рэ́мень, ‑меня і раме́нь, ‑мня, мн. рамяні, ‑ёў; м.

1. Доўгая паласа вырабленай скуры. За плячыма была вялікая паходная сумка, на рэмені вісела стрэльба. Самуйлёнак. Моцна скруцілі Міколу рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. // Скураны пояс, папруга. Стары туга падпяразваўся рэменем, акуратна заліў сваю бараду і выглядаў куды маладзейшым за свае гады. Шчарбатаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай .. паставе. Ваданосаў.

2. Доўгая паласа вырабленай скуры або моцнай тканіны, якая служыць для перадачы руху ад аднаго шківа да другога. Прывадны рэмень.

3. толькі мн. (рамяні́, ‑нёў). Прыстасаванне для ўвязвання і пераноскі ручнога багажу, якое ўяўляе сабой дзве злучэння перамычкай палоскі скуры або моцнай тканіны са спражкамі. А на іншых ложках — яны яшчэ пахлі свежай фарбай, — ляжалі перавязаныя рамянямі клумкі. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкі ’прыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́ньскураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць спецыялізаваных галін прам-сці, якія вырабляюць прадметы масавага ўжытку: тканіны, трыкатаж, дываны, швейныя, футравыя, галантарэйныя вырабы, абутак, тэхн. тканіны, а таксама сыравіну і зыходны матэрыял для ўласных і інш. галін прам-сці. Выкарыстоўвае сыравіну расліннага (бавоўна, лён, кенаф, каноплі, джут і інш.), жывёльнага (воўна, скуры, футра, шоўк) і хім. (штучныя і сінт. валокны, штучная скура) паходжання. Аб’ядноўвае 19 галін прам-сці і 30 вытворчасцей.

Асн. галіны Л.п.: тэкстыльная (баваўняная, ільняная, шарсцяная, шаўковая, трыкатажная), швейная, гарбарная, абутковая, футравая, скурна-галантарэйная і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Ручны выраб тканін, апрацоўка скур і пашыў абутку ўзніклі ў Індыі, Кітаі і Егіпце задоўга да нашай эры. Як галіна фабрычнай індустрыі склалася ў 2-й пал. 18 ст. Цяпер Л.п. з’яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі развітых краін свету і краін, што сталі на шлях развіцця У 1996 ва ўсім свеце было выраблена 53 893 км² баваўняных і 1182 км² суконных тканін, пашыта 3672 млн. пар абутку (без гумавага). Сярод буйнейшых краін па вытв-сці баваўняных тканін у свеце вылучаюцца Кітай, Індыя, ЗША, Японія, Італія, суконных — Італія, Кітай, Японія, Індыя, ЗША, шаўковых — ЗША, Рэспубліка Карэя, Японія, Індыя, Кітай, абутку — Кітай, Індыя, ЗША, Францыя, Італія. Каля 50% бавоўны-валакна вырабляецца ў Азіі (Кітай, Індыя, Пакістан і інш.), больш за 25% — у Паўн. Амерыцы (ЗША, Мексіка), 33% паставах воўны прыпадае на долю Аўстраліі і Новай Зеландыі, каля 23% — на долю Азіі (Кігай, Індыя, Пакістан, Турцыя і інш.).

На Беларусі ручное ткацтва, выраб сукна, скур, пашыў абутку, швейных вырабаў вядомы здаўна. Першыя прадпрыемствы ўзніклі ў 1730-я г. (выраблялі сукно, паясы, панчохі і інш.). Як фабрычна-заводская Л.п. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Цяпер Л.п. адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. На яе долю ў 1997 прыпадала 8,5% усёй прамысл. прадукцыі і 14,9% занятых у прам-сці. Развіты ўсе важнейшыя галіны Л.п.: тэкстыльная, швейная, гарбарная, абутковая, футравая і інш. У 1997 працавалі 463 прадпрыемствы Л.п. Вытв-сць тканін склала 259 млн. м², у т. л. баваўняных — 47 млн. м², суконных — 9 млн. м², ільняных — 45 млн. м², шаўковых — 67 млн. м². Выпушчана 67 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 44 млн. штук трыкат. вырабаў, пашыта 15,6 млн. пар абутку. Буйнейшыя прадпрыемствы Л.п.: Мінскі камвольны камбінат, Мінская гарбарная фабрыка, Мінская скургалантарэйная фабрыка, Мінскае абутковае аб’яднанне «Прамень», швейная ф-ка трыкат. вырабаў у Мінску «Мілавіца», Аршанскі льнокамбінат, Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ», дывановы камбінат у Віцебску («Віцебскія дываны»), Віцебская гандлёва-прамысловая фірма «Футра», беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці абутку ў Віцебску («Белвест»), Брэсцкі панчошны камбінат, дывановы камбінат у Брэсце («Дываны Брэста»), Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Пінскае прамысл.-гандл. прадпрыемства «Дынама», Бабруйскі скураны камбінат, Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Калінка», Жлобінская фабрыка штучнага футра і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус. дыял. ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус. рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамение ’лес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус. дыял. ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е. *orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ. arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус. зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен. ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл. *ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е. *orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл. *oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.

Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус. ремык, рус. реме́нь ’тс’, польск. rzemień/rzemyk ’тс’, чэш. řernen ’рамень’, славац. remeň, в.-луж., н.-луж. rjemjeń, серб. ре̏мен, харв. rȅmēn, славен. jérmen, rȇmen, балг. ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав. ремень. Прасл. *remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е. *or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням. Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е. reum ’тс’, ст.-в.-ням. riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutisскураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трос1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).

Трос2 ‘ колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινία ‘адростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.

Трос3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́н1 ’лятучая мыш, Vespenugo noctula’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; навагр., КЭС; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Бел., Федар. Рук., Шат., Шэйн, Яруш.), кажанюк (Сцяшк.), кажністы (Радч.). Укр. кожан, кажан. Рус. кожан (арх., паводле Даля, зах. і паўдн.), алан. кожаник, арл. кожанчик ’тс’. Усх.-слав. кожан ’лятучая мыш’ < кожа < kozja. Параўн. яшчэ рус. кожаная птичка, кожаный нетопырь. Укр. форма (з ‑а‑) — вынік пранікнення ў літар. мову слова з акаючых гаворак (з поўначы) або фанетычным шляхам (асіміляцыя), магчыма, таксама ў гаворках. Булахоўскі (Вибрані праці, 2, 162) лічыць, што кажан, калач, хазяін і інш., магчыма, з’яўляюцца беларусізмамі. Аналагічная думка аб уплыве беларускіх або рускіх дыялектаў (разглядаецца шэраг слоў), там жа, с. 239.

Кажа́н2 ’спрытны чалавек’ (Маж. Маг.). Рэгіянальны перанос ад кажан1. Матывацыя ’хударлявы, спрытны’, параўн. з некалькі іншым значэннем рус. дыня. кожанка ’аб сухарлявай жанчыне’.

Кажа́н3 ’чалавек малога росту; дзіця, якое дрэнна расце’ (Чач.), кажанё ’занядбаная маладая жывёліна, звычайна парася’ (КЭС, лаг.), кажанчык ’запаршывелае, закажанелае парася’ (Бяльк.). Рус. смал. кожан ’высахлы грыб’, апог., пск. кожанка ’аб худым кані’; з іншай структурай — ярасл. кожевина ’тс’. Апошняе слова дазваляе меркаваць аб паходжанні разглядаемых лексем ад прыметнікавай асновы кожан‑ (параўн. рус. дыял. кожевыйскураны’), нягледзячы на тое што перанос ад кажан1 (і суфіксальныя вытворныя ад гэтай формы) уяўляецца верагодным (параўн. у Насовіча кожановатый «старообразный, как бы имеющий шероховатость кожи летучей мыши»). Магчыма, чэрв. кажанець ’пакрывацца брудам, апускацца з віду’ (Шат.), тое ж кожаныць у Насовіча з’яўляюцца дзеясловамі ад кажан1 (параўн. кажанаты ’худы, які спыніўся ў росце’. Касп. — «парасяты кажанатыі») ’аслабелая жывёліна’ (КЭС, лаг.), а семантыка кажан3 і пад. лексем абумоўлена дзеяслоўнай семантыкай. Што датычыць храналогіі, то лінгвагеаграфія бел. і рус. слоў сведчыць аб уласна беларускай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць з аднаго месца ў другое або цераз што‑н. Перацягнуць гарматы на новыя пазіцыі. Перацягнуць канапу ў другі пакой. □ Лодку [хлопцы] перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. // Разм. Перавезці, перанесці ўсё, многае. [Тарэнта:] — За зіму лес перацягну, а з вясны, як адсеюся, пачну зруб ставіць. Галавач.

2. перан.; каго. Разм. Угаварыць або прымусіць перайсці ці пераехаць куды‑н.; пераманіць на чый‑н. бок. Перацягнуць сябра з цэха ў лабараторыю. □ [Вэня:] — Памятаеце, як я ўспомніў пра вас і перацягнуў вас з мястэчка сюды? Чорны. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі. Адам Некраш перацягнуў на бок партызан батальённага ўрача, немца Ганса (прозвішча не памятаю). Дзенісевіч.

3. перан.; каго-што. Разм. Паступова выкрадаючы, прысвоіць сабе ўсё, многае. Перацягнуць да сябе чужое дабро. □ — Бач, які ты сквапны, гатоў усё калгаснае перацягнуць сабе. Федасеенка.

4. што. Спец. Перанесці частку набору з адной старонкі на другую.

5. што. Працягнуць што‑н. далей, чым трэба. Перацягнуць лінію.

6. што. Апусціцца ніжэй пад уздзеяннем большага цяжару; пераважыць. Адна шаля перацягнула другую. □ Банжын думае раму партала, на якой будзе стаяць і вежа, і электраматоры, падняць наверх у гатовым выглядзе. А пад’ёмнік.. абавязкова перакуліцца. Рама цяжэйшая — перацягне. Шыцік. // перан. Дабіцца перавагі над кім‑, чым‑н., аказацца больш важкім, значным. Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі рубель.

7. каго. Аказацца мацнейшым у спаборніцтве, пры якім праціўнікі цягнуць што‑н. у розныя бакі.

8. каго-што. Вельмі туга перавязаць, сцягнуць чым‑н. Надзя адарвала яшчэ шкумат ад сваёй кашулі, перацягнула рану, уссунула валёнак. Бураўкін.

9. што. Нацягнуць што‑н. тужэй або яшчэ раз. Перацягнуць шыны на колах. Перацягнуць канапу.

10. чым. Разм. Балюча ўдарыць чым‑н. гнуткім; хвоснуць. Перацягнуць па спіне бізуном. □ Яўхім роў так, нібы яго рэзалі. — Уставай, гад, бо лейцамі перацягну! Чарнышэвіч.

11. што. Перарабіць, нерашыць (пра скураны абутак). Перацягнуць боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)