мані́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка. Майхровіч. // Устаўка на грудзях у жаночай сукенцы.

2. Частка мужчынскай кашулі, якая закрывае грудзі. Кашуля з вышытай манішкай. □ З-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАБУ́Р (Захірэддзін Мухамед) (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),

узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.

Бабур. Малюнак 16 ст.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛЯПІ́ХА (Hippophae),

род кустовых і дрэвавых раслін сям. лохавых. Вядомы 3 віды, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі ў канцы 19 ст. інтрадукавана абляпіха крушынападобная (H. rhamnoides), звычайная ў аматарскіх насаджэннях.

Калючыя кусты або разгалінаваныя дрэўцы, часта са скрыўленым ствалом, выш. 0,1—7, зрэдку да 15 м. Кветкі паяўляюцца разам з лісцем, дробныя, аднаполыя. Расліна двухдомная (мужчынская і жан.), таму для плоданашэння патрэбна мець у суседстве разнаполыя асобіны. Плод — несапраўдная касцянка шарападобна-авальнай формы, залаціста-жоўты або аранжавы ў жн.—верасні. Размнажэнне насеннем або вегетатыўнае. У пладах шмат вітамінаў, алей. Дэкар. расліны, як лек. сродак выкарыстоўваюць абляпіхавы алей.

Абляпіха крушынападобная: 1 — парасткі жаночай расліны (а — з суквеццямі, б — з пладамі); 2 — парасткі мужчынскай расліны (а — з суквеццямі, б — прырост бягучага года).

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.

Тв.:

У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг. М., 1982. Т. 1.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пепінье́рка

(фр. pépinière = пітомнік, рассаднік)

дзяўчына, якую пасля заканчэння жаночай сярэдняй навучальнай установы пакідаюць пры ёй для педагагічнай практыкі, што было асабліва пашырана ў царскай Расіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пантало́ны

(іт. pantaloni, ад Pantalone = імя камічнага персанажа італьянскіх народных камедый)

1) частка жаночай бялізны, якая пакрывае ніжнюю частку тулава ад пояса да каленяў;

2) уст. штаны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Трусы́, тру́сікі ‘прыналежнасць мужчынскай або жаночай бялізны’, ‘спартыўныя кароткія штаны, трусы’ (ТСБМ), trusy ‘тс’ (Брасл. сл.), трусэ́ (шчуч., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне праз рус. трусы выводзяць са старога франц. trousses ‘кароткія шаравары’ (ЕСУМ, 5, 658; Арол, 4, 109). Трубачоў у Фасмера (4, 110) выводзіць рускае слова з англ. trousers ‘штаны’, што дало першапачатковае рус. тру́сики, адкуль другаснае трусы (Ніканаў, Этимология–1967, 100).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АТЛЕТЫ́ЗМ,

разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.

Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.​Ф.​Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАПЧЫНА́ (Еўдакія Пятроўна) (4.1.1812, Масква — 15.12.1858),

руская пісьменніца. Графіня. Друкавалася з 1831. Першы зб. — «Вершы» (1841). Яе паэзіі ўласцівы тонкае спалучэнне пачуццяў і разважанняў, шчырае раскрыццё свету жаночай душы. У сатыр. паэме «Дом вар’ятаў у Маскве ў 1858 г.» (апубл. 1885 як «працяг» паэмы А.​Ваейкава «Дом вар’ятаў») крытычная ацэнка тагачаснага грамадскага жыцця. Аўтар драм. паэм, рамана ў вершах «Дзённік дзяўчыны» (1850), камедыі ў вершах «Вяртанне Чацкага ў Маскву, ці Сустрэча знаёмых асоб пасля дваццаціпяцігадовай разлукі» (1856, апубл. 1865), «свецкіх» аповесцей «Чыны і грошы», «Паядынак» (абедзве 1838), аўтабіягр. раманаў «Шчаслівая жанчына» (1852), «Ля прыстані. Раман у лістах» (1857) і інш. Многія вершы Р. пакладзены на музыку.

Тв.:

Стихотворения. Проза. Письма. М., 1986;

Талисман: Избр. лирика;

Нелюдимка: Драма;

Документы, письма, воспоминания. М., 1987;

Счастливая женщина: Лит. соч. М., 1991.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)