кірма́ш, ‑у, м.
1. Продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай. Вясенні Лейпцыгскі кірмаш. □ На кірмашы будуць дэманстравацца цэнтрабежны землясос, кукурузаўборачны камбайн, трактар «МТЗ‑5 МС». «Звязда». // Вялікі святочны базар, звычайна з народным гуляннем. З ранку праз пераезд грукалі фурманкі з далёкіх сёл, кіруючыся, ў мястэчка, на нядзельны кірмаш; ішлі пешыя, несучы, хто што мае, на продаж. Навуменка. На шырокім на Мядзельскім рынку Падрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Танк.
2. перан. Разм. Пра шумнае, ажыўленае зборышча людзей. Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Брыль.
3. Уст. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з’язджаліся паны, купцы, мяшчане .. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.
•••
Не на кірмаш, а з кірмашу хто — пра таго, чые справы ідуць у горшы бок.
[Ням. Kirmes з Kirchmesse.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запалані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак., каго-што.
1. Захапіць, узяць у палон. Гэта я вяду бойку з вартай. Перабіўшы яе, раз’юшаны, віхрам урываюся ў палац, каб запаланіць Псіхею. Сяргейчык. // Скарыць, пазбавіць свабоды, незалежнасці. Прыйшлі з-за мора ворагі Народ запаланіць, Агнём, напалмам, порахам Карэю спапяліць. Танк. // перан. Прывабіўшы, зачараваўшы чым‑н., падпарадкаваць свайму ўплыву. Дзяўчыны сэрца ён запаланіў, прывабіў І да яе ў палон Сам неўзабаве трапіў. Калачынскі. Вучонага пакуль не было, і студэнты незвычайным красамоўствам спрабавалі запаланіць няўрымслівую дзяўчыну. Асіпенка.
2. Заняць, запоўніць сабой якую‑н. прастору. Калідор аж гудзеў ад хлопцаў і дзяўчат, якія раніцаю запаланілі ўвесь будынак. Карпаў. // перан. Нахлынуўшы, запоўніць сабою (пра думкі, пачуцці і пад.). Раптам наляцелі ўспаміны пра Зосю, наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Лупсякоў. І зноў стала шкада сына. Шкада да болю, аж сэрца сціснулася... І трывога нейкая незразумелая, але нязносная запаланіла ўсё нутро. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зе́лле, ‑я, н.
Разм.
1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.
2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.
3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кася́к 1, ‑а́, м.
1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.
2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.
3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.
кася́к 2, ‑а́, м.
1. Гурт кабыл з адным жарабком.
2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.
1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. □ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.
2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.
3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.
4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.
5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нака́т, ‑а і ‑у, М ‑каце, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накатаць (у 1 знач.).
2. ‑а. Рад бярвёнаў, жэрдак і пад., насланых паверх або пад нізам чаго‑н.; насціл. Уздоўж дарогі жаўцелі траншэі, смалістымі канцамі сасновых накатаў бялелі зямлянкі. Ставер. Бліндаж салдацкі ў тры пакаты, І ўсё як трэба ў бліндажы... Калачынскі.
3. ‑а. Слой фарбы на прыладзе для атрымання адбітку на якой‑н. паверхні (на сцяне, паперы і інш.). Тонкі накат фарбы на стэрэатыпе. // Узор на сценах. Праз адчыненыя дзверы ў пакоях відаць быў свежы накат на сценах. Асіпенка.
4. ‑а. Утрамбаваны калёсамі шлях, каляіна. Цвёрды накат дарогі. □ Свежыя пакаты калёс, мноства конскіх слядоў вялі з лясной дарожкі на шлях. М. Ткачоў.
5. ‑у. Спец. Рух па інерцыі.
6. ‑у. Спец. Рух гарматы ўперад пасля аддачы назад пры стрэльбе.
7. ‑у. У більярдзе — спосаб удару, калі шар, якім б’юць, коціцца за шарам, які б’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да наступіць 1.
2. Ведучы актыўныя ваенныя дзеянні, рухацца наперад, весці наступленне 1 (у 2 знач.). Чырвоная Армія хутка пачне наступаць. Чорны. Наступаць танкісты маглі толькі па спецыяльных дарогах. Мележ. // Весці актыўныя дзеянні з якой‑н. мэтай. [Андрэй Міхайлавіч] хадзіў па пакоі.., расказваючы Вісарыёну аб тым, як зменяць свой шлях рэкі, як каналы збяруць стаячыя балотным завадзі, як будзе наступаць чалавек, як будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак.
3. Падступаць да каго‑н. з просьбамі, пагрозамі і пад. — Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, — горача наступала панна Людміла. Колас.
4. перан. Набліжацца да чаго‑н., распаўсюджвацца, насоўвацца на што‑н. Лес дажываў апошнія дні. З таго боку, ад шашы, на яго наступаў рабочы пасёлак. Асіпенка. Хвалі з белымі грабянямі з шумам наступаюць на пясчаны бераг. В. Вольскі.
•••
Наступаць на пяты каму — даганяць каго‑н.
наступа́ць 2, ‑ае.
Незак. да наступіць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падасла́ць 1, ‑дашлю, ‑дашлеш, ‑дашле; ‑дашлём, ‑дашляце; зак., каго-што.
1. Паслаць, накіраваць спецыяльна, з якой‑н. тайнай мэтай. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Асіпенка. Можа гэта.. [Люба] падаслала сваю маці, каб тая і Шуру адгаварыла ехаць [у вёску]. Арабей.
2. Прыслаць, даставіць дадаткова. Падаслаць рабочых на будаўніцтва. Падаслаць яшчэ адну фурманку. Падаслаць грошай да стыпендыі.
3. Разм. Своечасова, к пэўнаму моманту, прыслаць. [Кастусь:] — Ты, брат, як ведаў, што я да цябе збіраюся: падводу падаслаў. Якімовіч.
падасла́ць 2, падсцялю, падсцелеш, падсцеле; зак., што і чаго.
Паслаць што‑н. пад каго‑, што‑н. Падаслаць кажух пад бок. Падаслаць пярыну. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. // каму, каго і без дап. Пакідаць подсцілу пад ногі жывёле. Падаслаць карове. Падаслаць гусей. □ Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў.. [Сымон] жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.
2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.
3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.
2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.
3. у знач. прым. Апрацаваны парай 2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.
4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.
5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)