старажытнаплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах (каля 800—900 тыс. гадоў назад), якое папярэднічала Міндэльскаму зледзяненню. Датуецца часам заканчэння фарміравання альпійскай складкавасці і паступовага стварэння рэльефу зямной паверхні, блізкага да сучаснага, канцом неагенавага, або пачаткам антрапагенавага перыяду. Звязана з пашырэннем плошчы зледзянення Альпаў. Вылучаюць некалькі стадый гюнцкага зледзянення. На тэр. СНД адпавядае перыяду адкладу гурыйскіх або апшэронскіх пластоў (каля 1,8—0,7 млн.г.). Некат. даследчыкі параўноўваюць гюнцкае зледзяненне з нараўскім зледзяненнем, што было на тэр. Беларусі і доўжылася прыкладна 40 тыс.г. (600—500 тыс.г. назад) ад канца брэсцкага перадледавікоўя да пач.белавежскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.
Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКСО́ДАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Ixodidae),
сямейства кляшчоў атр. паразітыформных. Каля 1000 вілаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. На Беларусі 12 відаў. Часовыя паразіты млекакормячых, птушак, паўзуноў, земнаводных. Адрозніваюць І.к. пашавых, гняздованоравых і прамежкавых.
Даўж. галодных кляшчоў 1—10 мм, якія лапіліся крыві — да 25 мм. Цела нерасчлянёнае, сплюшчанае. Маюць 4 пары канечнасцей. Ротавыя органы ўтвараюць галоўку, якой клешч прысмоктваецца да гаспадара на некалькі сутак. Яйцы адкладаюць на зямлю. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы і дарослай асобіны. Многія І.к. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. і паразітарных хвароб чалавека, жывёл (кляшчовага энцэфаліту, чумы, бруцэлёзу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЫ́НА, Імерна,
дзяржава на в-ве Мадагаскар у 14—19 ст. Утварылася на цэнтр. плато — у найб. эканамічна развітым раёне вострава. Этн. склад насельніцтва — мерна, адна з груп малагасійцаў. У 14—15 ст. на Мадагаскары склалася некалькіфеад. дзяржаў. У час праўлення караля Раламбу [1575—1610] дзяржава аб’ядноўвала ўсё цэнтр. плато. У 1-й пал. 17 ст. кароль Андрыянзака заснаваў сталіцу І. — г. Аналаманга («блакітны лес», пазней стала называцца Антананарыву). У 17 ст. высокага развіцця дасягнулі ірыгацыйнае земляробства, рамёствы, гандаль. У пач. 18 ст. дзяржава распалася, у 19 ст. аб’ядналася пад назвай Малагасійскае каралеўства (ці каралеўства Мадагаскар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (30.6.1911, г. Растоў, Расія — 8.8.1969),
бел. вучоны-генетык і селекцыянер. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-рс.-г.н. (1959), праф. (1960). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1934). У 1948—61 заг. кафедры пладаводства БСГА, з 1961 заг. аддзела радыяцыйнай генетыкі Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1962 у Бел. ун-це. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве садова-агародных культур, дыферэнцыйнай сістэматыцы раслін. Вывеў некалькі сартоў памідораў.
Тв.:
Частная селекция овощных культур. Мн., 1965;
Овощные растения земного шара. Мн., 1966;
Помология БССР Атлас плодов яблони. Мн., 1972 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЧУ́ГА,
від засцерагальнага ўзбраення, ахоўнае адзенне з жал. кольцаў, прасунутых адно ў адно. Мела выгляд кашулі з доўгімі ці кароткімі рукавамі, маса 5—7 кг. Вынайдзена прыкладна ў 5 ст. да н.э. кельтамі (галамі), хутка пашырылася на У і З Еўропы, у Азіі. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 10—18 ст. Цэлая К. знойдзена на гарадзішчы Оршы (захоўваецца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве), абрыўкі кальчужнага палатна — пры археал. раскопках Брэста, Гродна, Навагрудка, Полацка, Слуцка і інш.Некалькі К. 17 ст. з двайным пляценнем зберагаюцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі.
Да арт.Кальчуга. Усходнеславянскі княжацкі дружыннік 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПРА ((Capra) Франк) (19.5.1897, г. Палерма, Італія — 1991),
амерыканскі кінарэжысёр. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т. Пачынаў як комік у нямых фільмах, паставіў некалькі фільмаў з Г.Лэнгданам, у т. л. «Дужы чалавек» (1926). Лепшыя работы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, свабоднымі дыялогамі, гумарам і прывабнасцю герояў (фільмы «Гэта здарылася аднойчы ў начы», 1934; «Містэр Дзідс пераязджае ў горад», 1936; «З сабою не вынесеш», 1938; за ўсе — прэміі «Оскар»). У час 2-й сусв. вайны кіраваў (з рэж. А.Літваком) стварэннем серыі мантажных фільмаў «Чаму мы ваюем», у т. л. фільма «Бітва за Расію» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.