ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),

польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).

В.​Ф.​Марозаў.

А.Ідзкоўскі.
А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),

узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.

Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.

А.​Р.​Хаткевіч.

Да арт. Кагерэнтнасць. Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя А.​В.​Суворава.

Засн. ў 1946 у г. Кобрын Брэсцкай вобл., адкрыты ў 1948. Пл. экспазіцыі 897 м², больш за 14 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў найб. на Беларусі калекцыя халоднай і агнястрэльнай зброі розных дзяржаў 14—20 ст., абмундзіраванне і рыштунак рус. і зах.-еўрап. войск розных часоў, калекцыі нумізматыкі, у т. л. скарбы манет 16—18 ст., фалерыстыкі, этнаграфіі і прадметаў побыту Кобрыншчыны 19—20 ст., мэблі 16—20 ст., рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы бел. мастакоў М.​Аўчыннікава, І.​Белановіча, П.​Драчова, М.​Немагая, У.​Стальмашонка, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва і інш., скульптуры З.​Азгура, Я.​Вучэціча, С.​Селіханава. У б-цы музея больш за 22 тыс. тамоў.

Н.​М.​Пліско.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА (франц. Société Internationale de musicologie; CIM),

міжнародная арг-цыя музыказнаўцаў. Створана ў 1927 у Базелі (Швейцарыя), з 1949 у сістэме Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА. Мае на мэце стымуляванне даследчай працы ў розных галінах муз. навукі, падтрымку буйных міжнар. музыказнаўчых мерапрыемстваў, устанаўленне кантактаў паміж вучонымі розных краін свету. Праводзіць кангрэсы (з 1930, з 1967 праз кожныя 5 гадоў), выдае час. «Acta musicologica», з Міжнар. асацыяцыяй Муз. б-к выпускае бібліягр. выданні («Міжнародны каталог музычных крыніц», «Міжнародны каталог музычнай літаратуры» і «Міжнародны каталог музычнай іканаграфіі»), Дырэкторыя т-ва выбіраецца на кангрэсах ад краін, якія маюць не менш як 30 членаў т-ва. Рас. музыказнаўцы і вучоныя інш. краін СНД і Балтыі ўдзельнічаюць у рабоце т-ва з 1961.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

receive [rɪˈsi:v] v.

1. атры́мліваць (у розных знач.);

receive information атры́мліваць інфарма́цыю;

We received numerous complaints about the airport noise. Мы атрымалі шматлікія скаргі на шум аэрапорта;

receive severe injuries быць жо́рстка збі́тым

2. прыма́ць (гасцей, наведвальнікаў)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ДЫНА́МІКА ў музыцы,

адзін з бакоў арганізацыі музыкі як працэсу; характарызуецца зменамі гучнасці, шчыльнасці гучання і тэмпу. У больш шырокім сэнсе — любыя змены ў муз. развіцці, а таксама іх адлюстраванне ва ўспрыняцці. Вызначаецца дзеяннем розных якасцей муз. гуку (вышыня, сіла, працягласць, тэмбр), інтэнсіўнасцю і частатой змен розных параметраў. Выяўляецца ў мелодыі, гармоніі, рытміцы, тэмпе, фактуры і інш., на розных узроўнях муз. развіцця (напр., у асобным гуку, у матыве, фразе, частцы, цыкле). Найб. дэталёва Д. ў музыказнаўстве разглядаюць як сукупнасць з’яў, звязаных з гучнасцю, і як вучэнне пра гэтыя з’явы. У такім значэнні тэрмін вядомы з 19 ст. Гістарычна распрацавана дакладная сістэма абазначэння дынамічных адценняў (выкарыстоўваюць італьян. тэрміны).

Асн. абазначэнні: forte-fortissimo (fff) — надзвычай гучна, fortissimo (ff) — вельмі гучна, forte (f) — гучна, mezzo forte (mf) — умерана гучна, mezzo piano (mp) — умерана ціха, piano (p) — ціха, pianissimo (pp) — вельмі nixa, piano-pianissimo (ppp) — надзвычай ціха; crescendo (графічнае <) — паступовае ўзмацненне гуку, diminuendo або decrescendo (>) — паступовае аслабленне гуку; раптоўная змена дынамічнага адцення — subito. Д. ўключае таксама акцэнты. Гучнасная Д. мае непасрэдныя адносіны да інтэрпрэтацыі (указанні кампазітара хоць і абавязковыя для выканаўцы, але дазваляюць індывід. трактоўку). Д. — важны сродак муз. выразнасці. Побач з агогікай, артыкуляцыяй, фразіроўкай яна адыгрывае вял. ролю ў муз.-выканальніцкім мастацтве.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

поп-му́зыка

(англ. рор music = папулярная музыка)

назва розных стыляў і напрамкаў лёгкай эстраднай музыкі з выразным рытмам, арыентаванай на камерцыйны поспех.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

А́КАЛІ,

паселішча эпохі неаліту, бронзы і ранняга жалеза (3—1-е тыс. да н.э.) на р. Акалі ў Эстоніі. Знойдзены прылады працы, кераміка, упрыгожанні розных культур (нарвенскай, тыповай грабеньчата-ямкавай, шнуравой і інш.), якія часткова былі пашыраны і на Пн Беларусі.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАПЕ́РЧАВАЕ ДРЭ́ВА,

агульная назва розных відаў дрэвавых раслін, з млечнага соку якіх атрымліваюць гутаперчу. Найчасцей гутаперчавым дрэвам называюць віды дрэў з трапічных родаў палаквіум, пайена сям. сапотавых, басія сям. лебядовых, таксама з родаў брызгліна сям. брызглінавых, эўкомія сям. эўкоміевых і інш.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)