фо́рма

(лац. forma)

1) знешні выгляд, абрыс прадмета;

2) філас. знешняе выражэнне якога-н. зместу;

3) узор, паводле якога робяцца якія-н. прадметы; прыстасаванне для надання прадметам пэўных знешніх рыс;

4) устаноўлены спосаб, парадак правядзення чаго-н.;

5) аднастайнае адзенне для асоб пэўных катэгорый (напр. школьная ф., ваенная ф.);

6) выгляд, будова, структура чаго-н., абумоўленая зместам;

7) знешні бок мастацкага твора, сістэма мастацкіх сродкаў і прыёмаў;

8) лінгв. сродак выражэння граматычных катэгорый;

9) мат. аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных;

10) палігр. друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РОБАТАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш. Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.

Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э). Паўзаній (2 ст. н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.​Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.​Ж.​Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст). Першы робат сканструяваў амер. інж. Дж.​Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп вучоны Н.​Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн. тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл. Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш. тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.

На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл. Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).

Літ.: Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп. М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ. М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі, У.​М.​Сацута.

Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІФІКА́ЦЫЯ,

гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.​Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац. Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас. дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкі Сав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр. БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).

Літ.:

Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;

Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АН СССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;

Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава, С.​М.​Ходзін.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нату́ра, ‑ы, ж.

1. Характар, тэмперамент чалавека. У атрадзе Цыганка любілі. У суровых умовах жыцця вельмі да спадобы прыйшлася ўсім яго вясёлая натура. Шчарбатаў. Васіль быў натуры падатлівай і са старэйшымі трымаў сябе заўсёды пакорліва і паслухмяна. Пальчэўскі. / Пра чалавека наогул. [У адрозненне ад Марыны] .. Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая. Колас. // Разм. Чалавечы арганізм, яго асаблівасці. [Вусаты:] — Калі ты будзеш мець такую натуру, што здолееш, заснуць за тры гадзіны да смерці, дык і ніякае смерці тады не будзе. Чорны. [Гунава:] — Калі ў вас такая далікатная натура, не варта было апранаць ваенны мундзір. Самуйлёнак.

2. Рэчаіснасць, рэальнае існаванне чаго‑н. [Караневіч:] Я люблю народную песню ў натуры. Крапіва.

3. Жывыя істоты, з’явы і прадметы рэальнага свету, з якіх малююць, робяць здымкі і пад. [Рамір:] — Я не хачу быць падобны на сотні тых, хто дасканала навучыўся капіраваць натуру. Асіпенка. Вось ён — мой першы альбом. Я завёў яго два гады таму назад, скончыўшы сямігодку. Рысую найбольш партрэты, алоўкам, з натуры. Брыль. // Той, хто пазіруе перад мастаком. Выглядам і адзежай .. [падлеткі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. // Прыродныя абставіны, месца па-за павільёнам, дзе адбываецца кіназдымка.

4. Тавары, прадукты як сродак аплаты замест грошай. Плаціць натурай. □ За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлівала звычайна ад уласніка завода аплату за паслугі — ці то граш[а]мі, ці то натурай — спірытусам. Шынклер.

5. Уст. Прырода. Стварыла натура той горад дзівос, завуць яго людзі — Пачэцкі ўцёс. Дубоўка.

•••

Другая натура — адна з істотных індывідуальных рыс, асаблівасцей, схільнасцей чалавека.

Шырокая натура — пра шчодрага адкрытага чалавека.

[Лац. natura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. што, з інф. і без дап. Даваць якую‑н. раду (у 1 знач.); прапанаваць паступіць пэўным чынам; раіць. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць — радзіць дзед. Лынькоў. Маякоўскі па-сяброўску радзіў не збываць адразу верша з рук: напісаў — замкні яго ў шуфлядзе, як адлежыцца, — судзі, здавай у друк. Таўлай. — А я табе раджу, Пракопавіч, усё ж такі пачытаць крыху агранамічнай літаратуры. Пестрак.

2. каго-што. Прапанаваць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Народная медыцына радзіць палын як сродак ад .. болю пасля ўкусаў крапівы. Дубоўка.

3. Меркаваць, раіцца паміж сабой. Каля платоў сядалі мужыкі. Да ночы там шушукаліся, радзілі. Чэрня.

•••

Раду радзіць — радзіцца, раіцца.

радзі́ць, раджу́, ро́дзіш, родзіць; зак. і незак.

1. каго-што. Тое, што і нарадзіць (нараджаць). Там яе [Марыну] маці радзіла ў хаціне вясковай. Куляшоў. Чаруе рэчачка хлапчынку І родзіць мыслі ў галаве. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, быць урадлівай (пра глебу, зямлю). У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Спустошаная за гэтыя [ваенныя] гады глеба не хацела радзіць. Шахавец. / у безас. ужыв. — Эх, каб у нас усюды так радзіла, як родзіць у Плоскім!.. Ракітны. // Расці; даваць плады (пра расліны). Поле неблагое, на ім родзяць добрыя ільны. Сабаленка. На бугрыне радзілі чарніцы і падасінавікі, лісіцы ўсцілалі мох. Пташнікаў. — Тут сад вымак, і што ні рабі, то малады не вырасце, а калі і вырасце, то радзіць не будзе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казі́ная барада 1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.

Каз́іная барада 2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус. козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр. козляк, рус. дыял. козлик (для Valeriana celtica), польск. kozłek, ст.-польск. kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш. мар. kozelec і чэш., ст.-чэш. kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус. козелок, козельцовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр. смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел. казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozьl- на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв. kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сон 1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон 2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон 1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе. Хадкевіч. Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб. Баранавых. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая. Колас.

2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка. Хадкевіч. Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця. Сабаленка. // перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі. Колас. Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз... Лойка.

3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада. Брыль.

4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны. // Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.

5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.

6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі. Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку. Шчарбатаў.

•••

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)