рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,
археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст. жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх. славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́МІБ (Namib),
прыакіянічная пустыня на Пд Афрыкі. У асн. у Намібіі, ад г. Намібе (Ангола) на Пн да вусця р. Оліфантс (прыток р. Аранжавая) на Пд. Даўж. 2100 км, шыр. 50—130 км. Ступеньчатая раўніна выш. да 1000—1200 м на У. Паўн. Н. (да мыса Крос) пераважна друзаватая і галечнікавая, цэнтр. Н. (да бухты Людэрыц) — пясчаная, з дзюнамі выпі. да 30—40 м, паўд.ч. — камяністая. Клімат акіянічны, пустынны, з незвычайна нізкімі т-рамі паветра для гэтых шырот. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца 17—19 °C, самага халоднага — 12—13 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год пры вял. вільготнасці паветра. Частыя туманы. Транзітныя рэкі Кунене і Аранжавая, часовыя вадацёкі. У месцах неглыбокага залягання грунтавых вод растуць ксерафіты і сукуленты: акацыі, малачаі, алоэ, вельвічыя. Радовішчы алмазаў (раён бухты Людэрыц), уранавых руд. Нац. паркі Наміб і Бераг Шкілетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ДА,
тэхнічная назва карбанатаў натрыю. Бязводны натрыю карбанат Na2CO3наз. кальцыніраванай С., яе крышталегідрат Na2CO3∙10H2O (дэкагідрат) — крышт. С., гідракарбанат NaHCO3 — пітной, ці харч. С. У прыродзе трапляецца ў выглядзе грунтавых расолаў, рапы ў азёрах і мінералаў — натрону Na2CO3∙10H2O, тэрманатрыту Na2CO3∙H2O, троны Na2CO3∙NaHCO3∙2H2O.
С. кальцыніраваная — бясколерныя крышталі, tпл 858 °C. Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе (растворы маюць моцнашчолачную рэакцыю). Атрымліваюць пераважна награваннем NaHCO3, што ўтвараецца пры карбанізацыі воднага раствору хларыду натрыю, насычанага аміякам. а таксама з прыродных пакладаў, саляных расолаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, мыла і інш. мыйных сродкаў, алюмінію, для атрымання інш. злучэнняў натрыю і пігментаў, ачысткі нафтапрадуктаў, пры варцы цэлюлозы. С. пітная — белы крышт. парашок, які пры 100—150 °C раскладаецца. Атрымліваюць насычэннем воднага раствору Na2CO3 вуглякіслым газам. Выкарыстоўваюць як разрыхляльнік цеста ў хлебапякарнай і кандытарскай прам-сці, у вытв-сці безалкагольных напіткаў, штучнай мінер. вады, як лек. сродак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́СНІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура сярэдняга перыяду бронзавага веку (15—9 ст. да н.э.) у бас. Верхняга Дняпра, Ніжняй Прыпяці і Дзясны; сосніцкі варыянт усходнетшцінецкай культуры. Назва ад г.п. Сосніца ў Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Вылучана ў самаст. культуру ў 1961 І.І.Арцёменкам. Паселішчы С.к. размяшчаліся на поймавых узвышшах, мысах, астанцах і па краях тэрас. Жытлы наземныя ці заглыбленыя ў зямлю, слупавой канструкцыі, часцей з жылым і гасп. памяшканнямі, з печамі, адкрытымі агнішчамі і гасп. ямамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне, адпаведна ў грунтавых і курганных могільніках. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, а таксама бронзаліцейнай вытворчасцю. Сярод посуду пераважаюць гаршкі, міскі, слоікападобныя пасудзіны. Арнамент складаўся з адбіткаў шнура, зубчастага штампа, перавітай вяровачкі, ружанцовага ўзору, перакрэсленых ліній, наляпаных валікаў. Вырабы з бронзы прадстаўлены нажамі, кельтамі, долатамі, наканечнікамі дзідаў, упрыгожаннямі. На Беларусі матэрыялы С.к. выяўлены на помніках Мохаў Лоеўскага р-на і Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУШАМЛІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 4—7 ст.н.э. жылі ў Смаленскім Падняпроўі і Падзвінні, на У Беларусі. Вылучана П.М.Траццяковым, назва ад гарадзішча-сховішча Тушамля на Смаленшчыне. Насельніцтва займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй; паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва мелі дапаможны характар; былі развіты таксама кавальская справа, здабыча і апрацоўка жалеза, каляровых металаў. Жыло ў селішчах і гарадзішчах-сховішчах у жытлах слупавой канструкцыі. У гарадзішчах-сховішчах знаходзіліся свяцілішчы, у цэнтры якіх стаяў высокі слуп з выявай гал. бажаства. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах або без іх, у грунтавых акруглых ямах. Для Т.к. характэрны гліняны таўстасценны і слабапрафіляваны посуд высокіх прапорцый, жал. прылады працы (сярпы, сякеры, трохгранныя наканечнікі стрэл, лістападобныя наканечнікі коп’яў і інш.). Тушамлінскія плямёны былі на стадыі пераходу ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай сельскай. На Беларусі найб. даследаваны гарадзішча-сховішча Нікадзімава, гарадзішча і селішча Княжыцы. Большасць даследчыкаў лічыць, што Т.к. адносіцца да балцкага этнічнага масіву.