ДАЖДЖАВА́ННЕ,

спосаб паліву с.-г. культур, пры якім вада распырскваецца дажджавальнымі машынамі і ўстаноўкамі. Увільгатняе глебу, прыземны слой паветра і наземную ч. раслін. Крыніцамі вады для паліву з’яўляюцца рэкі, сажалкі, каналы і інш. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур у зоне няўстойлівага ўвільгатнення. На Беларусі Д. — асн. спосаб паліву шматгадовых траў, культ. пашы і ўчасткаў пад агародніннымі культурамі (пл. 115 тыс. га; 1995). Выкарыстоўваюцца дажджавальныя машыны «Валжанка», «Фрэгат», «Днепр», ДДН-70 і інш. Гл. таксама Арашэнне.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАКСЮ́Р,

старажытнае паселішча (4-е тыс. да н.э.) каля ст. Геаксюр на ПдУ Туркменістана. Пл. 12 га. У выніку раскопак выяўлены шматпакаёвыя жытлы з сырцовай цэглы, якія размяшчаліся па баках вузкіх вуліц, танкасценная кераміка, размаляваная геам. паліхромным арнаментам (т.зв. кераміка геаксюрскага тыпу), тэракотавыя статуэткі ў выглядзе сядзячых жаночых фігурак, часта са складанымі высокімі прычоскамі, пахавальныя збудаванні ў выглядзе купалападобных грабніц з калектыўнымі пахаваннямі. Магчыма, насельніцтва з’явілася тут у выніку племянных перасяленняў з паўд.-ўсх. абласцей Ірана.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, на зах. ускраіне г. Паставы. Пл. 0,92 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 68,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—12 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно складанай будовы, каля берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Востраў пл. 0,9 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Спорыца, злучана ручаём з воз. Загацце.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАТЫА́Я (Itatiaia),

нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс. га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́НАЯ РЫ́ФМА,

канцавая рыфма, якая звязвае не цэлыя словы, а толькі часткі іх, раздзеленыя (разламаныя) міжрадковымі паўзамі:

Яны вучылі ненавідзець пана,
яшчэ — кахаць хаўрус сям’і працоў-
ных і працы. І ў абшарпана-
га пастушка будзілі кроў.
(У.​Дубоўка. «Там, дзе азёры»).

Пры фармальнай зададзенасці Л.р. можа служыць больш дынамічнаму, рытмічнаму стварэнню вобразаў:

Прысніў-
ся мне
звон дзіў-
ны ў сне.
Прыйшоў
я ў гай —
мой жоў-
ты край.
(Я.​Сіпакоў. «Мелодыя на званах»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКА́-УРУБЛЯВЕ́ЦКАЯ,

рэшткі паселішча 4-га тыс. да н.э. каля аднайменнай вёскі ў Камянец-Падольскім р-не Хмяльніцкай вобл. Украіны, на беразе р. Днестр. Адносіцца да ранняга этапу трыпольскай культуры. Складалася з 7 паўзямлянкавых жытлаў, большасць з якіх мела авальную форму дыям. 3—6 м. Адно жытло, памерам 2—3 × 43 м, належала, верагодна, вял. патрыярхальнай сям’і. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, керамічны посуд, упрыгожанні, тэракотавыя статуэткі жанчын і жывёлін.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУР,

1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс. н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз. Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.

2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.

І.​Дз.​Назіна.

Лур старажытны.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Грыўда, каля аўтадарогі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 143 км ад Брэста. 1428 ж., 527 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Ганны. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)