НАВІ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (25.4.1933, г. Лагойск Мінскай вобл. — 28.11.1979),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод работ: «Год сорак другі», «Памяці герояў Брэста» (абедзве 1962), «Студзень», «Адліга», «Фестывальны засяляецца» (усе 1963), «Партрэт штурмана Галіны Дакутовіч» (1964), «Снегапад», «Жураўлі» (абедзве 1969), «Восень на Мазыршчыне» (1971), «Світанне» (1972) і інш.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАВА (Таццяна Аляксандраўна) (н. 18.1.1957, Мінск),

бел. спартсменка (скарасное падводнае плаванне). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1975). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1978). Чэмпіёнка свету ў эстафеце 4 × 100 м, бронз. прызёр на дыстанцыі 100 м (1976, г. Гановер, Германія). Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1974, 1975, 1976) на дыстанцыі 100 м. Рэкардсменка свету, СССР.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЙМАРК (Лайзер Бенцыянавіч) (26.9.1912, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 13.2.1994),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1982). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1934). У 1949—92 у БСГА. Навук. працы па агратэхніцы вырошчвання зернебабовых культур.

Тв.:

Интенсивные технологии возделывания зерновых и зернобобовых культур в условиях БССР: Сб. науч. тр. Горки, 1989 (у сааўт.).

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСТРЭ́НКА (Ігар Анатолевіч) (н. 21.11.1959, Мінск),

бел. спартсмен (веславанне акадэмічнае). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1983). Бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на васьмёрцы. Чэмпіён свету (1981, г. Мюнхен, Германія), бронз. прызёр (1979, Югаславія) на васьмёрцы. Чэмпіён СССР (1980—81, на васьмёрцы; 1980, на чацвёрцы з рулявым). З 1994 у ЗША.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЙСТЭ́РСТВА»,

штоквартальны навукова-практычны часопіс прафесіянальнай адукацыі. Выдаецца з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах Рэсп. ін-там прафес. адукацыі. Асвятляе стан, перспектывы, дасягненні сучаснай айч. і замежнай адукацыі. Скіраваны на фарміраванне канцэптуальна новых падыходаў у сферы адукацыі. Змяшчае тэарэт. і практычныя рэкамендацыі павышэння майстэрства і ўмельства ў розных відах дзейнасці, навук. распрацоўкі бел. вучоных.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́КНЕР ((Brückner) Аляксандр) (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),

польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф. слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.​Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).

Літ.:

Aleksander Brückner, 1856—1939. Warszawa, 1989.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ СТУДЭ́НТАЎ (БАС),

бел. грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культ., асв., выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Засн.ў 1-й пал. 1981 па ініцыятыве бел. студэнтаў Варшавы і Беластока. У снеж. 1981 з увядзеннем ваен. становішча ў Польшчы дзейнасць БАС спынена. У 1982 працавала нелегальна. З 1983 бел. студэнты дзейнічалі легальна ў рамках Рады культуры пры Цэнтр. радзе культуры т-ва польскіх студэнтаў у Варшаве. Адноўлена ў 1987. 1-ы з’езд адбыўся 17.12.1988 у Беластоку. Вышэйшыя кіруючыя органы — усеаг. сход і гал. рада (знаходзілася ў Варшаве, з 1991 у Беластоку). Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. Выдавала бюлетэні «Апошнія паведамленні БАС» (№ 1—3, 1981, 1988), «Сустрэчы» (№ 1—13, 1983—90), у штотыднёвіку «Ніва» штомесячна змяшчае старонку «Прысутнасць». З 1991 БАС — член-заснавальнік Рады бел. арг-цый у Польшчы. З 1988 БАС узначальвалі Я.​Вапа, У.​Пац, Б.​Кучынская (з 1991).

Л.​У.​Языковіч.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫ ў Празе,

грамадская арг-цыя бел. эмігранцкай інтэлігенцыі.

Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.​Вяршынін, І.​Дварчанін, Т.​Грыб, В.​Грышкевіч, Ф.​Грышкевіч, У.​Жылка, В.​Захарка, А.​Клімовіч, М.​Коберац, П.​Крачэўскі, А.​Орса, В.​Русак, Я.​Станкевіч, М.​Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.

Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ. нац. школ, клубаў, інш. культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч. г. адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч. г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч. г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у т. л. беларуская. Функцыі нац. секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Т пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.​С.​Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел. нац. рух, разам з Вял. бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.​М.​Караткевіча і В.​С.​Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.​Ф.​Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)