від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).
Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус.друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм.акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.
Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.
аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял.б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп.друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),
горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц.Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.
Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац. культуры (у 1648 тут засн.друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЧЫ,
горад, цэнтр Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. За 124 км ад Магілёва. Чыг. станцыя на лініі Орша—Унеча. Аўтадарогамі звязаны з Крычавам, Касцюковічамі, Хоцімскам. 17,1 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 14 ст. ў дакументах, звязаных з родам Асмалоўскіх. З пач. 17 ст. — паселішча ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. У 1626 тут заснаваны кляштар дамініканцаў. З 1720 К. належалі Бялецкім, з 1758 — Галынскім. З 1772 у складзе Рас. імперыі. З 1777 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. У 1781 атрымалі герб (у блакітным полі выява залатой пчалы). У 1850-я г. ў К. 3 гарбарні, 5 пач.навуч. устаноў, бібліятэка, бальніца, аптэка. У 1897—4714 ж., з іх 50,2% праваслаўных, 47,9% іудзеяў, 1,5% католікаў. У пач. 20 ст. 18 вуліц, 6 завулкаў, 2 плошчы, 750 будынкаў (7 мураваных), 3 царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы, 25 рамесных майстэрань, друкарня, 2 фатаграфіі, дзейнічалі жаночая і мужчынская гімназіі (гл. ў арт.Клімавіцкія гімназіі), 4 вучылішчы, бальніца, аптэка, б-ка. З ліп. 1924 цэнтр раёна. У 1929—30 праз К. пракладзена чыгунка. У 1939 у К. 9,6 тыс.ж. З 10.8.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў K. і раёне 1346 чал., дзейнічала Клімавіцкае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1959—11,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. (Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, лікёра-гарэлачны, хлебапрадуктаў), металургічнай, буд. матэрыялаў (Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Клімавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры 19 ст. — Клімавіцкая царква, жылы дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял.кн.ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял.кн.ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-дбуд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.Р.Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл.Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац.АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.
Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл.цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс.чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.
Літ.:
Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н IVВасілевіч Грозны
(Жахлівы; 25.8.1530, Масква — 18.3.1584),
вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял.кн.Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл.Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.М.Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.Ю.Лермантаў, А.К.Талстой, А.М.Талстой), выяўл. мастацтве (І.Я.Рэпін, В.М.Васняцоў, М.М.Антакольскі).
Літ.:
Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;
Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;
Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;
Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;
Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;
Государство Ивана Грозного. Л., 1988.
Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.