ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).

Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,

літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял. Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.​Аляшкевіча, В.​Ваньковіча, Р.​Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.​Асецкага, К.​Качана, П.​Крахалёва, А.​Шыбнёва, прысвечаныя паэту.

С.​М.​Анісімава.

Міцкевіча Адама дом-музей. Фрагмент экспазіцыі.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.​К.​Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.

Літ.:

Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

Я.​М.​Сахута.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРАГРА́ФІЯ,

электрахімічны метад колькаснага аналізу, якаснага аналізу, а таксама кінетыкі хім. працэсаў. Распрацаваны Я.Гейраўскім (1922), развіты А.Н.Фрумкіным і інш.

Грунтуецца на даследаванні эл.-хім. сістэм з дапамогай іх вольтамперных характарыстык (паляраграм), якія рэгіструюцца палярографамі. Найб. пашырана атрыманне паляраграм з дапамогай спец. ячэйкі, якая мае палярызавальны мікраэлектрод (катод; капіляр, з якога кроплямі выцякае ртуць) і непалярызавальны электрод (анод; слой ртуці на дне ячэйкі). У ячэйку змяшчаюць даследавальны раствор; калі ў растворы ёсць сумесь розных кампанентаў (катыёнаў), паляраграма мае характэрны хвалепадобны выгляд, кожная хваля якога адпавядае пэўнаму катыёну. Вышыня хвалі залежыць ад канцэнтрацыі катыёнаў, што ўзнаўляюцца на катодзе, каэфіцыента дыфузіі, інтэнсіўнасці перамешвання і інш. Метады П. выкарыстоўваюцца для аналізу рэчываў у водных і няводных растворах, вызначэння дамешкаў у сплавах, металах, рудах, хім. рэактывах, а таксама для выяўлення арган. і неарган. іонаў, якія могуць узнаўляцца на катодзе ці акісляцца на анодзе.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

Да арт. Паляраграфія: паляраграма раствору, які мае сумесь катыёнаў.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—2-й пал. 18 ст. Пабудаваны з дрэва на месцы гарадзішча стараж. Рагачова 11 ст., на высокім мысе ў сутоку рэк Дняпро і Друць. У 1750—60-я г. замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з 11 ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, сталовую, 5 жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Гал. ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палаца размяшчаліся флігель (8 жылых памяшканняў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гасп. пабудовы. Перад 2-яруснай брамай-вежай (у 1-м ярусе абапал праезда былі 2 каморы, у 2-м — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пач. 1770-х г. замак прыйшоў у заняпад.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РАМА́ЯНА»

(санскр. «Сказанне пра Раму»),

старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст. н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.

Публ.:

Рус. пер. — Махабхарата. Рамаяна. М., 1974.

Літ.:

Гринцер П.А. «Махабхарата» и «Рамаяна». М., 1970;

Яго ж. Древнеиндийский эпос. М., 1974.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САТУ́РН»

(Saturn),

серыя амер. ракет-носьбітаў (РН), створаных у 1964—67 па праграме «Апалон».

«С.-1» — эксперым. 2-ступеньчатая РН. «С.-1В» — 2-ступеньчатая РН, прызначаная для запуску на каляземную арбіту непілатуемых і пілатуемых касм. караблёў (КК) «Апалон». «С.-5» — 3-ступеньчатая РН для запуску пілатуемых КК «Апалон» на калямесяцавую арбіту, уключаючы высадку касманаўтаў на Месяц. Стартавая маса (разам з КК) да 2950 т. Даўжыня (з карысным грузам і сістэмай аварыйнага выратавання) 110,7 м, дыяметр (без стабілізатараў) 10,1 м. Макс. маса грузу, выведзенага на каляземную арбіту, 142,5 т. У 1967—73 здзейснена 13 пускаў «С.-5» (12 з КК «Апалон» і 1 з арбітальнай станцыяй «Скайлэб»), Запускаюцца з касмадрома на мысе Канаверал.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. «Сатурн». а — запуск 3-ступеньчатай ракеты-носьбіта «Сатурн-5»; 1 — момант старту, 1-я ступень уключаецца на поўную магутнасць; 2—1-я ступень выгарае і адпадае; 3—2-я ступень выгарае і адпадае; 4—3-я ступень выносіць карысны груз у касмічную прастору; б — агульны выгляд.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАДЖ-МАХА́Л,

помнік індыйскай архітэктуры перыяду Вялікіх Маголаў на беразе р. Джамна за 2 км ад г. Агра. Пабудаваны ў 1630—52 (арх., верагодна, Устад-Іса і інш.) як маўзалей жонкі султана Шах-Джахана Мумтаз-Махал. У ім жа пахаваны і сам султан, звергнуты з трона і зняволены ўласным сынам. 5-купальны будынак (выш. з цэнтр. купалам каля 74 м) на платформе (выш. 7 м) з 4 мінарэтамі па вуглах. У плане мае выгляд квадрата са зрэзанымі вугламі. Абліцаваны белым паліраваным мармурам з інкрустацыяй з самацветаў. Фасады аздоблены стральчатымі аркамі, рэльефамі, аформлены парталамі-айванамі. Інтэр’ер маўзалея дэкарыраваны мазаікай з паўкаштоўных і каштоўных парод каменю, разьбой па белым мармуры. Надмагіллі абкружаны мармуровай шырмай ажурнай разьбы. Помнік валодае незвычайным акустычным эфектам. Каля Т.-М. знаходзяцца; саборная мячэць (1648) і гасцініца для паломнікаў, рэгулярны кіпарысавы сад з вадаёмам, каналамі і фантанамі. Маўзалей уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка.

Тадж-Махал.

т. 15, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЕКТО́РЫЯ (ад позналац. trajectorius які належыць да перамяшчэння),

неперарыўная лінія, якую апісвае матэрыяльны пункт пры сваім руху. Т. нябесных цел наз. арбітамі. Калі Т. — прамая лінія, рух пункта наз. прамалінейным, у адваротным выпадку — крывалінейным. Выгляд Т. залежыць ад сіл, што дзейнічаюць на пункт, характару сувязей механічных, пачатковых умоў руху пункта, сістэмы адліку і інш. Напр., Т. пункта, які рухаецца ў цэнтр. полі прыцягнення, залежыць ад яго пачатковай скорасці і можа быць прамой лініяй, эліпсам, гіпербалай, акружнасцю ці парабалай. Вызначэнне Т. для розных цел мае важнае значэнне пры навук. даследаваннях і вырашэнні многіх практычных задач (напр., разлік арбіт штучных касм. аб’ектаў). Знаходжанне Т. руху часціц і цел — адна з задач кінематыкі.

Віды траекторыі цела з пачатковай гарызантальнай скорасцю v0 у полі прыцягнення Зямлі: 1 — акружнасць ( v0 = gR ); 2 — эліпс ( v0 > gR ); 3 — парабала ( v0 = 2gR ); 4 — гіпербала ( v0 > 2gR ); R — радыус Зямлі; g — паскарэнне свабоднага падзення.

т. 15, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЛЕРЭ́НЫ (ад імя Р.Б.Фулера),

алатропныя малекулярныя формы вугляроду, у якіх атамы вугляроду (С) размешчаны ў вяршынях полых шматграннікаў. Адкрыты Р.Кёрлам, Г.Крота, Р.Смелі. Структура, напр., Ф. Сео мае выгляд усечанага ікасаэдра з 60 вяршынямі, так што кожны атам вугляроду належыць двум шасцівугольнікам і аднаму правільнаму пяцівугольніку.

Утвараюцца пры дугавым разрадзе паміж графітавымі электродамі ў інертнай атмасферы (пры гэтым таксама ўтвараюцца вугляродныя нанатрубкі — тубулены). У цвёрдым агрэгатным стане Ф. фарміруюць малекулярныя крышт. структуры — фулерыты, пры легіраванні якіх атрымліваюць фулерыды — перспектыўныя для стварэння звышправаднікоў электрычнасці і інш. Сляды Ф. прысутнічаюць у прыродных мінералах (напр., у шунгіце). Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (для памяншэння трэння), у медыцыне (для транспарціроўкі лекавых прэпаратаў у арганізме чалавека) і інш.

Літ.:

Смолли Р.Е. Открывая фуллерены: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1998. Т. 168, № 3;

Керл Р.Ф. Истоки открытия фуллеренов: эксперимент и гипотеза: Пер. с англ. // Там жа;

Крото Г. Симметрия, космос, звезды и C60: Пер. с англ. // Там жа.

М.​А.​Паклонскі.

т. 16, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)