РАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Ciliata),

клас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 падкл.: кругараснічныя інфузорыі, роўнараснічныя інфузорыі, спіральнараснічныя інфузорыі, этнадыніяморфы этнадыяніяморфы і ханатрыхі (Chonotricha). Каля 6,5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў прэсных і марскіх водах, паасобна і калоніямі, некат. здольныя прымацоўвацца да субстрату; састаўная ч. планктону і бентасу. Многія віды — паразіты, некат. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 3 мм. У адрозненне ад сысучых інфузорый цела большасці відаў Р.і. на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла ўкрыта раснічным покрывам (адсюль назва). Форма і афарбоўка цела разнастайныя, шмат бясколерных форм. Кормяцца бактэрыямі. водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажэнне бясполае і палавое.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАСПАРЫ́ДЫІ (Sarcocystis),

мясныя спаравікі, род прасцейшых атр. какцыдый, унутрыклетачныя паразіты млекакормячых, птушак, зрэдку паўзуноў. Узбуджальнікі саркацыстозаў (саркаспарыдыёзаў). Каля 90 відаў.

Маюць складаны тып развіцця са зменай гаспадара. Бясполае размнажэнне (шызаганія) працякае ў арганізме (мышцах) прамежкавага гаспадара, які заражаецца, калі праглынае спарацысты (зародкі) С., што выдзяляюцца канчатковым гаспадаром з фекаліямі. Палавое размнажэнне (гомаганія і спораганія) працякае ў арганізме (кішэчніку) канчатковага гаспадара, які заражаецца пры ўжыванні мяса прамежкавага гаспадара з саркацыстамі (адна са стадый бясполага размнажэння). Спарацысты інвазійныя для прамежкавага гаспадара. Чалавек можа быць прамежкавым (для Sarcocystis lindemanni) і канчатковым гаспадаром С. (S. suihominis, S. bovihominis).

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

давенеі́ды

(н.-лац. davaineidae)

сямейства гельмінтаў класа цэстодаў, кішэчныя паразіты свойскіх і дзікіх курападобных птушак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

апістархі́ды

(н.-лац. opisthorchidae)

сямейства гельмінтаў класа трэматодаў, паразіты рыб, паўзуноў, птушак, млекакормячых і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мікраспары́дыі

(н.-лац. microspondia)

атрад прасцейшых класа кнідаспарыдый; унутрыклетачныя паразіты беспазваночных (чарвей, ракападобных, насякомых) і рыб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ско́ліі

(н.-лац. scoliidae)

сямейства вос; паразіты лічынак пласцініставусых жукоў, якіх адшукваюць у глебе, гнілой драўніне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.

Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСАЕ́ДЫ (Trichodectidae),

сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.

Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.

Валасаеды: 1 — сабачы; 2 — каня; 3 — буйной рагатай жывёлы.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЫ,

зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.

Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.

Восы: 1 — аса германская; 2 — сколія-гігант; 3 — пампіл дарожны; 4 — адынер сценны; 5 — амафіла пясчаная; 6 — аса-блішчанка.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЫ (ад лац. galla чарнільны арэшак),

цэцыдыі, мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)