Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТО́ЛІ,
пасада ў ВКЛ. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Намеснік стольніка, дапамагаў яму сервіраваць велікакняжацкі стол. З часам яго функцыі становяцца намінальнымі. З сярэдзіны 17 ст. вядомы павятовыя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).
Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.
Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНСАЛІ́ЗМ (ад а... + лац. mensa стол, трапеза),
форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
застольныя песні, творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),
від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНКУ́ШЫ, Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. мастацтва.