по́рцыя

(польск. porcja, ад лац. portio = частка)

1) пэўная колькасць чаго-н., якая прызначаецца па норме (напр. п. вады, п. корму);

2) страва або напітак, разлічаныя на аднаго чалавека ў рэстаране ці сталовай (напр. п. кашы, п. марожанага).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вы́скрабці, ‑бу, ‑беш, ‑бе; зак., што.

1. Скрабучы што‑н., зрабіць чыстым, гладкім. Дома жанчына выскрабла падлогу і столь, памыла вокны. Хадановіч. [Дзеці] так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч.

2. Дастаць, выдаліць што‑н. выскрабаннем. Выскрабці рэшткі кашы з гаршка. □ Сяргей Карпавіч выскраб з люлькі попел, начыніў яе свежым тытунём і закурыў. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звары́ць, звару, зварыш, зварыць; зак., што.

1. Прыгатаваць або атрымаць пры дапамозе варкі. Зварыць варэнне. Зварыць суп. Зварыць абед. // Вырабіць, выплавіць (метал). Зварыць сталь.

2. Зрабіць зварку чаго‑н.; злучыць шляхам зваркі. Зварыць рэйкі.

•••

Галава зварыла гл. галава.

Кашы (піва) не зварыш з кім — не дагаворышся з кім‑н.

Як варам зварыла — пра раптоўнае адчуванне млосці, знямогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэнтра́т, ‑у, М ‑раце, м.

1. Спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы. Харчовыя канцэнтраты. Канцэнтрат кашы. Малочны канцэнтрат.

2. Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напрыклад, зерне, макуха, вотруб’е). — Вось пры саўгасе, — гаварыла далей жанчына, — сталі прывозіць пад вясну канцэнтраты, дык і хвароб на ферме паменшала. Кулакоўскі.

3. Прадукт абагачэння карыснага выкапня шляхам канцэнтрацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчыльну́ю, прысл.

1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.

2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́таўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Сорт яблыні, якая дае буйныя, кісла-салодкія яблыкі. Пасадзіць цітаўку. □ На чатырох падводах прывезлі свой сад. Дрэўца ў дрэўца. Антонаўкі, ракеты, цітаўкі. Жычка.

2. Плод гэтай яблыні. Яблыкі ў Вяршковых стаялі.. на ўслоне пасярод двара: два бульбовыя кашы — адзін: з сыпкімі летнімі грушамі, а другі з чырванабокімі цітаўкамі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

навары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак.

1. чаго. Варачы, нагатаваць у патрэбнай колькасці; згатаваць. Дзе бушавала смерць з пажарам, Разложым ціхі аганёк, Абутак высушым, наварым Салдацкай кашы кацялок. Глебка.

2. чаго. Наплавіць у нейкай колькасці. Наварыць сталі.

3. што. Павялічыць (які‑н. металічны прадмет), прыварыўшы кавалак металу. У кузню заходзіла шмат сялян з навакольных вёсак — хто каня падкаваць, хто парог наварыць. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́ла, ‑а, н.

Інструмент у выглядзе завостранага металічнага стрыжня з дзяржальнам для праколвання дзірак, які ўжываецца ў шавецкай і рымарскай справе. Бацьку абрыдлі дратва, шыла і малаток, яго рукі засумавалі па плузе і касе, а сэрца рвалася на лясное прыволле. С. Александровіч. Усе майстры з усяго царства з’явіліся ў сталіцу — .. сталяры з піламі, шаўцы з шыламі... Якімовіч.

•••

Хапіць шылам кашы (патакі) гл. хапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́пісты, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка рассыпаецца на крупінкі, крошкі. Рассыпістая бульба. □ Не прайшло і некалькі хвілін, як на зялёным сукне пісьмовага стала ўжо стаяла вялікая белая міска, поўная гарачай рассыпістай [грэцкай] кашы. Барашка. [Снег] рассыпісты і, здаецца, зусім не падобны на той, што гурбамі асеў вакол на палях, на чорных ялінах, што стаяць ля самай чыгункі. Савіцкі.

2. перан. Дробны, перарывіста. Рассыпісты смех. □ Недзе ўдалечы дробным рассыпістым рэхам пракацілася кулямётная чарга. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)