чо́рны, -ая, -ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю; проціл. белы.

Чорная фарба.

Чорная барада.

Ч. дым.

2. Цёмны, больш цёмны ў параўнанні з чым-н. больш светлым.

Ч. хлеб.

Ч. ад загару.

3. Брудны, запэцканы.

Чорныя рукі ад гразі.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе высокага майстэрства, часта фізічна цяжкі і брудны (пра работу).

Чорная работа.

5. Прызначаны для якіх-н. службовых ці бытавых мэт; не парадны, не галоўны.

Ч. ход.

Чорная лесвіца.

6. Не апрацаваны, чарнавы.

Ч. варыянт рукапісу.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы.

Чорная зайздрасць.

Чорныя справы.

8. перан. Дрэнны, адмоўны.

Чорныя старонкі біяграфіі.

Ч. бок жыцця.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны.

Чорныя думкі.

Чорная доля.

10. перан. Крайне рэакцыйны.

Чорныя сілы.

11. У Рускай дзяржаве 14—17 стст.: цяглавы, падатковы; дзяржаўны, не прыватнаўласніцкі (гіст.).

Чорныя землі.

12. Паводле міфалагічных уяўленняў: вядзьмарскі, чарадзейскі, звязаны з нячыстай сілай.

13. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў.

Чорныя парэчкі.

Чорная рабіна.

Ч. дзяцел.

Чорнае золата

1) нафта;

2) каменны вугаль.

Чорная біржа (чорны рынак) — неафіцыйная біржа (рынак).

Чорная ікра — ікра асятровых рыб.

Чорная кава — моцная кава без малака і вяршкоў.

Чорны лес — лісцёвы лес, чарналессе.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае «супраць абрання» каго-н.

Чорныя металы — назва жалеза і яго сплаваў (сталі, чыгуну і г.д.).

На чорную гадзіну (разм.) — на цяжкі час (пакінуць што-н.).

Ні чорнага ні белага (разм.) — не абазвацца, не сказаць ні слова каму-н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым на самай справе (бачыць, падаваць, паказваць і пад. што-н.).

Чорная косць (костка) (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Чорны дзень (разм.) — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чорным па белым (разм.) — дакладна, выразна, ясна (напісана).

Як чорны вол (рабіць, працаваць; разм.) — рабіць не пакладаючы рук.

|| наз. чарната́, -ы́, ДМ -наце́, ж. і чарно́та, -ы, ДМо́це, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.Г.Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАЛО́ІДЫ

(ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),

група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.

Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.

Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).

Літ.:

Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;

Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;

Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

кірунак у юрыспрудэнцыі і філасофіі права ў 1-й пал. 19 ст. (асабліва ў Германіі). Узнікла на мяжы 18—19 ст. Заснавальнік Г.Гуга. Найб. вядомыя яе прыхільнікі Ф.К.Савіньі і Г.Ф.Пухта. Філас.-прававыя погляды прадстаўнікоў школы сфарміраваліся ў ідэйна-тэарэт. барацьбе з дактрынай натуральнага права, асабліва з палажэннем пра неабходнасць карэннага пераўтварэння паліт. і дзярж. ладу ў адпаведнасці з «прыродай чалавека» і «патрабаваннямі розуму» шляхам прыняцця законаў. Выступленне супраць натуральна-прававой дактрыны надало ідэям гістарычнай школы права кансерватыўны кірунак, што выявілася ў абароне прыгнёту, манархічнай дзяржаўнасці, партыкулярызму феад. права, у адмове ад шэрагу прагрэсіўных на той час паліт. ідэй (тэорыя дагаворнага паходжання дзяржавы, ідэя падзелу ўлад, права народа на рэвалюцыю і інш.). Прадстаўнікі гістарычнай школы права прапаведавалі ўзаемасувязь права і аб’ектыўных працэсаў развіцця грамадскага жыцця, спантаннае, незалежнае ад чалавечай волі ўзнікненне юрыд. нормаў і інстытутаў, узаемадзеянне паміж правам і грамадскімі патрэбамі, што складаюцца стыхійна. Яны абгрунтавалі палажэнне аб тым, што пазітыўнае права не ёсць нешта знешняе адносна грамадства, а карэніцца ў ім самім і залежыць ад умоў грамадскага развіцця. Паводле Гуга, права (падобна мове) не ўносіцца ў грамадства заканадаўцам, а развіваецца самастойна праз стварэнне пэўных формаў сувязі паміж людзьмі. Савіньі бачыў у эвалюцыі права рух нар. духу, г.зн. плаўнае раскрыццё яго субстанцыі па аналогіі з развіццём жывога арганізма з зародка. Пухта сцвярджаў пра бессэнсоўнасць штучнага канструявання і навязвання людзям розных прававых сістэм, якія не прымаюцца грамадствам у выніку адарванасці ад яго асноў. Поглядам прадстаўнікоў гістарычнай школы права ўласціва і пэўная абсалютызацыя пачаткаў нац. самабытнасці, ролі нар. духу і інш.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст. геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).

Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.

На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калаку́н ’звон’ (мазыр., Шатал.), колокор ’бразготкі’ (петрык., Шатал.), сюды ж рус. колокольчик, колокольчики, колокуньчики (Бейл.) ’расліны Campanula persicifolia і Pulsatilla pratensis’. Бел. лексемы, відавочна, аднаго паходжання, паколькі адзначаны на параўнальна кампактнай ц.-палес. тэрыторыі. Па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю нельга меркаваць аб пранікненні лексемы з рус. гаворак і, відаць, з укр. (параўн. геагр. па крыніцах у Грынчэнкі). Як на блізкую тэрытарыяльна можна ўказаць усх.-палес. (Оўруцкі р‑н) калаколо ’загваздка’, аднак фармальнае супадзенне з асновай колокол ’звон’ яшчэ не сведчыць пра генетычную тоеснасцьз ёй усх.-палес. лексемы. Для бел. слова нельга ў прынцыпе выключыць паходжання з рус. гаворак (магчымы старыя міграцыі насельніцтва), аднак »яма пярэчанняў супраць таго, каб лічыць гэта слова архаізмам. У слав. мовах лексема прадстаўлена даволі слаба: укр. зах. колокіл, колокілок. колокіўця ’прыстасаванне ў кроснах з кольцамі, праз якое праходзіць нітка да иічанак’ (прыклад не вельмі надзейны, паколькі другое к тут можа паходзіць з ‑г‑), букав. калакончык, подоконник (у назвах кветак), рус. колокол таксама ў розных значэннях і формах нядрэнна прадстаўлены ў гаворках, ёсць з падобнай да бел. трансфармацыяй — разан. колкай; далей у слав. мовах: палаб. kluoküʼöl, балг. клаколна (клъколна ў старым запісу), ц.-слав. клакол. параўнальна позняе па часе фіксацыі. Не вельмі ясным уяўляецца статус балг. прыклада, паколькі ў таго ж аўтара сустракаецца і лексема клакотна (клъкотна), адносна якой БЕР (2, 414) мяркуе, што тут не выключана магчымасць друкарскай памылкі: ‑г‑ на месцы ‑н‑ як у клаколна. Аднак так жа можна разглядаць і параўноўваючы з балг. клокот і інш. формамі, для якіх некаторая трансфармацыя структуры з’яўляецца натуральнай і адзначана ў гаворках. Слав. лексемы дазваляюць рэканструяваць праформу kelkotъ, якая па ўтварэнню параўноўваецца ў БЕР, 2, 414, з прасл. golgolb — і тут, і ў першым слове рэдуплікацыя асновы. Адпаведнікі да слав. лексемы літ. kankalas (< *kal· kalas), ст.-інд. kalakala ’бязладныя крыкі, шум’, а з паралелей без рэдуплікацыі звычайна прыводзяцца лак. саіаге ’склікаць, выткаць’, ст.-в.-ням. hellan ’гучаць’. З другога боку, паколькі насавы зычны літ. слова kankalas можа быць першасным, яго параўноўваюць са ст.-інд. kankanas, kankanam, kankani ’абруч, кольцападобнае ўпрыгожанне’ і з літ. kanklys і інш. ’гуслі’, гл. Фасмер, 2, 294, дзе літ-pa. У бел. лексемах у выніку дысіміляцыі адбылася замена зычнага (дыстантиая дысіміляцыя л–л, л–р і л–н), падобныя трансфармацыі і ў інш. слав. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калычы́ ’гетры’ (гарад., Касп.; Німа калычоў адзець, а сцюдзёна). Цікава, што лексема звярнула на сябе ўвагу Эпімаха–Шыпілы (гл. таксама Сл. Эп.-Шып.). З іншаславянскіх магчымых паралелей серб.-харв. не зусім дакладвае кальаче ’галёшы’, якое ў Слаўскага, 2, 32, разглядаецца як даволі архаічнае запазычанне, параўн. аднак Скок, 2, 37. дзе kaljaće разглядаецца як белградскі неалагізм, вынік кантамінацыі kalošne < galošne і kaljati (да käo, прасл. каlъ). Фактычна (паколькі версія Скока не бездакорная ў фармальным плане) этымалагічная праблема бел. і серб.-харв. слоў аднолькавая: або параўнальна новае запазычанне і яго магчымая трансфармацыя, або даўняе ўтварэнне (хутчэй за ўсё запазычанне). Цяжкасць нашай задачы ў тым, што слова зафіксавана толькі аднойчы, а ілюстрацыя дадатковай інфармацыі не дае. Перыферыйны характар лексемы сапраўды не выключае, што яна рэпрэзентуе архаічную фор%іу запазычання; параўн. ‑c‑ у *xolša, а таксама меркаванні Скока, І, 670, адносна паходжання ‑sri‑ у klašnja⇉(sn < cčbn). Відавочна, што структура бел. лексемы параўнальна з іншымі магчыма роднаснымі (гл. пад калоша) вымушае дапускаць трансфармацыю структуры (у выніку адаптацыі запазычання?). Бачыць тут новае запазычанне з той жа крыніцы, да якой узыходзіць рус. калошы ’галёшы’, няма падстаў як з фармальнага пункту погляду, так і паводле семантычнага крытэрыю. Семантыка бел. слова сведчыць на карысць архаічнага паходжання, паколькі адпавядае даўняму сінкрэтызму значэнняў гэтай рэаліі. Нельга выключыць, што разглядаемая лексема з’яўляецца слав. архаізмам (а поўнач Беларусі — зона магчымай кансервацыі лексічнай архаікі) або слав. інавацыяй; на гэту магчымасць звярнуў увагу Мартынаў (вусн. паведамл.), маючы на ўвазе як семантычную паралель лац. tibiāle (да tlbia ’галёнка’) ’род галёнкавай абмоткі або панчохі’, тое ж і нагавіцы і да т. п. Калі разумець калымы як славянскае ўтварэнне, можна паспрабаваць, як паказвае лац. прыклад, звязваць бел. лексему з гіпатэтычнай назвай галёнкі *kol∼. Цяжкасці такога рашэння відавочныя. Можна прапанаваць разуменне семантыкі, якое выцякае з магчымага супастаўлення з слав. kolo або з дзеясловам *koliti, рэальна зафіксаваны як быццам толькі ў ст.-польск. мове. З пункту погляду рэалій разумець калымы як першапачатковае ’анучы’, ’шырокія абмоткі’ цалкам магчыма, больш цяжка вытлумачыць слова* утварэнне. Ёсць яшчэ і такі варыянт тлумачэння, які дапускае, што слова можа быць мясцовай інавацыяй, напрыклад, семантычнай, калі яно суадносіцца з рус. уладз. калышки ’жаночыя чаравікі з суконных абрэзкаў’, ярасл. ’рэшткі стаптанага і падранага абутку, апоркі’. Параўн. уладз. палички ’чаравікі’. Інавацыя магла адбыцца на базе значэння ’палатняны абутак, якім абмотваюць ногі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́бен1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)