара. Па краях стаяць спецыяльныя тумбы ці урны, каб вадзіцелі здалёк маглі заўважыць пляцоўку ці абмінуць. Жычка.
2. Падстаўка для чаго‑н. у выглядзе такога слупка. У пакоі стол з букетам палявых кветак .. Масіўная тумба з вазонам. Чорны. // Ніжняя частка пісьмовага стала ў выглядзе невялікай шафкі з шуфлядамі. За сталом з дзвюма тумбамі сядзеў другі міліцыянер .. і вадзіў алоўкам па аркушы паперы. Арабей.
3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад. Вось .. [чалавек] спыніўся ля круглай рэкламнай тумбы, заклеенай мноствам аб’яў. Мехаў.
4. перан. Разм. зневаж. Пра тоўстага чалавека. Бургамістр .. гыркнуў па сваю палавіну. — Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ім, панам афтэрам, скакаць з вамі, тумбамі! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)