баваўняная тканіна з пакрыццём з нітрацэлюлозы (гл.Нітраты цэлюлозы) на адным ці абодвух баках; штучная скура. Выкарыстоўваюць для абіўкі мэблі, пераплёту кніг і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРБА́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1908—20 у Мінску. Выпускаў гамбургскі і шчыгрынавы скураны тавар і шавецкія загатоўкі. Меў мех. рухавік. У 1913 працавала 50 рабочых, выпушчана прадукцыі на 190 тыс. руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАВЯ́ШКІ,
у беларусаў абутак з дрэва, які насілі вясной і восенню. Бытавалі ў 19 — пач. 20 ст. пераважна на Гродзеншчыне і на З Віцебшчыны (спарадычна трапляліся ў інш. рэгіёнах Беларусі). Былі 2 тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском і камбінаваныя туфлі на нізкім ці высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЛЫ́, поршні,
у беларусаў старадаўні скураны абутак накшталт лапцей. Шылі з кавалка (радзей двух) ялавай або свіной сырамятнай скуры, мацавалі вакол ступні абораю. Святочныя П. аздаблялі вышыўкай. Бытавалі амаль па ўсёй Беларусі. Часта П. называлі лапці, падшытыя скурай, а на ПдЗ Беларусі — лыкавыя лапці. Рэшткі П. знойдзены пры раскопках стараж. Брэста (11—13 ст.) і Мінска (12—13 ст.). У пач. 20 ст. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «НЁМАН».
Створана ў 1939 на базе б. прыватнай ф-кі. У Вял.Айч. вайну разбурана. У 1947 адбудавана як абутковая ф-ка № 1. У 1956 рэканструявана, у 1962 пабудаваны новы корпус, з 1963 абутковая ф-ка «Нёман». З 1991 акц.т-ва «Гроднаабутак». Цэхі: закройны, штамповачны, пашыўна-загатовачны, клеявы і рантавы. Асн. прадукцыя (1997): скураны абутак мужчынскі, дзіцячы і жаночы. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Германію, Галандыю, Чэхію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТВЕ́РЖЫЧЫ,
бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.У.Кухарэнка і К.В.Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.
Бронзавыя шпілька і фібулы з бескурганнага могільніка Атвержычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАДЗІ́МАВА,
гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. каля в. Нікадзімава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Купалападобным насыпам і валам падзелена на 2 часткі (памеры 40 × 36 і 48 × 48 м). Умацавана валамі выш. 4,5 м. Пры даследаванні выяўлены рэшткі замкнёнай кругавой пабудовы слупавой канструкцыі, падзеленай на асобныя жылыя і гасп. памяшканні. Унутры жылых памяшканняў захаваліся рэшткі агнішчаў. Знойдзены жал. прылады працы і зброя, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, гліняныя прасліцы, льячкі, ліцейныя формачкі, фрагменты ляпнога посуду і інш. Знойдзены скарб: скураны пояс з бронзавымі спражкай і накладкамі, пакрытымі серабром, 2 нажы ў ножнах і крэсіва ў футарале, зліткі і шматлікія бляшкі з алавяніста-свінцовага сплаву. Гарадзішча загінула ад пажару. Лічаць, што тут знаходзіўся адм.-тэр. цэнтр значнай акругі, сядзіба правадыра і яго дружыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),
засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст.наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́,
народны духавы язычковы муз. інструмент. Са старажытнасці вядома пад рознымі назвамі ў многіх народаў свету; у Беларусі, Латвіі, Літве і на Украіне, радзей у Расіі пад назвай «Д.». Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі («перабор» з 7 адтулінамі для выканання мелодыі і 1—2 бурдонныя трубкі«гукі»), якія маюць пішчык з адзінарным язычком з трысцінкі ці гусінага (індычага) пяра. У час ігры дудар націскае левым локцем на мех, паветра паступае ў трубкі і прымушае вібрыраваць язычкі. Гучанне моцнае і рэзкае. На Беларусі Д. была пашырана з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. і ўсх. паветаў Мінскай губерняў. Меладычная трубка найб. пашыранай двухгукавой Д. мае дыятанічны гукарад мажорнага нахілення; адзін гук строіўся ў актаву да меладычнай трубкі, другі — у квінту да першага. Д.«весялуха» была вельмі папулярным муз. інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах, у ансамблі са скрыпкай ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Апошняе публічнае выкананне на Д. адбылося ў 1951 г. ў Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.