ДВО́РЖАК ((Dvořák) Антанін) (8.9.1841, в. Нелагазевес, каля Прагі — 1.5.1904),
чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік (разам з Б.Сметанам) чэш.муз. класікі, стваральнік нац. сімфоніі. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Вучыўся ў Пражскай школе арганістаў (1857—59). У 1862—73 альтыст у аркестры Часовага т-ра, у 1873—77 царк. арганіст у Празе. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў у Вялікабрытаніі, Расіі. З 1891 праф. Пражскай кансерваторыі (з 1901 яе кіраўнік). У 1892—95 у ЗША, праф. і дырэктар кансерваторыі ў Нью-Йорку, дзе перабудаваў сістэму муз. навучання. Амер. ўражанні адлюстраваў у сімфоніі «З Новага Свету» (1893) і інш. творах, у якіх на аснове своеасаблівага індывід. стылю ўзнавіў характар і некат. інтанацыйныя асаблівасці негрыцянскага і індзейскага муз. фальклору. Д. развіваў нац. традыцыі і зацвердзіў сусв. значэнне чэш. музыкі. Яго творы адметныя меладычным багаццем, разнастайнасцю рытму і гармоніі, маляўнічасцю інструментоўкі, стройнасцю формы. Жанравыя і рытмаінтанацыйныя асаблівасці чэш. і мараўскага муз. фальклору найб. выявіліся ў камічнай оперы «Кароль і вугальшчык» (1871), патрыятычным гімне «Нашчадкі Белай Гары» (1872), вак. «Мараўскіх дуэтах» (1875—81), асабліва ў «Славянскіх танцах» (1878—87) і «Славянскіх рапсодыях» (1878).
Гіст. мінуламу Чэхіі і нац.-вызв. імкненням народа прысвечаны араторыя «Святая Людміла» (1886), «Гусіцкая уверцюра» (1883), музыка да драм. спектакляў. Яго оперы складаюць аснову нац.муз.-тэатр. рэпертуару: «Ванда» (1876), «Чорт і Кача» (1899), «Русалка» (1901) і інш.Найб. каштоўны ўклад у сусв.муз. культуру — яго 9 сімфоній (1865—93), якія заклалі фундамент нац. сімфанізму, канцэрты для скрыпкі (1880) і для віяланчэлі (2-і, 1895) з аркестрам. З інш. твораў: сімф. паэмы «Вадзяны», «Паўдзённіца» (абедзве 1896), камерна-інстр., у т. л. 12 стр. квартэтаў, 3 квінтэты, фп. трыо «Думкі» (1891), фп. мініяцюры; для хору з арк. «Stabat Mater», Псалм 149, Імша, Рэквіем, Te Deum і інш. Сярод вучняў Д.: І.Сук, О.Недбал, В.Новак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТЭ ((Rothe) Ганс) (н. 5.5.1928, Берлін),
нямецкі даследчык славянскіх культур. Праф. (1965). Правадз.чл. Рэйнска-Вестфальскай АН у Дзюсельдорфе (1979), Украінскай акадэміі навук і мастацтва ў ЗША (1989), замежны чл. Польскай АН у Кракаве (1991). Ганаровы д-р Вроцлаўскага ун-та (1991). Вывучаў філалогію, індагерманістыку і гісторыю рэлігій ва ун-тах Кіля, Марбурга і Лондана (1947—53). У 1954—63 працаваў у Марбургу, з 1964 у Вольным Берлінскім ун-це, у 1966—93 дырэктар Славістычнага семінара Рэйнскага унта імя Фрыдрыха Вільгельма у Боне. Асн. працы ў галіне параўнальнай славістыкі («Гуманізм у славян. Праблемы і задачы», 1993), параўнальнай усх.слав. філалогіі («Роздум над сістэматызацыяй гісторыі культуры Усходняй Еўропы ў храналагічнай паслядоўнасці», 1979), русістыкі («Сляды Гётэ ў станаўленні рускага рэалізму», 1981), паланістыкі («Месца Польска-Літоўскай дзяржавы ў гісторыі культуры Еўропы паміж Усходам і Захадам», 1991), багемістыкі і паўд.-слав. філалогіі («Гуманізм на чэшскіх землях», 1985) і інш. Аўтар прац па беларусістыцы: «Сілабічная метрыка згодна старажытным усходнеславянскім крыніцам» (1978), «Даследаванні па літаратуры і культуры ва Усходняй Еўропе» (1983), «Узнікненне славянскіх культур і іх значэнне ў сучасным свеце» (1984), «Гукі і словы» (1988, пра Ф.Скарыну), «Біблія ў славян» і «Біблія славіка» (1990) і інш. Выдаў зб-кістараж. славян. паэзіі, у т. л.бел.: «Самая старажытная ўсходнеславянская паэзія (1575—1647)» (т. 1—2, 1976—77), «Вершы і песні ва ўсходніх славян (1650—1720)» (1984) і зб. матэрыялаў міжнар. сімпозіума «Беларусь і Захад» (1990) і інш. Адзін з заснавальнікаў серыйных выданняў: «Фундаментальныя даследаванні па славянскай філалогіі і гісторыі культуры» (з 1968), «Біблія славіка» і «Нямецкая бібліятэка Усходу» (з 1988), «Працы па культуры славян» (з 1998). Пад яго кіраўніцтвам пры Бонскім ун-це выконваецца 3-томны праект «Беларусь і Германія. Інтэлектуальныя і культурныя сувязі, 1914—1941» (т. 1. Бібліяграфія, 2000). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур (ЮНЕСКА, 1979), чл.Міжнар.к-та славістаў (1983), прэзідэнт Сучаснай гуманіт. даследчай асацыяцыі ў Лондане (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АНСССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж.славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав. землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.
Літ.:
Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),
бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.Брукнера і У.Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).
Літ.:
Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;
Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бурэ́ніць. Гл. буры́ць2. Дзеяслоў бурэ́ніць узнік з формы буры́ць далучэннем «экспрэсіўнага» дзеяслоўнага суфікса ‑эн‑, вядомага амаль ва ўсіх славянскіх дыялектах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БУЗУ́К (Пётр Апанасавіч) (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Міхаіл Кірылавіч) (19.11.1784 ці 1785, в. Вулька Бельска-падляскага ваяв., Польшча — 3.10.1848),
бел. славіст і арыенталіст. Д-р тэалогіі (1823). З сям’і уніяцкага святара. Скончыў Гал. духоўную семінарыю пры Віленскім ун-це (1812). У 1822—24, 1826—33 праф. Віленскага ун-та, у 1824—26 у ссылцы ў Жыровіцкім базыльянскім манастыры. З 1833 жыў у мяст. Шарашова Пружанскага пав., дзе атрымаў прыход. Даследаваў гісторыю слав. кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра дзейнасць Ш.Фіёля, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Зрабіў навук. апісанне стараж. кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскай б-кі, увёў у навук. ўжытак 1-ю глагалічную друкаваную кнігу «Місал па законе Рымскага двара» (Служэбнік, 1483). Нанава адкрыў для бел. і еўрап. навукі імя і справу Ф.Скарыны, звесткі пра яго ўвайшлі ў ненадрукаваную «Гісторыю славянскіх друкарняў у Літве». Разам з І.М.Даніловічам быў адным з пачынальнікаў бел.нац. адраджэння. З яго багатай творчай спадчыны захаваліся толькі асобныя рукапісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУСЛА́ЎСКІ ((Bogusławski) Войцех) (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),
польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес.нац.драм. і муз.т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.Шэкспір, Мальер, П.Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.