ТЫБУ́Л Альбій (Albius Tibullus; каля 50—19 да н.э.),

рымскі паэт. Удзельнічаў у ваен. паходах палкаводца і аратара Месалы Корвіна, уваходзіў у яго літ. гурток. Пісаў элегіі, у якіх пераважала тэма кахання з уласцівымі яму захапленнем, рэўнасцю, расчараваннем. Аўтар 2 кніг элегій: 1-ю (з 10 элегій) прысвяціў Дэліі (Планіі), 2-ю (з 6 элегій) — Немесідзе. Гал. матывы ў іх — ідэалізаванае жыццё з каханай на ўлонні вясковай прыроды, здаволенне малым, асуджэнне багацця, войнаў, жаночай нявернасці. Паэзія Т. адметная шчырасцю перажыванняў, празрыстасцю і чысцінёй мовы, вытанчанасцю стылю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Валерий Катулл. Альбий Тибулл. Секст Проперций. М., 1963.

Літ.:

Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972;

Ярхо В.Н., Полонская К.П. Античная лирика. М., 1967.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 16, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)