закла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; заг. закладзі; зак., што.

1. Пакласці, змясціць куды‑н., за што‑н. Закласці рукі за спіну. □ Уладзімір Ільіч устаў, выпрастаў спіну, заклаў пальцы ў кішэнькі камізэлькі і прайшоўся. Гурскі. // Уставіць, змясціць куды‑н. з пэўнай мэтай, у пэўнай колькасці. Закласці набой у стрэльбу. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавы шнуры. Краўчанка.

2. Адзначыць патрэбнае месца ў кнізе, паклаўшы паміж старонкамі што‑н. [Маша] раскрыла [кнігу] ў тым месцы, дзе было закладзена істужкай, прачытала. Шамякін.

3. Пакласці што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю паверхню чаго‑н. Закласці стол кнігамі.

4. Закрыць, загарадзіць чым‑н. адтуліну, дзірку, праём у чым‑н. Закласці прабоіну ў сцяне цэглай. □ Трэба было ўвайсці па пояс у ваду і, працуючы так, закласці прамыіну мяшкамі з грунтам. Галавач. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыкрыць, схаваць. Муж узяў мяшок.., прыкідаў сенам і заклаў зверху кулямі. Галавач.

5. Пакласці аснову чаму‑н.; пачаць будаўніцтва. Закласці сад. Закласці фундамент дома. // Нарыхтаваць (на зіму). Аднаго разу на праўленні было вырашана закласці ў трэцяй брыгадзе яшчэ чатыры ямы сіласу. Асіпенка.

6. Аддаць што‑н. у заклад пад пазыку. — Кроер, я абарву вам вушы, — сказаў Раткевіч. — Я мяркую, вы яшчэ не заклалі ў карчме вашай шпагі? Караткевіч.

7. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне цяжкасці ў грудзях, вушах, носе. Заклала вушы. Заклала грудзі. Нос заклала.

•••

Закласці асновы (падмурак, фундамент) чаго — даць пачатак чаму‑н., стварыць аснову для развіцця чаго‑н.

Закласці за каўнер — выпіць спіртнога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прылада для шыцця — тонкі металічны шпень з завостраным канцом і вушкам для ніткі. Кравецкая іголка. Машынная іголка. Мяшочная іголка. Уцягнуць нітку ў іголку. □ Ні зямлі, ні каня.. [кравец] не меў, дома сядзеў мала, а паўвека свайго правандраваў па свеце з адмысловай іголкай, шыючы людзям кажухі.. Чорны.

2. Тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння. Патэфонная іголка. Іголка для падскурных упырскванняў.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў. Ядлаўцовая іголка. Хвойныя іголкі. □ Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. // Калючка ў некаторых раслін. Шыпшынавая іголка. Кактусавая іголка.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл. На сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. В. Вольскі.

5. чаго або якая. Тонкі востры крышталь чаго‑н. Іголкі інею. □ Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны.

6. звычайна мн. (іго́лкі, ‑лак); перан. Зласлівыя насмешкі, выказванні. Падпускаць іголкі. □ — Наогул, Шэмет дзівакаваты чалавек. Ты да яго, бывае, як ватка прыляжаш, а ён да цябе вожыкам, іголкі свае так і садзіць. Лобан.

•••

З іголкі — тое, што і з іголачкі (гл. іголачка).

Не іголка (у знач. вык.) — знойдзецца, не згубіцца.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Як іголка ў стозе сена — непрыкметны, якога нельга знайсці. — У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ.

Як на іголках — у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання (быць, сядзець і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.

2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.

3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.

4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.

5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. пачаў, ‑ла, ‑ло; заг. пачні; зак.

1. што або з інф. Прыступіць да якога‑н. дзеяння, узяцца за якую‑н. справу. Пачаць будаўніцтва дома. □ Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. Пчолкі выпаўзлі з калоды, Пачалі збіраць мядок. Чарот. Незнаёмы перапытаў, пэўна, толькі дзеля таго, каб пачаць размову. Ляўданскі. // Адкрыць (пра сход, пасяджэнне і пад.). Алесь пастараўся не заўважыць .. [Сабастыяна] і пачаў сход. Чорны. // без дап. Прыступіць да размовы, гутаркі, спеву. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Брыль.

2. з інф. Праявіць першыя прыкметы якога‑н. дзеяння або стану. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. [Казік] пачаў сагравацца і заснуў, як забіты. Чарнышэвіч. // Пачацца (пра з’явы прыроды). Пачаў падаць снег, густы, спорны. М. Ткачоў. Маланка пачне толькі бліскаць, Здалёку грымоты чутны, — На хвалях, нібыта калыскі, Пустыя калыша чаўны. Кляўко. / у безас. ужыв. Ноччу ішлі па бальшаку. А пачало днець, звярнулі на прасёлкі. Паўлаў. Мяне пачало хіліць на сон. Анісаў.

3. што з каго-чаго. Заняцца кім‑, чым‑н. у першую чаргу. Саўка ідзе ў Вепры — з Вепраў пачне ён сваю работу. Колас. [Зося] пачала працоўнае жыццё з таго, што прапанавалі ёй у трэсце, — стала ўчотчыцай. Кавалёў.

4. што. Прыступіць да выкарыстання, спажывання чаго‑н.; распачаць. Пачаць новую буханку хлеба.

•••

Пачаць з азоў — пачаць з простага, з элементарнага.

Пачаць здалёк (здалёку) — не адразу прыступіць да сутнасці размовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сво́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць. Сіпакоў. // Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Чыгрынаў.

2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. В. Вольскі. Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю. Караткевіч. // Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя. // Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты. Гроднеў.

3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак. // Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска. Сабаленка.

4. Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны. Агняцвет. Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка. // Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны. Машара.

5. Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй. Багдановіч. Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме. Сачанка. // Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам. Чорны. // Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Кулакоўскі. Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч. Ваданосаў. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч. // Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку. Брыль. Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. Колас. [Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы. Лынькоў. [Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш. Калюга.

2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе. Гурскі. Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі. Гарэцкі. // Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца. Асіпенка. Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як².

1. прысл. пыт. і адноснае. Якім чынам.

Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.

2. прысл. пыт. У якой ступені, наколькі.

Як даўно ён паехаў?

3. прысл. азнач. У якой меры, ступені, да чаго.

Як ён пастарэў.

Як я рада!

4. прысл. неазнач. Як-небудзь (разм.).

Трэба ж як знайсці згубленае.

5. прысл. часавае. У які час.

Я гэта бачыў, як ішоў з працы.

6. часц. Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.

Як!

Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.

7. часц. ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.

Ну як мне тут не перажываць.

8. часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.

А ён як ускочыць, пабяжыць!

9. злуч. параўн. Падобна да чаго-н.

Мяккі як пух.

Такі, як і раней.

10. злуч. У якасці каго-, чаго-н.

Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.

11. злуч. Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.

Як кажуць.

Як напрыклад.

12. злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.

Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).

13. злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.

Хто гэта мог зрабіць, як не ты.

Як адзін чалавек — дружна, усе разам.

Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.

Згаджацца як бы нехаця.

Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).

Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.

Раскажы нам, як і што.

Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.

Заходзь да нас як мага часцей.

Як мага лепш.

Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.

Як ні лаюся, не слухаюць мяне.

Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.

Як ні кажы, а свой куток мілы.

Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н.

Яшчэ як сказаць.

Можа, — і не.

Як толькі — адразу, зараз жа.

Як..., так і — злучнік пералічальны.

Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.​Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.​Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, зб-кі твораў А.​Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.​Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.​Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, П.​Нэруды, Н.​Гільена, А.​Міцкевіча, В.​Каратынскага, У.​Бранеўскага, С.​Нерыс, О.​Вацыеціса, С.​Паптонева, С.​Ясеніна, Я.​Еўтушэнкі, Б.​Акуджавы, Б.​Ахмадулінай, М.​Нагнібеды, Р.​Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.​Барсукоў, Г.​Вагнер, З.​Галубіцкая, Я.​Глебаў, У.​Журовіч, М.​Наско, Дз.​Смольскі, М.​Хаўхлянцаў і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Свята пчалы. Мн., 1975;

Белая яблыня грому. Мн., 1979;

Вечалле. Мн., 1980;

Паэмы прызвання. Мн., 1982;

Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;

Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;

Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;

Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;

Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;

Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;

Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;

Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.

Л.​М.​Гарэлік.

Р.І.Барадулін.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)