ДЗІ́КІ (Аляксей Дзянісавіч) (25.2.1889, г. Днепрапятроўск, Украіна — 1.10.1955),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1949). Праф. (1948). З 1910 у МХТ, з 1911 у 1-й студыі МХТ (пазней МХТ 2-і); у 1944—52 у Малым т-ры. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся выразнасцю, сакавітасцю фарбаў, гумарам, жыццялюбствам, філас. глыбінёй: «Блыха» (1925) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1935) паводле М.Ляскова, «Глыбокая правінцыя» М.Святлова (1935), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1953). Педагог яўр. секцыі Бел. драм. студыі ў Маскве. Кіраўнік пастаноўкі «Недарэчнасць» К.Фіна ў БДТ-2 і кансультант пастаноўкі «Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна ў БДТ-3 (1934). Здымаўся ў кіно: «Адмірал Нахімаў», «Кутузаў» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949 (двойчы), 1950.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПІНЭ́ (Dupiney) Вінсент, французскі мастак-картаньер 18 ст. Нарадзіўся ў г. Ліёне (Францыя). Працаваў на ткацкіх прадпрыемствах Ліёна і Берліна. Вырабляў «узорнікі» для тканых паясоў. З 1768 ткач Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, дзе на «французскі манер» арганізаваў вытворчасць узорыстых тканін і паясоў (кіраўнік мануфактуры да 1780, у 1770—77 з Ж.Л.Унардам). Пры ім за першыя 2 гады колькасць варштатаў мануфактуры павялічылася з 6 да 60. Яму належыць шэраг паясоў з дэкорам па канцах у выглядзе 2 дрэў, паміж якімі кошык з кветкамі, над імі вянок, знізу ягня; таксама прыпісваюцца тканіны ў палосы з рэдкімі і дробнымі кветкавымі бутаньеркамі.
Літ.:
Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Museum Narodowego w Warszawe. Warszawa, 1995.
І.М.Каранеўская.
т. 6, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Мікалай Севасцьянавіч) (15.12.1877, в. Прэслаў Запарожскай вобл., Украіна — 26.2.1953),
савецкі славяназнавец-філолаг, гісторык, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1931), ганаровы чл. АН БССР, Балгарскай АН. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1896—97), Нежынскім гіст.-філал. ін-це (1897—1900). Рэктар (1922—25), пасля заг. кафедры (1925—53) слав. філалогіі Ленінградскага ун-та. У 1931—34 дырэктар Ін-та славяназнаўства АН СССР (Ленінград), у 1947—53 кіраўнік ленінградскага аддзялення Ін-та славяназнаўства. Аўтар больш як 500 прац пераважна па балг. л-ры і гісторыі Балгарыі, а таксама этыялогіі славян, гісторыі рус. л-ры, школы і выкладання. Дзярж. прэмія СССР (1948).
Тв.:
Происхождение русского народа. М., 1944;
Славяне в древности. М., 1946;
История Болгарии. Т. 1—4. М.; Л., 1948.
т. 6, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),
дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава і «Алеся» Я.Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.Байсеітавай 1972.
т. 6, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davies) Пітэр Максвел) (н. 8.9.1934, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія),
англійскі кампазітар. Скончыў муз. каледж (1956) і ун-т (1957) у Манчэстэры. У 1959—62 муз. кіраўнік школы ў г. Сайрэнсестэр, з 1966 выкладаў кампазіцыю ва ун-це г. Адэлаіда (ЗША). З 1985 дырыжор Шатландскага сімф. аркестра Бі-Бі-Сі. У 1967 арганізаваў інстр. ансамбль «Піера-плэерс» у Лондане (з 1970 «Агні Лондана»). Распрацаваў сістэму муз. выхавання дзяцей. Сярод твораў: муз.-сцэн. «Восем песень для звар’яцелага караля» (1969), оперы «Тавернер» (1972), «Маяк» (1980), балет «Саламея» (1978); 2 сімфоніі (1976, 1980); саната для 17 духавых інструментаў «Святы Міхаіл» (1957); камерна-інстр. ансамблі; 5 матэтаў для хору а капэла (1959); музыка для дзяцей, у т. л. «Календары пастухоў» (1965), і інш.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Павел Іванавіч) (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар. т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.Купалы.
т. 7, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУ́РА ((Kazuro) Станіслаў) (2.8.1881, б. фальварак Тэклінаполь Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1961),
польскі кампазітар, харавы дырыжор, педагог. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1910) і акадэмію «Санта Чэчылія» ў Рыме (1914). У 1916—39 праф., у 1945—51 рэктар Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік масавых хароў у Варшаве, у т. л. Польскай нар. капэлы, аратарыяльнага хору Варшаўскай філармоніі. Аўтар опер, араторый, сімф. паэм, канцэртаў для розных інструментаў з аркестрам, рамансаў і песень, падручнікаў па спевах для агульнаадук. і муз. школ. У канцы 1920-х г. запісаў у в. Камаі (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) шэраг бел. нар. песень, частку іх апрацаваў для аматарскіх хароў і голасу сола («Чырвоная калінанька», «Малады дубочак» і інш.).
Г.І.Цітовіч.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Кармянскім р-не Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 39 чал., 4 падп. арг-цыі і групы ў вёсках: Бель (кіраўнік І.П.Калякін), Валынцы (Т.І.Абатурава, В.Я.Паўлава), Гарадок (У.І.Майсейкаў, А.А.Вішнеўскі), Струмень (А.І.Хадановіч). Падпольшчыкі збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, рыхтавалі людскія рэзервы, праводзілі сярод насельніцтва паліт. работу, вялі разведку, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партыз. атрадам, брыгадамі 10-й Журавіцкай і № 47 «Перамога», забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партыз. зоны карнікамі ў ліп.—жн. 1942 падпольшчыкі дапамагалі партызанам выходзіць з акружэння, знішчылі лінію сувязі на ўчастку Карма—Літвінавічы, прымалі ўдзел ў разгроме мясц. паліцэйскага ўчастка.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.
В.У.Адзярыха.
т. 8, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).
Г.А.Каханоўскі.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)