Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́НАК,

выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).

Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.​Гольбейн, А.​Дзюрэр, Ф.​Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.​Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.​Вато, Ф.​Гвардзі, К.​Ларэн, Н.​Пусэн, П.​П.​Рубенс, Рэмбрант, У.​Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.​Гоя, Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, А.​Матыс, А.​Менцэль, П.​Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.​А.​Энгр і інш.; у Расіі — К.​Брулоў, А.​Венецыянаў, А.​Кіпрэнскі, В.​Сяроў, М.​Урубель, У.​Фаворскі, А.​Ягораў і інш.

На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.​Радзівіла да арх. планаў, А.ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.​Аляшкевіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, Г.​Вейсенгоф, Я.​Дамель, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.​Аксельрод, А.​Астаповіч, В.​Букаты, С.​Герус, П.​Гуткоўскі, М.​Гуціеў, В.​Дваракоўскі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, Г.​Змудзінскі, С.​Раманаў, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, М.​Тарасікаў, А.​Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.​Александровіч, Л.​Асецкі, В.​Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, Я.​Жылін, М.​Карпук, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Г.​Лось, Л.​Марчанка, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Савіч, М Селяшчук, Р.​Сітніца, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Славук, В.​Шаранговіч і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Малюнак. В.ван Гог. Sorrow. 1882.
Да арт. Малюнак. А.​Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.
Да арт. Малюнак. В.​Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.
Да арт. Малюнак. А.​Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.
Да арт. Малюнак. М.​Урубель. Аўтапартрэт. 1904.

т. 10, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),

ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.​Я.​Алібегаў і У.С.​Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.​Ф.​Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАДРАМАТУРГІ́Я,

галіна літаратурна-кінематаграфічнай творчасці; твор К. — сцэнарыйліт. і ідэйна-маст. аснова фільма.

Узнікла і фарміравалася ў працэсе развіцця кінематаграфіі ў выніку творчага засваення вобразных сродкаў літ. прозы і драматургіі ў непасрэднай сувязі з развіццём спецыфічных сродкаў выразнасці кінамастацтва. Па паходжанні і прызначэнні мае дваістую прыроду: сцэнарый з’яўляецца адначасова літ. (публікуецца самастойна) і кінематаграфічным творам, прызначаным для ўзнаўлення на экране. К. вызначае своеасаблівасць увасаблення канфлікту ў сцэнарыі, у будове сюжэта, спецыфіцы кампазіцыі, спосабах характарыстыкі персанажаў. Кінадраматургі звяртаюцца да непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці або адаптуюць для экрана літ. творы (гл. Экранізацыя). На розных этапах развіцця кіно ў розных кінематаграфіях свету існавалі розныя погляды на сутнасць і функцыю К. У сучаснай К. існуе імкненне да спалучэння вобразных сродкаў, яна стала больш свабоднай, разнастайнай па драматургічных канструкцыях, валодае багатай жанравай і стылявой палітрай. У развіццё К. зрабілі ўклад кінадраматургі, кінарэжысёры, літаратары розных краін: Д.​Грыфіт, Ч.​Чаплін, Д.​Нікалс, Б.​Хект, О.​Уэлс (ЗША), Ж.​Прэвер, Ф.​Труфо, А.​Рэнэ (Францыя), Ч.​Дзаваціні, Ф.​Феліні, Т.​Гуэра (Італія), І.​Бергман (Швецыя), А.​Курасава (Японія) і інш. На фарміраванне сав. К. паўплывалі Я.​Габрыловіч, С.​Герасімаў, А.​Даўжэнка, Н.​Зархі, В.​Туркін, Ю.​Тынянаў, В.​Шклоўскі, С.​Эйзенштэйн і інш. Сярод найб. вядомых сцэнарыстаў апошніх дзесяцігоддзяў А.​Агішаў, А.​Адабаш’ян, Э.​Брагінскі, А.​Грэбнеў, Ю.​Дунскі, Р.​Ібрагімбекаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, П.​Фін, В.​Фрыд і інш.

У станаўленні бел. К. ў 1920—30-я г. ўдзельнічалі бел. пісьменнікі М.​Чарот («Лясная быль», 1926, паводле яго аповесці «Свінапас»), П.​Броўка («Хто твой сябар?», 1934, паводле яго аповесці «Каландры»), Я.​Маўр («Палескія рабінзоны», 1935), З.​Бядуля («Салавей», 1937, з М.​Таўбе) і інш.; прафес. сцэнарысты А.​Вольны («Хвоі гамоняць», 1929; «У агні народжаная» і «Атэль «Савой», 1930), Р.​Кобец («Ураган», 1931, з Б.​Брадзянскім; «Двойчы народжаны», 1934; «Шукальнікі шчасця», 1936, з І.​Зэльцэрам) і інш. З канца 1940-х г. сцэнарыі стваралі бел. пісьменнікі А.​Маўзон («Канстанцін Заслонаў», 1949), К.​Крапіва («Пяюць жаваранкі», 1950; «Хто смяецца апошнім», 1954), М.​Лынькоў («Міколка-паравоз», 1957, з М.​Садковічам), А.​Куляшоў («Чырвонае лісце», 1958, з А.​Кучарам), Кучар («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958, з М.​Фігуроўскім), К.​Губарэвіч («Дзяўчынка шукае бацьку», 1959, з Я.​Рысам; «Паланэз Агінскага», 1971), В.​Быкаў («Трэцяя ракета», 1963; «Альпійская балада», 1966; «Доўгія вёрсты вайны», «Дажыць да світання», абодва 1975; «Воўчая зграя», 1976; «Абеліск», 1977; «Яго батальён», 1989), А.​Адамовіч («Вайна пад стрэхамі», 1970; «Сыны ідуць у бой», 1971; «Ідзі і глядзі», 1985, з Э.​Клімавым), І.​Шамякін («Хлеб пахне порахам», 1974; «Вазьму твой боль», 1981; «Эпілог», 1994, з І.​Дабралюбавым), А.​Петрашкевіч («Нядзельная ноч», 1977), М.​Матукоўскі («Сын старшыні», 1976; «Мудрамер», 1988), У.​Караткевіч («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, з В.​Рубінчыкам; «Чорны замак Альшанскі», 1984), А.​Дудараў («Белыя росы», 1984; «Восеньскія сны», 1987) і інш. Часам сцэнарыі ствараліся калектывамі аўтараў, у якія ўваходзілі кінадраматургі, кінарэжысёры, пісьменнікі («Час яе сыноў», 1976, А.​Каштанаў, В.​Тулушаў, В.​Тураў; «Трэцяга не дадзена», 1981, А.​Асіпенка, М.​Балгарын, М.​Пяцігорская). У 1980—90-я г. працуюць кінадраматургі Ф.​Конеў («Асабістая зацікаўленасць», 1986; «Усе кагосьці кахаюць», 1988; «Белае возера», 1992, з І.​Белавусам; «Ятрынская ведзьма», 1991, паводле В.​Адамчыка; «Чорны бусел, 1993), А.​Зайцаў («На чыгунцы», 1988; «Франка», «Мёд асы», абодва 1991) і інш. Здымаліся таксама фільмы па сцэнарыях пісьменнікаў Л.​Касіля, А.​Ліханава, Ю.​Нагібіна, П.​Ніліна, І.​Стаднюка, В.​Токаравай, Ю.​Эдліса, Ю.​Якаўлева і інш., кінадраматургаў Балгарына, Я.​Грыгор’ева, А.​Ініна, В.​Мярэжкі, У.​Трыфанава, П.​Фіна, В.​Чарных і інш.

Літ.:

Вайсфельд И.В. Новая область литературы. М., 1970;

Яго ж. О сущности кинодраматургии. М., 1981;

Белова Л.И. Советская кинодраматургия. М., 1981.

Л.​М.​Зайцава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.​Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.​Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.​Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.​Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.​Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.​Тураў і Дз.​Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел. к-та абароны Міру, чл. Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.

Тв.:

Збор тв. Т. 1—6. Мн., 1969—71;

Збор тв. Т. 1—10. Мн. 1979—85.

Літ.:

Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;

Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;

Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;

Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;

Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;

Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Яго ж. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;

Яго ж. Собр. соч. Т. 4. Мю. 1983;

Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;

Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;

Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;

Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.

Г.​С.​Шупенька.

І.П.Мележ.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пятля́, і́; мн. пе́тлі (з ліч. 2, 3, 4 пятлі́), пе́тляў; ж.

1. Частка вяроўкі, шнура, ніткі і пад., складзеная кальцом і завязаная так, што канцы яе можна зацягнуць. Кат ускочыў на табурэтку сам і накінуў асуджанаму пятлю на шыю. Машара. Я адразу ўспомніў, што ў мяне дзяга на паясніцы. Зрабіў пятлю, зачапіў за крук.. бараку. Пташнікаў. // Аб смерці праз павешанне. — Песня твая прапета, Пятлю ці кулю сам выбірай!.. Танк. І апошняю куляй, што да ўласнага сэрца прымерана, Я фашыста яшчэ аднаго у зямлю заганю, І, стрымаўшы салдацкую клятву на вернасць, Сваё цела аддам і пятлі, і свінцу, і агню. Панчанка.

2. Лінія, крутавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой. [Маша] кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і блудзіла. Шамякін. Вакол лямпы, апісваючы імклівыя петлі, носіцца матыль. Навуменка. За ўрочышчам «Вокны» рака Будзянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю. В. Вольскі. // звычайна мн. Пра сляды звера (пераважна зайца), якія ўтвараюць замкнутыя крывыя. Першых заячых слядоў глухія петлі забялелі. Танк. // Рух лятальнага апарата па замкнутай крывой лініі, у час якога лётчык у пэўны момант аказваецца ўніз галавой. Натоўп замёр: самалёт падаў.. Гэта была пятля, зрабіць якую лёгка можа спрактыкаваны лётчык. Краўчанка. Пасля левага развароту самалёт пайшоў на пятлю. Мільганула зямля, паплыло неба, потым зноў паказалася зямля... Алешка.

3. Кальцо з нітак, якое ўтвараецца пры вязанні. Вольга спрытна запрацавала шпількамі, нанізваючы на іх петлі пражы. Пестрак.

4. Тое, што і сіло. Наш сусед Коберац дык налаўчыўся сіліць зайцаў петлямі. Дайліда.

5. Праразная адтуліна ў адзежы для зашпільвання (гузіка, запінкі і пад.). Праразаць петлі. // Дужка з нітак, шнурка або дроту для зашпільвання гапліка, гузіка і пад.

6. Дзве металічныя планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання дзвярэй, вокнаў і пад. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Тоненька-тоненька віснулі петлі дзвярэй, І хтосьці зайшоў у хату. Паўлаў.

•••

Мёртвая пятля — а) пятля з вузлом, які пасля зацягвання нельга развязаць; б) фігура вышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці.

Лезці ў пятлю гл. лезці.

Усунуць галаву ў пятлю гл. усунуць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГА́ЗАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.

Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.

Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б. СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял. Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1. <TABLE>

Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс. км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс. км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс. км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс. км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).

На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2. <TABLE>

Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд. м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.

С.​М.​Зайцаў.

Табліца 1
Буйнейшыя вытворцы прыроднага газу (1993)
Краіна Здабыча млрд. м³ Краіна Здабыча. млрд. м³
СНД і інш. краіны б. СССР 743,0 Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 29,6
ЗША 508,0 Нарвегія 26,5
Канада 128,0 Мексіка 26,0
Нідэрланды 84,0 Іран 25,0
Вялікабрытанія 61,0 Венесуэла 24,0
Алжыр 56,5 Аўстралія 23,5
Інданезія 56,0 Малайзія 23,0
Саудаўская Аравія 35,0 Румынія 22,0
Табліца 2
Вытворчасць і спажыванне прыроднага гаручага газу ў Беларусі (млрд. м³)
Вытворчасць і спажыванне 1990 1992 1994
1 2 3 4
Здабыча 0,297 0,292 0,294
Імпарт 18,8 18,0 14,3
Экспарт 3,1
Валавое спажыванне, усяго 15,5 18,3 14,7
у т. л.
на вытв-сць электраэнергіі 10,3 13,3 11,3
у якасці сыравіны 1,8 1,8 0,9
у якасці паліва ці энергіі 2,6 2,6 2,3
Страчана 0,2 0,1 0,1
Да арт. Газавая прамысловасць. Газаразмеркавальная станцыя ў Мінскім раёне.

т. 4, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,

дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.

Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд. м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн. т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.

Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс. чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс. ж.; 1991), Сітра, Іса.

Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд. м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр. з-д (магутнасць 14 млн. т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн. т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс. т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм. з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар. трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд. дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бахрэйна.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)