САНТ-Э́ЛІЯ (Sant’ Elia) Антоніо (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.​Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.​Т.​Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.

І.​М.​Скварцова.

А.Сант-Элія «Горад будучага». Малюнак. 1914.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧЫ́ЛЯС (Skoczylas) Уладзіслаў (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),

польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЖЭ́ЎСКІ (Stażewski) Генрых (9.1 1894, Варшава — 10.6.1988),

польскі мастак; заснавальнік кірунку геам. абстракцыянізму ў польскім мастацтве. Скончыў Варшаўскую акадэмію прыгожых мастацтваў (1920). У 1923 з У.​Страмінскім, К.​Кобра і інш. заснаваў аб’яднанне геам. абстракцыяністаў «Блок» і аднайм. час. «Blok». У 1924—37 наведаў Парыж, Італію, Германію. Чл. міжнар. і польскіх аб’яднанняў мастакоў «Прэзенс» (і рэдактар аднайм. час. «Praesens», 1926), «Рэвалюцыйныя мастакі» (1930) і інш. З 1962 чл. Міжнар. асацыяцыі мастацтваў пры ЮНЕСКА. Быў прыхільнікам гарманічна рытмізаваных рэльефных кампазіцый: «Контркампазіцыя» (1930—32), «Кампазіцыя» (1932), «Рэльеф чорна-блакітны», «Рэльеф блакітны», «Рэльеф бела-блакітна-жоўты» (усе 1958), «Рэльеф бела-шэры», «Рэльеф белы» (абодва 1961), «Рэльеф бела-чорны» (1962) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Г.Стажэўскі. Рэльеф блакітны. 1958.

т. 15, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́РКУС (Syrkus) Шыман (24.4.1893, Варшава — 8.6.1964),

польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1918—21), Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1922—24). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1922), выкладаў у ім (з 1949 праф.). Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык аб’яднання архітэктараў «Прэзенс» (з 1926). Працаваў разам з жонкай Геленай С. У 1920—30-я г. будаваў асабнякі ў духу функцыяналізму (віла ў Саснаўцы, каля г. Пінск Брэсцкай вобл., 1933—34). У 1940—60-я г. вёў работу па уніфікацыі тыпавога жыллёвага буд-ва (забудова раёна Кола ў Варшаве, 1947—62). Аўтар публікацыі «Варшава функцыяналістычная» (1934, з Я.​Хмялеўскім).

т. 15, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРЫГЕ́РА (de Churriguera),

іспанскія архітэктары і скульптары 17—18 ст.; браты. Хасэ Беніта дэ 4.(21.3.1665, Мадрыд — 2.3.1725) у пабудовах, алтарных кампазіцыях і алтарах-рэтабла спалучаў прыёмы барока з матывамі готыкі і платэрэска, ужываў мудрагелістую арнаментыку, выгнутыя хвалепадобныя карнізы, калоны, пышны скульпт. дэкор: рэтабла касцёла Сан-Эстэбан у г. Саламанка (1693—96), палац у Мадрыдзе (пасля 1689, перабудаваны ў 1774; цяпер Каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда), план г. Нуэва-Бастан з палацам, касцёлам і фабрыкай (1709—13). Яго імем названы ісп. варыянт барока 17—18 ст. — стыль чурыгерэска. У Саламанцы працавалі таксама Хаакін (1674—1724) і Альберта (1676—1740).

Да арт. Чурыгера. Х.Б. дэ Чурыгера. Рэтабла касцёла Сан-Эстэбан у г. Саламанка. 1693—96.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прыбо́р 1 ’камплект, набор прадметаў для карыстання; прыстасаванне, апарат’ (Нас., Ласт., ТСБМ), ’вупраж’ (Сл. ПЗБ), ’ткацкая прылада’ (Сл. Брэс.). Запазычана з рус. прибо́р — аддзеяслоўнага назоўніка ад прибира́ть з рэалізацыяй гістарычнага чаргавання и/о ў корані. Гл. браць.

Прыбо́р 2, прыбо́ры ’ўбор, убранне; адзенне; форма’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Касп., Растарг., Жд.; в.-дзв., бярэз., Сл. ПЗБ; Ян., Нар. Гом.), прыбо́ры ’прыбраны, адзенне’, прібо́ры ’прыборы, уборы’ (Бяльк.). Сюды ж прыбо́р ’зборы ў дарогу; падрыхтоўка да падарожжа’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Да прыбіра́ць, браць (гл.). Параўн. рус. паўдн. прибо́р ’адзенне, убор, убранне; набор прыгожых рэчаў’, ’галаўны ўбор’, ’аздабленне на адзенні ці на галаве’, укр. прибі́р ’адзенне, убор; апрананне, прыбіранне; узорная вышыўка каляровымі ніткамі па лацкане кажушка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРАК (Braque) Жорж (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),

французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.

Ж.Брак. Кларнет і бутэлька рому на каміне. 1911.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ (Bourdelle) Эміль Антуан (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.​Ж.​Русо (1778), А.​Г.​Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.​Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).

Літ.:

Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.

Ж.Гудон. Вальтэр у крэсле. 1781.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СНЕЙ (Disney) Уолт (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),

амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.

Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)